Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Н.Бэрнз: Беларусь – у “бандзе чатырох”


Сяргей Шупа, Прага Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Нікалас Бэрнз учора быў госьцем Вашынгтонскага бюро нашага радыё. Спадар Бэрнз адказваў на пытаньні журналістаў “Радыё Свабода/Свабодная Эўропа” пра палітыку Злучаных Штатаў у дачыненьні да Ірану ў сьвятле дыскусій аб іранскай ядзернай праграме.

Нікалас Бэрнз назваў “абсалютна непрымальнай” лёгіку тых, хто апраўдвае адклад санкцыяў супраць Тэгерана тым, што Іран аднавіў перамовы з МАГАТЭ. Ён заклікаў да цьвёрдых і рашучых дыпляматычных крокаў у дачыненьні да “самага радыкальнага і небясьпечнага ўраду на Блізкім Усходзе”.

Намесьнік дзяржсакратара ў сваім выступе згадаў і Беларусь. На пытаньне журналіста “Радыё Свабода”: “Ці разумее іранскі народ, што да яго ўраду ў сьвеце ставяцца зь недаверам?” – Нікалас Бэрнз адказаў:

“Думаю, вельмі важна, каб іранскі народ зразумеў, што супраць Ірану галасуе Паўдзённая Афрыка. І Інданэзія. І Індыя. І Бразылія. У падтрымку Ірану выступаюць толькі чатыры краіны – ”банда чатырох”. Яго падтрымлівае Сырыя, яго падтрымлівае Беларусь, яго падтрымліваюць Вэнэсуэла і Куба. І гэта ўсё. Ніхто больш не падтрымае Іран ні ў МАГАТЭ, ні ў ААН, ні на якім іншым форуме. І гэта надзвычай важна”.

Нягледзячы на жорсткую пазыцыю, Бэрнз зазначыў, што Злучаныя Штаты маюць намер знайсьці дыпляматычнае рашэньне іранскай ядзернай праблемы, аднак ня выключыў і варыянт ужыцьця сілы, калі магчымасьці дыпляматыі будуць вычарпаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG