Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкалаце прыежджых прымушаюць месьці вуліцы


Зьміцер Бартосік, Докшыцкі раён, Віцебшчына Чарговая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”.

Мястэчка Ваўкалата, што схавалася сярод лясоў на самым ускрайку Докшыцкага раёну, радуе вока падарожніка нейкай нязмушанай чысьцінёй і ахайнасьцю. Няма тут ні аграгарадку, ні бэтоннай пліткі, але ўтульнасьць і дагледжанасьць заўважна паўсюль, каля кожнага падворку. Беласьнежны мураваны касьцёл звысоку паглядае на сылікатны прыземлены будынак сельскай улады. Сакратарка Ваўкалацкага сельскага выканкаму Антаніна Бабарыка, сярэдніх гадоў кабета з добрым тварам, сустрэла Вашага пакорнага слугу, як дарагога госьця і адкрыла маленькую таямніцу ваўкалацкай чысьціні.

Ваўкалата, 21.08.2007. Антаніна Бабарыка, стараста вёскі Ваўкалата

Антаніна: “Бачыце, якія чыстыя вуліцы ў нас. Вы павінны былі заўважыць. У нас з даўніх часоў захавалася такая добрая традыцыя. Кожную суботу ў нас людзі мятуць вуліцы. Іх ня трэба прымушаць. Нашым людзям галоўнае – каб чысьціня і парадак былі каля хат. Хоць вымірае наша вёска, суседзі даглядаюць апусьцелыя хаты”.

Карэспандэнт: “Кожную суботу?”

Антаніна: “Мятуць. Канечне, цяпер сталі прыяжджаць людзі адусюль. Вось прыехала да нас маладая сям’я аднекуль з іншага раёну. Бачым: жанчына не мяцець вуліцы. Мы абавязкова зойдзем у хату і скажам: “Ведаеце што? У нас кожную суботу людзі падмятаюць. А ведаеце чаму? Таму, што ў нас людзі з Пастаўскага раёну, зь Мядзельскага раёну ідуць у касьцёл на службу – кожную нядзелю. І каб людзі зь іншых раёнаў ішлі, а вёска была бруднаю? Хуценька мётлы ў рукі – і пайшлі мясьці вуліцу. Каб не было сорамна”.

Другая Антаніна, сельская бібліятэкарка, худзенькая кабетка ў акулярах, патлумачыла мне, адкуль у мястэчка такая загадкавая назва.

Ваўкалата, 21.08.2007. Бібліятэкарка зь вёскі Ваўкалата

Карэспандэнт: “Адкуль такая цудоўная назва? Ледзь не ваўкалакі”.

Антаніна: “Жылі раней у гэтых мясьцінах балцкія плямёны, продкі літоўцаў, латышоў і прусаў. Потым сюды перасяліліся славянскія плямёны. Назва вёскі Ваўкалата паходзіць ад літоўскай назвы balka i latos. У перакладзе з гэтай мовы – “даліна” і “халодная”. Зь цягам часу назва “балкалатос” ператварылася ў Ваўкалату”.

Мне чамусьці заўжды шкада вясковых бібліятэкарак – гэтых, падаецца, мужных кабет, якія за сымбалічныя грошы мусяць несьці ў масы сьветач культуры. Хоць тым масам – як глянуць на некаторыя, ні разу не разгорнутыя тамы – гэта ня надта й патрэбна. Зрэшты, маё спачуваньне выдае таксама на дарэмнае.

Карэспандэнт: “Чытачы ёсьць?”

Антаніна: “Ёсьць чытачы. Толькі кніжак слаба чытаюць. Слабое камплектаваньне. Дык мы возім з Докшыц нават за грошы”.

Карэспандэнт: “Ці не здаецца, што Ваша прафэсія можа хутка памерці – прафэсія бібліятэкаркі?”

Антаніна: “Ня ведаю. Ёсьць жа такія чытачы, якія бяз кніжкі жыць ня могуць. Пакуль такія чытачы ёсьць, дык прафэсія гэта не памрэ. Бывае, у адпачынак пайду, дык ня могуць дачакацца. Хоць кніжкі ўсе старыя. Хто ўжо другі раз чытае, хто – трэці”.

Карэспандэнт: “Калі не сакрэт, колькі вам плаціць Міністэрства культуры?”

Антаніна: “Ой. Трыста тысяч ёсьць”.

Карэспандэнт: “Маеце крыўду?”

Антаніна: “Якія тут крыўды? Папросту хацелася б мець два выходныя, у вёсцы жывучы. Зарплата ў нас большая, чым у калгасе”.

Саракагадовы ваўкалацец Барыс – зь вяскоўцаў, якія моцна стаяць на нагах. Сілы і сродкаў хапае, каб утрымліваць і вялікі дом, і сям’ю з двума дзецьмі, а таксама абслугоўваць немалады “форд”. Барыс працуе ў энэргетыцы.

Карэспандэнт: “Вы працуеце ў энэргетыцы. Параўнальна зь людзьмі, што працуюць у СПК, Вы, напэўна, выглядаеце ня сама горш...”

Барыс: “Чужых грошай не лічыў. Але, з чутак, мы падраўняліся ўжо. Не яны ўзьняліся да нас, а мы ўжо два гады стаім на адным месцы па заробках”.

