Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 20 жніўня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Увагу ўдзельнікаў форумаў парталу TUT.by прыцягнула навіна пра стыхійны мітынг прадпрымальнікаў на менскім рынку Ждановічы. Мітынг адбыўся ўчора, калі падатковая органы спрабавалі канфіскаваць партыю тавару ў адной з крамаў “Сьвет моды”. Тавар “адваявалі”. Рэакцыі ўдзельнікаў форумаў:

“Стрыжка “бараноў” працягваецца. Такім чынам, падаткавікі забіваюць двух зайцаў – папаўняюць скарб, які спустошваецца, і прымушаюць насельніцтва “купляць беларускае”. Калі ж спружына незадавальненьня пачне распраўляцца?”

“А мне такая сытуацыя падабаецца. Падабаецца тым, што ў нашым балотным “абынебыловайны” грамадзтве знайшлася некаторая сіла (няхай нават малая сіла), якая здолела даць нейкі арганізаваны адпор. Прычым той адпор, да якога ўлады хочуць ці ня хочуць, але мусяць прыслухоўвацца. Адна рэч – крыкі “за свабоду”, а іншая – пустыя рынкі й страйкі, якія бачаць усе”.

“І да чаго прывялі страйкі на Камароўцы, а потым, крыху пазьней, – на “Дынама”? Альбо на мэтрапалітэне? Калі мне ня здраджвае памяць, дык да таго, што давялося пагадзіцца з уладамі, а не наадварот”.

Блогер Mirritil, даведаўшыся, што беларуская дзяржава можа стварыць адзін закупачны цэнтар, у якім індывідуальныя прадпрымальнікі маглі б браць сабе тавар гуртам, прыгадвае эканамічны матэрыял расейскага аналітыка Дзьмітрыя Арэшкіна – пра мутацыю савецкай эканомікі ў 1920-я гады.

Mirritil бачыць тут паралелі з сытуацыяй у сучаснай Беларусі. Вось цытата з артыкула: “Зьнішчаючы “правых ухілістаў”, якія меркавалі, што дзяржава павінна “зманэўраваць коштамі” і прапанаваць гандлярам хлебам нармальную рынкавую плату, Сталін быў разьюшаны: “Няцяжка зразумець, што такое “манэўраваньне” цэнамі ня можа не прывесьці да поўнай ліквідацыі савецкай палітыкі коштаў, да ліквідацыі рэгулюючай ролі дзяржавы на рынку й да поўнага разьвязваньня дробнабуржуазнай стыхіі... Зразумела, што партыя ня можа стаць на гэты стратны шлях”. Для каго стратны шлях? Для дыктатуры пралетарыяту і для яе “рэгулюючай ролі”. Таму Правадыр упэўнена збочвае на іншы шлях. Стратны для эканомікі й сялянства. Улада даражэйшая за эканоміку. Другі раз за дзесяць з хвосьцікам год у Расеі сьвядома й мэтанакіравана ўсталёўваецца загадзя менш канкурэнтаздольная вэрсія гаспадаркі з драўлянай валютай, галадаморам і карткавым забесьпячэньнем. Але з дыктатурай і вялікім Правадыром”.

Ant1killer зьмясьціў на сайце блогаў Позірк фотарэпартаж з могілак вежавых кранаў. “Насамрэч, фатаздымкі не перадаюць атмасфэру могілак, – піша аўтар рэпартажу. – Гэта трэба бачыць жыўцом. Калі каго зацікавіла, сядаеце на аўтобус нумар 9 і едзеце ў напрамку Шабаноў да прыпынку КПД-3. Там вы ўжо ўбачыце, куды трэба ісьці».

У ЖЖ-суполцы minsk_by працягваюць вывучаць сталічную альтэрнатыўную тапаніміку. “Людцы, падкажыце, у якіх менскіх дамоў ёсьць сваё імя й чаму? Напрыклад, “кукурузы” на Харужай, “дом мастакоў” і г.д.”

“Кітайская сьцяна” на Маякоўскага. Чаму? Жоўты і доўгі. “Берасьцейская крэпасьць” на Танка. Чаму? Чырвоны, доўгі і зь “вежамі”.

“Кульман, 15 – “даляр” (доўгі й зялёны). Кульман, 13 – “цэнт” (тое ж самае, толькі карацейшы)”.

“Рыскае ўзмор’е” – піўны пятачок перад унівэрсамам “Рыга”.

“Нехта са знаёмых апавядаў, што Інстытут гісторыі й цяперашні корпус фізыка-матэматычнага аддзяленьня (на Акадэмічнай, 25) называюць “асьліныя вушы”.

А сайт Беларуская жаба прэзэнтуе варыяцыю на тэму расейскага мастака Сурыкава – карціну “Штурм сьнежнага аграгарадка". Мужчына, падобны з твару да Аляксандра Лукашэнкі, ляціць на кані ў купіну сьнегу.
XS
SM
MD
LG