Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Колькі можна зьдзекавацца зь лепшых прадстаўнікоў нашай моладзі?”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 21 жніўня, аўторак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Слухач: “Чаму гэтак няроўна дзеліць Бог? Побач жыве палкоўнік, які выконваў свой службовы абавязак палітработніка і ў 45 гадоў атрымаў пэнсію ў памеры мільён дзьвесьце тысяч рублёў. А яшчэ побач жыве жанчына, якая адпрацавала рабочай 35 гадоў, і яе пэнсія складае каля двухсот тысяч рублёў. Я гаварыў зь ёй, маўляў, чаму ты ня пойдзеш на Пляц Кастуся Каліноўскага, як цяпер у народзе называюць Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб агучыць тое, з чым ты ня згодна? Аднак, кажа: не паеду ў Менск, бо за несанкцыянаваны мітынг могуць арыштаваць і пасадзяць за краты. Лепей стану на бойкім масцы, каля крамы ды з-пад палы прадам бутэльку ці пачак цыгарак, -- кажа кабета. Праўда, трэба круціць галавой ва ўсе бакі, каб не падкраўся міліцыянт і не ўлупіў штраф. Вось так і жывем”.

Спадар: “Тое, што робіць Белтэлерадыё з інфармацыйнымі перадачамі расейскіх тэлеканалаў, інакш, як дур-домам не назавеш. Дзе ж гэта бачана, каб радных “брацьеў”, рускіх, как гаварыт адзін таварыш, цэнзуравалі ды падавалі ў запісе? Але ня гэта галоўнае. Мне цікава, ці вымагае такая дурная праца больш матэрыяльных ды людзкіх рэсурсаў? Не дарма ж тэлевізійнікам падвысілі прэміяльныя”.

Слухач: “Некалі бальшавікі, а потым і камуністы, гаварылі пра тое, што Бога няма, але тады яны памыліліся. Сёньня ён зьявіўся на Беларусі ў асобе Аляксандра Рыгоравіча. Вось і старшыня Цэнтрвыбаркаму кажа, што нашага прэзыдэнта выбралі ўсе беларусы. Калі ён бог, то чаму цягне з разьлікамі за энэрганосьбіты, вядзе нейкія гульні? Беларусы – працавіты народ, і яны хочуць разьлічвацца ў тэрмін”.

Спадар: “ У сьнежні 1994-га замест даклада дэпутата Антончыка газэты выйшлі зь белымі плямамі, і ніякага гвалту ды шуму не было. Так маладая сыстэма ўлады пачынала “змагацца” з карупцыяй. А вось, калі ўзьняліся кошты на хлеб, тады і таварыш Сачэй прыехаў і гвалт узьняў: хто разрашыў, хто пазволіў? Ну, дык за плямы адзін небарака, камсамолец Фядута, які не засвоіў яшчэ тады намэнклятурна-бюракратычныя гульні, пайшоў са сваёй пасады. А пытаньне такое: хто з галоўных рэдактараў тых заплямленых выданьняў зараз, з цягам часу, можа сказаць – маё сумленьне чыстае, я падаў ці падаваў заяву аб адстаўцы?”

Мікалай: “Колькі можна зьдзекавацца зь лепшых прадстаўнікоў нашай моладзі? Адны сядзяць у турме, як Зьміцер Дашкевіч, другія адбываюць так званую “хімію”, трэціх, вернікаў-маладафронтаўцаў, абвінавачваюць у брыдкаслоўі і арыштоўваюць. Б’юць так, што маладзёны патрапляюць у шпіталь з чэрапна-мазгавымі траўмамі. А Паўла Севярынца арыштавалі за прэзэнтацыю сваёй кнігі. Гэта ж злачынства супраць свайго народу з боку улады. Ганьба!”

Спадар: “Пакуль Лукашэнка будзе пры ўладзе, у Беларусі беларускай мовы ня будзе. А расейцы ня любяць беларускую мову, яны ня ведаюць яе. А тут нейкі пазваніў і кажа: не падабаецца яму, каб Беларусь гаварыла толькі па-беларуску. А што ж тады будзе за Беларусь, калі будзе гаварыць на чужой мове?”

Слухач: “Вось паслухаў Вольгу Іпатаву. Яна хоча пісаць пра Вітаўта. Пра ролю Вітаўта ў гісторыі Літвы і Беларусі ўжо даўно ўсё дасьледавана. Адкуль жа яна возьме зьвесткі пра Вітаўта? Хіба з пальца высмакча”.

Аляксандр Яцкевіч, Віцебск: “Малайчына Юшчанка. Абараніў мову – значыць абараніў дзяржаву. Сёньня мацней за роднае слова зброі яшчэ не прыдумалі. Растлумачце гэта нашаму палітыку”.

Спадарыня: “Калі чалавека за тое, што ён сабраў сяброў, каб пачытаць сваю кнігу “Лісты зь лесу”, саджаюць -- такі рэжым можна толькі ненавідзець”.

Шукаль Ларыса Уладзімераўна: “Зараз мы з жахам назіраем страшную карціну зьяўленьня цэлай арміі жабракоў, абяздоленых людзей, каторыя апынуліся за бортам грамадзтва. Іх пастаянна папаўняюць тыя, хто застаўся бяз працы, а потым і бяз жытла, так званыя бамжы. Гэта – людзі, прыніжаныя і абражаныя сучаснай Беларусьсю. Немагчыма спакойна глядзець на тое, што ў краіне будуюцца палацы, шыкоўныя катэджы, езьдзяць дарагія іншамаркі, а пра гэтых людзей ніхто не клапоціцца. Дзяржаўная палітыка накіраваная на дапамогу багатым, то бок, рабаўнікам і забойцам. Бедных, старых, адзінокіх і хворых людзей чакае доля зьнішчэньня, бо ворагі народу стараюцца папоўніць свае кішэні за кошт гэтых абяздоленых. Пры гэтым яны выкарыстоўваюць алькаголь, наркотыкі, псыхушкі, кілераў ды іншае. Нават у адсталай царскай Расеі для бамжоў існавалі “начлежкі” і месцы для людзей, якія апынуліся бяз сродкаў да існаваньня і дакумэнтаў. Можна згадаць п’есу Горкага “На дне”. Зараз жа такія людзі вымушаныя знаходзіць прытулак на гарышчах, падвалах. Паміраюць з голаду ад хваробаў, замярзаюць зімою на марозе. Ці не самы час грамадзтву запатрабаваць у дзяржаўных чыноўнікаў зьвярнуць увагу на гэтую праблему і перапыніць генацыд народу? У краіне павінны быць арганізаваныя месцы для людзей, якія апынуліся ў крызысным становішчы. Там павінны працаваць мэдыкі, псыхолягі, юрысты. А фінансавыя сродкі павінны быць накіраваныя не на будоўлю палацаў, а на сацыяльныя жытло, шпіталі, на стварэньне новых працоўных месцаў. А таксама на пэнсію, заробкі і сацыяльную дапамогу”.

Спадар: “Вы просіце крытыкі – я вам яе дам. У вас на радыёстанцыі брэжнеўскі застой. Вы ўжо паўгода гаворыце адно і тое ж -- пра шклянку самагонкі, пра бабульку, каторую не задавальняе прэзыдэнт, я мяркую была б яна маладзейшая, ён бы яе задаволіў. Няўжо ў вас няма іншых выступаў? З навінамі вы заўжды спазьняецеся, як учарашняя газэта, калі ўсё радыёстанцыі ўжо ўсё расказалі. Усе навіны у вас за 5 сэкунд. Падрабязнасьцяў няма. А таго, хто вас хваліць, вы па дзесяць разоў пускаеце ў эфір. Трэба быць аб’ектыўнымі, і людзі да вас пацягнуцца. Жыве Беларусь!”

Спадар: “Слухаў званок аднаго таварыша, каторы быў незадаволены тым, што рускамоўныя інтэрвію вы перакладаеце на беларускую мову. Ня ведаю, што ён у гэтым знайшоў благога. Я лічу сябе рускамоўным беларусам, нармальна разумею беларускую мову, і бяз розьніцы на якой мове прагучала тое ці іншае інтэрвію. Галоўнае, што Радыё Свабода гаворыць праўду. Малайцы. Так і працуйце. У сьвеце ёсьць нямала краінаў, дзе афіцыйных моваў ня дзьве, як у нас, а некалькі. І калі б гэты таварыш быў незадаволены там, яго, найхутчэй, палічылі б за ідыёта і прапанавалі б яму адпачыць трошкі і падлекавацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG