Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Берасьце: Паўла Севярынца абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе</B>


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец у другой палове дня быў выкліканы ва Ўправу ўнутраных спраў Маскоўскага раёну Берасьця. Міліцыянты склалі пратакол паводле артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу аб удзеле у несанкцыянаваным сходзе.

Павал Севярынец адразу пасьля размовы са сьледчым паведаміў Радыё Свабода:

“Складзены пратакол адміністрацыйнага затрыманьня, а мяне цяпер вязуць у суд Маскоўскага раёну Берасьця. Вінавацяць паводле 23 і 34 артыкулаў, частка 3 Крымінальнага кодэксу – “паўторнае парушэньне Закону аб сходах і масавых мерапрыемствах”. І таксама ідуць намёкі на пэўныя крымінальныя абставіны. Бо ўчора падчас гэтага сходу былі знойдзеныя нейкія нелегальныя грошы з партрэтамі прэзыдэнта. Цьвердзяць: гэта падробка і зьнявага асобы. Мае візытоўкі разглядаюцца ў сувязі з камітэтам па стварэньні партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Яны перадаюць нейкія матэрыялы ў пракуратуру. Але мяне не дапытвалі ў гэтай справе”.

Колішні лідэр “Маладога фронту” заявіў Радыё Свабода, што абураны фактам складаньня пратаколу і дзеяньнямі супрацоўнікаў міліцыі падчас затрыманьня моладзі.

Нагадаем: Паўла Севярынца арыштавалі ў Берасьці падчас прэзэнтацыі ягонай кнігі “Лісты зь лесу”. Разам зь ім было затрымана 28 чалавек.

“Вось ужо трэці месяц, як я знаходжуся, так бы мовіць, на волі пасьля “хіміі” ў Малым Сітне. Мяне ўражвае, што рэжым тут робіцца зусім падобным, а часам нават больш жорсткім, чым на той самай сітнаўскай “хіміі”. Сустрэча на прэзэнтацыі і абмеркаваньні кнігі – гэта абсалютна мірны сход, які праходзіў у афіцыйна зарэгістраваным памяшканьні сядзібы абласной філіі партыі БНФ. І навошта міліцыянтам было крычаць: “Тут у вас бандыцкая сходка! Усім рукі за галаву!”, хапаць дзяўчат і хлопцаў, выводзіць іх на тэлевізійную камэру, трымаць па 5–7 гадзін у пастарунку!? У маёй практыцы – гэта ўпершыню”, – зазначыў Севярынец.

У Берасьцейскай абласной управе міліцыі адмаўляюцца прызнаць гэтыя факты ў дзеяньнях сваіх супрацоўнікаў. Маёр Аляксандар Русін заявіў:

“Глупства гэта. У нас у Берасьці не карыстаюцца такімі мэтадамі. Колькі іх там? Трыццаць чалавек сабралася. Іх затрымалі, склалі пратакол. Яны мусяць зьявіцца ў суд і заплаціць за парушэньне паводле артыкулу 23 пунктаў 3 і 4 Адміністрацыйнага кодэксу. Усё”.

У Берасьці сёлета былі арыштаваныя й аштрафаваныя амаль 70 актывістаў апазыцыі. Асноўная колькасьць затрыманьняў – на тэрыторыі Ленінскага раёну. Начальнік тамтэйшай Управы міліцыі падпалкоўнік Карпінчык, ягоны намесьнік Вайтовіч і яшчэ тры афіцэры пераведзеныя на больш высокія пасады. Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін лічыць, што менавіта барацьба з апазыцыяй вызначае цяпер кар’ерны рост мясцовых міліцыянтаў:

“Як падбіраюць кадры? Калі мяне апошні раз затрымлівалі, то сяджу ў міліцэйскай аўтамашыне, а двухгадовае дзіцё цягне за палец: “Тата, хадзем дахаты!”. Той, хто мяне ахоўвае, кажа яму: “Я яго не адпушчу. Бо калі адпушчу, гэта будзе здрадай радзіме”. З такога прынцыпу падбіраюцца там кадры. Разумееце? Яны павязаныя крывёю”.

• Берасьце: падрабязнасьці затрыманьня ўдзельнікаў сустрэчы з П. Севярынцам, 20.08.2007 • Берасьце: затрымана каля 40 прыхільнікаў хрысьціянскіх дэмакратаў, 19.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG