Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Тавар могуць канфіскаваць за любыя парушэньні”


Віталь Цыганкоў, Прага 19 жніўня ў гандлёвым цэнтры Ждановічы адбыўся стыхійны мітынг дробных гандляроў, выкліканы дзеяньнямі супрацоўнікаў падатковых інспэкцыяў. Наколькі справядлівыя і абгрунтаваныя патрабаваньні прадпрымальнікаў, ці здольныя прадстаўнікі дробнага бізнэсу аб’яднацца ў сваіх дзеяньнях? Ці можа ўлада пайсьці на кампраміс з прадпрымальнікамі? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом “Экспэртызы Свабоды” індывідуальны прадпрымальнік, юрыст Сяргей Балыкін і эканамічны аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Кастусь Скуратовіч.

“Наша ўлада можа абурыць каго заўгодна”

Цыганкоў: “Прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху заклікаюць пачаць з 1-га верасьня страйк прадпрымальнікаў супраць канфіскацыяў з боку кантрольных органаў. Наколькі, на вашу думку, абгрунтаваныя іхнія патрабаваньні? Ці ёсьць падставы для абурэньня і страйку?”

Балыкін: “Наша ўлада можа абурыць каго заўгодна. Ці ты індывідуальны прадпрымальнік, ці юрыдычная асоба – працаваць у нашай краіне вельмі цяжка, бо кантрольныя органы маюць вельмі вялікія паўнамоцтвы. Яны могуць напрыклад, пазасудова канфіскоўваць тавар, грошы”.

Цыганкоў: “За што?”

Балыкін: “За любыя парушэньні. Я не перабольшваю – гэта можа быць ня так пастаўленая коска ў накладной. За такую памылку могуць даць штраф 10 працэнтаў ад сумы, на якую выпісаная накладная. Даць такі штраф можа ня толькі суд, але і кантрольны орган.

Таму прыватным прадпрымальнікам ёсьць за што абурацца. Асабліва ўскладніў іхнюю дзейнасьць сумнавядомы прэзыдэнцкі ўказ №760, які забараняе ім наймаць наёмных працаўнікоў, акрамя сваіх сваякоў. Таксама гэты ўказ вывеў зь дзеяньня адзінага падатку шмат якія гандлёвыя пазыцыі.

Напрыклад, тыя самыя футры, якія паслужылі падставай для ўчорашняга мітынгу ў Ждановічах. Гандляры з 1 красавіка павінны мець паперы на свой тавар (тое ж футра), але такія паперы ў замежжы не даюць, бо там іх увогуле не даюць. Вось так гандляры становяцца парушальнікамі заканадаўства, і ў іх канфіскоўваюць тавар”.

Цыганкоў: За апошнія гады мы прызвычаіліся да словаў “прадпрымальніцкі страйк”, яны часта пратэстуюць, нешта патрабуюць, але часта гэта заканчваецца пэўным прымірэньнем. Улада ідзе на саступкі альбо кампрамісы, і абурэньне прадпрымальнікаў сьціхае. Як зараз могуць разгортвацца падзеі?”

Скуратовіч: “У нас улада хоча накінуць сетку розных правілаў і рэглямэнтаў на кожнага чалавека, які хоча нешта прадаць, памяняць альбо купіць. Я сапраўды сам бачыў, як гандляры на тых самых Ждановічах парушаюць нейкі прадпісаньні – яны выглядаюць тых інспэктараў, якія ходзяць між радоў па сваіх марштрутаў, і падаюць адзін аднаму сыгналы.

Калі ж абстрагавацца ад гэтага, і разгледзець шырэй, як сацыяльную зьяву, то, безумоўна, прадпрымальніцтву ў нашай краіне быць. Бо – не магу сказаць, што яны набралі нейкую надзвычайную сілу, але 40 працэнтаў розьнічнага таваразвароту праходзіць празь іх. І гэтага нельга проста так ліквідаваць.

І гэта адзіная сацыяльная група, якая мае сьмеласьць адстойваць свае правы ў розных формах – празь юрыдычныя формы, заканадаўчую ініцыятыву, і праз пратэст”.

“Далей эканамічных патрабаваньняў прадпрымальнікі не ідуць”

Цыганкоў: “Магчыма, палітыкі часам маюць троху завышаныя чаканьні да прадпрымальнікаў што да іхняй палітычнай актыўнасьці. Прадпрымальнікі, нават дробныя, ставяць пераважна эканамічныя патрабаваньні, і калі яны выконваюцца – ім гэтага дастаткова. Ці ня так?”

Балыкін: “А што вы яшчэ ад іх хочаце? Прадпрымальнікі імкнуцца атрымаць нейкі прыбытак, і калі ён ёсьць, іхнія патрабаваньне задаволеныя, далей яны не ідуць. Існуе таксама нейкі міт, што ёсьць нейкая зьяднаная прадпрымальніцкая супольнасьць. Не. У Беларусі 200 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. І гэта 200 тысяч суб’ектаў гаспадараньня, якія маюць уласныя інтарэсы.

Вось калі парушаюцца інтарэсы дастаткова вялікай колькасьці людзей, тады яны спрабуюць неяк аб’яднацца і адстойваць свае інтарэсы. Але прадпрымальніцкага руху як нечага адзінага не існуе, і не існуе адзінай арганізацыі, якая б магла ўсіх “падняць”.

Цыганкоў: “Ці рэальна, што прадпрымальнікі як нейкая адзіная група могуць усьвядоміць неабходнасьць аб’ядноўвацца, каб адстойваць свае правы? Ці гэта ілюзія, і такога ніколі не адбудзецца?”

Скуратовіч: “Пакуль не адбудуцца нейкія зрухі ў грамадзтве ў цэлым, гэтая сацыяльная група будзе імкнуцца выжываць, заяўляць пра сабе. Бо падставы ў іх відавочныя – калі прыходзяць і забіраюць маёмасьць, ты ж ня будзеш маўчаць.

Вось выступае галоўны санітарны ўрач Менску і кажа, што шапікі ня ёсьць цывілізаванай формай гандлю, і таму, маўляў, мы будзем разьбірацца. Але гэта не ягоная справа, ён перавышае свае паўнамоцтвы. І калі разабрацца, то гэта проста лабіяваньне інтарэсаў вялікіх гандлёвых цэнтраў, у якіх значна менш кліентаў, чым у тым самых Ждановічах. Вулічны гандаль існуе ва ўсіх заходніх краінах, гэта вырашае шмат сацыяльных праблемаў”.

Цыганкоў: “Якіх вынікаў можна чакаць ад страйку, прызначанага на 1 верасьня?”

Балыкін: “Па-першае, паглядзім, наколькі маштабны будзе страйк. Я вельмі сумняюся, што ён будзе дастаткова масавы, бо я размаўляў з многімі прадпрымальнікамі, асабліва ў рэгіёнах. Можа, выйдуць у Барысаве, бо там ёсьць актыўная арганізацыя, можа, яшчэ дзе. Магчыма, што ў тых самых Ждановічах выйдзе працэнтаў 20, а астатнія 80 застануцца працаваць. У такім выпадку, гэтая акцыя нічога ня дасьць.

Але калі страйк будзе даволі масавым, то дзяржава, відаць, пэўны час ня будзе гэтак жорстка кантраляваць дзейнасьць прадпрымальнікаў. Нідзе, у ніводнай краіне не спрабавалі зьнішчаць дробны гандаль адміністрацыйнымі працэдурамі”.

У Ждановічах адбыўся стыхійны мітынг прадпрымальнікаў, 19.08.2007 Суд канфіскаваў у прадпрымальніка тавары на 13,7 мільёна рублёў, 15.08.2007 Прадпрымальнікі рыхтуюцца да акцыяў пратэсту, 14.08.2007
XS
SM
MD
LG