Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадпрымальнікі на рынку ў Ждановічах спынілі працу


Юлія Шарова, Менск Каля 70 прадпрымальнікаў з гандлёвага цэнтру “Сьвет моды”, што на менскім рынку Ждановічы, сёньня ня выйшлі на працу. Яны спэцыялізуюцца на гандлі футрам і скураной вопраткай, таму засьцерагаюцца паўтарэньня індыцэнту, што адбыўся на гэтым рынку ў мінулую нядзелю. Тады падаткавыя службы спрабавалі канфіскаваць тавар у адной з прадпрымальніц, бо яна ня мела, нібыта, неабходных дакумэнтаў.

Амаль ўвесь трэці паверх гандлёвага цэнтру “Сьвет моды” сёньня не працуе – паведаміў “Свабодзе” адзін зь лідэраў менскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў. Ён не называе гэта страйкам: прадпрымальнікі так ці іначай вымушаныя спыніць працу, бо ім пакуль пагражае канфіскацыя тавару.

“У большасьці з гэтых прадпрымальнікаў няма накладных дакумэнтаў, якія яны мусяць мець пасьля таго, як іх ад 1 красавіка вывелі з сыстэмы адзінага падатку Ўказам №760. Яны могуць працаваць паводле агульнай сыстэмы падаткаабкладаньня альбо паводле спрошчанай. Ім казалі: падавайце вопіс гэтых рэшткаў тавару – і вам будзе спрошчана сыстэма. А накладныя, як некаторыя падаткавікі казалі, ім непатрэбныя. Яны й працавалі так, пакуль не адбылася праверка ў нядзелю”, – расказвае Макаеў.

Супрацоўнікі падаткавых службаў самі дагэтуль ня ведаюць, што ім рабіць з такімі прадпрымальнікамі. У некаторых раённых інспэкцыях Менску нават пасьля інцыдэнту на Ждановічах і сёньня кажуць, быццам накладныя не патрэбныя, – цьвердзіць Аляксандар Макаеў. Ад гэтай блытаніны церпяць прадпрымальнікі:

“Такая палітыка кантрольных органаў – рабіць апрыёры прадпрымальнікаў парушальнікамі. Яны нават могуць ня ведаць большай часткі гэтых загадаў, што й пацьвердзілася сёньня званком у Міністэрства падаткаў і збораў. Намесьнік міністра Каменка сказаў: чытайце ўсё на стэндзе. Але ў нас сёньня такая заблытаная сыстэма падаткаабкладаньня, што на стэндзе ты можаш прачытаць і зразумець ня так. Тыя самыя падаткавыя органы трактуюць па-рознаму. Тады трэба ладзіць сэмінары для прадпрымальнікаў, зрабіць напамінкі. Гэтага ж ня робіцца. Такі сёньняшні брутальны адказ чыноўніка, канечне, узрушыў шмат каго з прадпрымальнікаў”.

Для вырашэньня юрыдычных праблем з падаткавымі службамі прадпрымальнікам са Ждановічаў патрэбен прыблізна тыдзень. Але інцыдэнт на Ждановічах можа ўзьняць хвалю незадавальненьня дробных бізнэсоўцаў усёй краіны – мяркуе Аляксандар Макаеў.

• Апытаньне: як людзі ставяцца да плянаванага страйку прадпрымальнікаў?, 18.08.2007 • Суд канфіскаваў у прадпрымальніка тавары на 13,7 мільёна рублёў, 15.08.2007
XS
SM
MD
LG