Карэспандэнт: “А ці ходзяць сярод людзей Вашага веку ў курылках такія размовы: “Можа, лепш, каб Беларусь пайшла ў Эўразьвяз, туды ж, дзе Літва і Польшча?” Не вядуць людзі такіх размоў?”

Барыс: “Не. Пра гэта не талкуем, на такія тэмы. Не паспрабаваўшы, – хто ведае? Паглядзеўшы на Ўкраіну, ня скажаш, што там лепей”.

Глядзець на Ўкраіну беларусаў доўга і мэтанакіравана прывучала афіцыйная прапаганда. Вядома, на Ўкраіну не рэальную, з плюсамі і мінусамі, а на жахлівую карцінку, сканструяваную зь бязладзьдзя, беднасьці і сацыяльнай няроўнасьці. Каб на тле такой “безуладнай і жабрацкай” Украіны Беларусь здавалася “краем небаскробаў і раскошных віл”. У Ваўкалаце гэты міт падтрымлівае эканамічная эмігрантка з Крыму, Алена.

Алена: “Зарплаты не было. Пэнсія – па 6–7 месяцаў затрымка. Дзіцячых пасобій таксама не атрымлівалі. А калі я сюды прыехала, у Беларусь, у 99 годзе... Калі я прыехала сюды, зайшла ў краму і ўбачыла мноства ўсяго – у мяне вочы былі такія! Я была шакаваная. Божа мой, і калготкі дзіцячыя, і кілбасы, і мяса, і масла, і сьмятана – усё ёсьць. Цёпла, прадаўцы стаяць у халаціках. А ў нас у ватніках і ў валёнках. У краме шаром пакаці – нічога няма”.

Алена расказвае пра рэаліі 90-х гадоў з такім імпэтам, быццам гэта ўсё было ўчора.

Алена: “Адукацыя ў нас там платная. Калі ў нас прыяжджае “хуткая дапамога”, – пытаецца, ці ёсьць грошы. Калі Вы скажаце “няма”, – яна прыехала, абязбольнае зрабіла, разьвярнулася і ўехала. Калі грошай няма, цябе ніхто не забярэ. З пальца кроў здаць – гэта трэба купіць шпрыц, трэба купіць пальчаткі, трэба купіць вату”.

Зрэшты, запаветнага раю не знайшла Алена й тут.

Алена: “У мяне на наступны год дзьве выпускніцы. Пачала ўжо галава балець. Мне трэба ім сукенкі пакупляць, мне трэба іх апрануць, здаць на тэставаньне. І на ўсё гэта трэба. А які заробак у калгасе? Пачынае галава балець ужо цяпер”.

Аленіна дачка Тацяна, 17-цігадовая прыгажуня, марыць насіць міліцэйскія пагоны.

Ваўкалата, 21.08.2007. Тацяна зь вёскі Ваўкалата

Карэспандэнт: “Вы хочаце паступіць...”

Таня: “У Акадэмію МУС РБ. Мне зь дзяцінства падабаецца форма. У мяне бацька алькаголік. Надакучыла такое жыцьцё. Я разумею іншых людзей, разумею дзяцей. Хочацца дапамагчы”.

Карэспандэнт: “Вы хочаце працаваць зь дзецьмі?”

Таня: “Так. У дзіцячым пакоі міліцыі. Ня ведаю, ці збудзецца мая мара”.

Карэспандэнт: “А Вы, часам, ня бачыце кадраў, як міліцыя разганяе дэманстрантаў?”

Таня: “Гляджу я ўсё”.

Карэспандэнт: “І Вам ня сорамна за міліцыю?”

Таня: “Бывае, дарэчы, бывае. Я іх там разагнала б – хто там служыць”.

Скончыў я сваё падарожжа таксама ўкраінскім сюжэтам. Побач з Ваўкалатай месьціцца невялічкая вёска Янукі. Радавое котлішча ўкраінскага прэм’ер-міністра, куды спадар Януковіч наведваўся на магілы продкаў. Адна зь нешматлікіх жыхарак Янукоў, жвавая, вясёлая кабета, прыгадвае візыт украінскага прэм’ера, як прылёт НЛА.

Янукі, 21.08.2007. Кабета зь вёскі Янукі

Кабета: “Так. Зь верталёту як апусьціліся – адразу паехалі на могілкі. Пасьля да мяне заходзілі. Пасьля ў рэстаранчык – палатачка такая зроблена”.

Карэспандэнт: “Пікнік у іх там быў”.

Кабета: “І Сідорскі быў. Кампанія харошая. Такіх людзей можна сустракаць”.

Карэспандэнт: “А ў хаты не заходзілі? Не пыталіся, як народ жыве?”

Кабета: “У мяне былі”.

Карэспандэнт: “Сідорскаму ня сорамна было ў вочы глядзець за такія заробкі?”

Кабета: “Па-мойму, не. Палі падрыхтавалі нашы начальнікі”.

Карэспандэнт: “А які-небудзь толк ад ягонага прыезду быў ці не?”

Кабета: “Вялікі быў толк. Па дрэве, па верху мы й хадзілі б. А як сабраўся ён да нас, дык тут жа гэта дрэва ўбралі. Ляжала дрэва пасярод дарогі – аб’яжджалі машыны, трактары. Нам і гэтага хопіць, што хоць дрэва ўбралі з дарогі”.
XS
SM
MD
LG