Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Калі на Ўкраіне ўвядуць дзьвюхмоўе, то ў іх будзе адна мова, як цяпер у нас”


Міхал Карневіч, Горадня Учора прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка на прэсавай канфэрэнцыі выказаўся супраць наданьня расейскай мове статусу другой дзяржаўнай у краіне, як прапануе Партыя рэгіёнаў. У якасьці прыкладу ён прывёў лёс ірляндзкай і беларускай моў, якія апынуліся ў заняпадзе. А як вы ставіцеся да такой пазыцыі ўкраінскага прэзыдэнта? Наш карэспандэнт задаваў гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Горадні.

Дзяўчына: “Мне здаецца, патрэбна родная мова. Каб яна была. І Юшчанка мае рацыю”.

Спадар: “Там павінна быць дзьве дзяржаўныя мовы. Там жыве шмат прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў, асабліва на ўсходзе Украіны. І няма сэнсу перакладаць ўсё на адну мову”.

Хлопец: “Гэта ўжо іхная справа. А з нашага досьведу відно, што яны робяць памылку”.

Ягоная дзяўчына: “Мы ж тут мала што ведаем. Але, думаю, што Саша мае рацыю”.

Спадарыня: “Рэдка ў нас ужываецца беларуская мова. А, магчыма, што нават і зьнікне назаўсёды”.

Карэспандэнт: “Дык Юшчанка ўсё ж мае рацыю?”

Спадарыня: “Можа й так...”

Дзяўчына: “А чаму не? Людзі маюць права размаўляць на розных мовах. Нам усё роўна беларуская мова больш родная, чым расейская”.

Дзяўчына: “Па-мойму, яны й так размаўляюць амаль усе на ўкраінскай мове. Я ня бачу сэнсу нешта зьмяняць”.

Спадар: “Юшчанка ня мае рацыі. Там жыве шмат украінцаў, беларусаў, рускіх. Дык чаму павінна быць толькі адна дзяржаўная мова?..”

Дзяўчына: “Юшчанка мае рацыю. Бо ня трэба так рабіць, каб родная мова зусім зьнікала. Трэба на ёй вучыць у школе, ува ўнівэрсытэце... Ён мае рацыю”.

Спадар: “Калі ўвядуць дзьвюхмоўе, то ў іх будзе адна мова, як цяпер у нас”.

Ягоная жонка: “Мне здаецца, было б лепей, каб у нас была адна беларуская мова. У кожнага народу й у кожнай краіны павінна быць свая родная мова. Хаця б дзеля таго, каб розьніцца ад іншых”.

Дзяўчына: “Яны ж і так усе размаўляюць на роднай мове – ня тое што мы. Але калі хочуць... Хай народ выбірае...”

Хлопец: “Яно, вядома, можа быць, але паглядзіце: у нас пануе расейская мова. Мне шкада, што зьнікае беларуская мова. Я не хачу зьвяртацца да ўкраінскай праблемы, аднак наш досьвед паказвае: амаль усе размаўляюць па-расейску”.

• В.Юшчанка: “Куды падзелася беларуская мова?”, 20.08.2007
XS
SM
MD
LG