Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якія мэты Італія пазычыць Беларусі 210 мільёнаў эўра?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Урадавая прэс-служба Беларусі паведаміла пра дамову з урадам Італіі на атрыманьне ад гэтай краіны крэдыту – 210 мільёнаў эўра. На што зьбіраецца патраціць Беларусь гэтыя грошы?

Пра тое, што Італія дасьць Беларусі ў крэдыт 210 мільёнаў эўра, афіцыйныя крыніцы Беларусі паведамілі пасьля сустрэчы прэм’ер-міністра краіны Сяргея Сідорскага з амбасадарам Італіі ў Беларусі Гульельмам Ардыцонэ. Гэта сустрэча адбылася 20-га жніўня. А на якія мэты бяруцца грошы, пад якія працэнты і зь якога банку Італіі?

“Памер крэдыту – гэта ўся інфармацыя, якой мы пакуль валодаем”, – адказаў прэсавы сакратар беларускага ўраду Аляксандар Цімашэнка.

Калі зьявіцца дадатковая інфармацыя, спадар Цімашэнка не сказаў. Падрабязнасьцяў пра крэдыт не даюць і ў амбасадзе Італіі ў Беларусі.

Ці ёсьць практыка крэдытаваньня беларускага рэжыму Эўразьвязам, у які ўваходзіць Італія? Вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што гэта ініцыятыва італьянскага ўраду, і заўважае: падобныя ініцыятывы выяўляюць таксама некаторыя іншыя краіны Эўропы:

“Нельга лічыць, што Эўразьвяз мае магчымасьць кантраляваць дзеяньні нацыянальных урадаў. Ён можа нейкія рэчы рэкамэндаваць, але рашэньні прымаюць іншыя. Вядома, што Італія, Францыя, Нямеччына актыўна супрацоўнічалі ў эканоміцы шмат зь якімі рэжымамі, што лічацца ня надта дэмакратычнымі ці нават увогуле недэмакратычнымі, як былы рэжым Садама Хусэйна. Крэдыт 210 мільёнаў эўра – не такі й вялікі для Італіі. Магчыма, на гэтыя грошы ў Італіі ж будуць набываць нейкія тавары, абсталяваньне, патрэбныя Беларусі”.

Італьянскія банкі не ўпершыню крэдытуюць Беларусь. Паводле ўрадавай інфармацыі, краіна яшчэ не разьлічылася за крэдыт на 70 мільёнаў эўра, выдадзены італьянскім банкам “УніКрэдыт”, а таксама за крэдыт на 20 мільёнаў эўра ад “Аграбанку”. У чым рызыка атрыманьня дзяржавай вялікіх крэдытаў? Яраслаў Раманчук кажа пра небясьпеку для эканомікі краіны ў будучыні:
”Нельга лічыць, што Эўразьвяз мае магчымасьць кантраляваць дзеяньні нацыянальных урадаў.”
“Факт атрыманьня шматлікіх крэдытаў не зьяўляецца паказчыкам добрай эканамічнай стратэгіі. Бо гэтыя крэдыты бярэ дзяржава, а не прыватныя камэрцыйныя структуры, якія адказваюць за іх прыватнай уласнасьцю. Можна згадаць прыклад Аргентыны. Яна таксама актыўна брала падобныя крэдыты, а потым сутыкалася з магутнымі фінансавымі крызысамі, зь якіх давялося выходзіць ня год, а дзесяцігодзьдзямі. Гэта ж перажылі Турцыя, Мэксыка”.

Паводле Яраслава Раманчука, калі нават італьянскі крэдыт наўпрост ня пойдзе на аплату расейскага газу і энэрганосьбітаў, ён дапаможа вызваліць для гэтага грошы зь бюджэту:

“Гэта, безумоўна, падтрымае стабільнасьць беларускіх грошай. Але калі мы будзем разьлічваць толькі на такія крэдыты, то ў 2008-2009 гадох рызыка абвалу значна павялічыцца”.

Яраслаў Раманчук – прыхільнік актыўнага рэфармаваньня беларускай эканомікі паводле рынкавай мадэлі. Рашэньне італьянскага ўраду падтрымаць беларускі рэжым спадар Раманчук пракамэнтаваў гэтак:

“Вядомыя традыцыі італьянскіх камуністаў і камэрсантаў супрацоўнічаць з савецкім рэжымам. Таму ня дзіўна, што яны супрацоўнічаюць і з такім, па сутнасьці, камуністычным рэжымам, якім ёсьць рэжым Лукашэнкі. І гэткае адбываецца не ўпершыню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG