Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа зрабіць для Бацькаўшчыны звычайная дзяўчына? 10 адказаў на адно смс


Радыё Свабода “Добры дзень, дарагая Свабода, дзякуй што Вы ёсьць. Адкажыце, што можа зрабіць для Бацькаўшчыны звычайная дзяўчына.” Гэта – адзін з самых важных і даверлівых зваротаў апошніх дзён, які мы атрымалі праз СМС. Пытаньне нашай маладой слухачкі мы задавалі гасьцям нашага эфіру, онлайн-канфэрэцыяў, цікавіліся думкай астатніх слухачоў. Прапануем вам калектыўны адказ.

“Не какетнічайце, звычайных дзяўчат не бывае. Таму і любы, як Вы кажаце, звычайны ўчынак можа быць колькі заўгодна важным. Важна рабіць гэтыя ўчынкі шчыра. І, дарэчы, меней думайце пра абстрактную Бацькаўшчыну, а болей пра канкрэтных беларусаў і беларусак, што вас атачаюць. Паспрабуйце быць шчасьлівай самі і да таго ж ашчасьлівіць яшчэ некага. Гэта ўжо будзе неслабы ўнёсак,” – так раіць дзяўчыне паэт Андрэй Хадановіч.

Малады актывіст, малады тата і былы палітзьняволены Цімафей Дранчук, які правёў амаль год за кратамі за падрыхтоўку незалежнага назіраньня за выбарамі, лічыць, што шмат залежыць і ад выбару сябра:

“Маладая дзяўчына павінна сустракацца выключна з хлопцам, які таксама думае пра Бацькаўшчыну, чалавекам нацыянальна сьвядомым. У пэрспэктыве яна павінна нарадзіць ужо ў залежнасьці ад агульных поглядаў адно альбо некалькі дзяцей, якія ў пэрспэктыве таксама будуць спрыяць разьвіцьцю дэмакратыі на нашай Бацькаўшчыне. А самае галоўнае – гэтая дзяўчына павінна вельмі добра выглядаць, у яе павінен быць абавязкова бел-чырвона-белы сьцяжок, каб кожны чалавек азіраўся на яе, таму што яна нацыянальна сьвядомая і пры гэтым вельмі добра выглядае”.

Погляд праваабаронцы Алеся Бяляцкага:

“У нашай сытуацыі вялікая патрэба ў тых людзях, якія б мелі актыўную грамадзкую пазыцыю. І тут могуць быць розныя варыянты: яна , напрыклад, можа падтрымаць беларускую культуру, беларускі народ, размаўляючы па-беларуску. Чым больш у нас будзе людзей, якія размаўляюць па-беларуску паўсюль, тым хутчэй, я лічу, у нас адбудуцца нармальныя дэмакратычныя зьмены”.

Правабаронца Людміла Гразнова пра тых, каго не хапае Бацькаўшчыне:

“Мы маем вялікі дэфіцыт кваліфікаваных кадраў. Калі будуць зьмены – а яны не за гарамі – такія людзі будуць на самых важных пасадах”.

Адзін наш сталы слухач адказаў на пытаньне па тэлефоне:

“Дык вось, дзяўчына, не слухай нікога. А вывучыся, стань спэцыялістам , атрымай прафэсію, калі ты хочаш Радзіме памагчы. Стань граматнай, бо каб дастойна жыць, трэба працаваць і атрымаць спэцыяльнасьць. Другое, дарагая мая, раю ўдала выйсьці замуж, нарадзіць дзяцей, выхоўваць іх патрэбнымі Радзіме, як вы кажаце”.

Так выходзіць, што ні мужчына – то парада выйсьці замуж. Не быў выключэньнем і паэт Леанід Дранько-Майсюк:

“Выйсьці замуж, стварыць моцную сям’ю, нарадзіць дзетак. У сям’і, да школы, навучыць дзетак беларускай мове. Гэта значыць, каб першая калыханка ў гэтай сям’і была беларуская, першыя вершы, першыя казкі былі таксама беларускія. Толькі так можна дапамагчы Бацькаўшчыне, бо Адраджэньне пачынаецца зь сям’і. Калі гэтай дзяўчыне патрэбная мая парада, то яна такая: трэба пачынаць зь сям’і”.

Журналістка Сьвятлана Калінкіна на сям’і не засяроджвалася, яе парада больш унівэрсальныя – быць годнай і не баяцца:

“Я думаю, што кожны павінен быць шчыры з самім сабой і кожны на сваім месцы, дзе б ён ні вучыўся, дзе б ён ні працаваў, павінен займаць актыўную грамадзянскую пазыцыю, не цярпець хлусьні, не маўчаць, калі маеш асабістую думку. Галоўнае – годна сябе адчуваць і адчуваць сябе гаспадаром у сваёй краіне. Трэба памятаць, што мы – годныя людзі, і не баяцца. Таму што сіла ня ў зброі, не ў спэцназе, а сіла – у праўдзе”.

Вось рэакцыя музыкі, лідэра гурту “N.R.M.” Лявона Вольскага:

“Дзіўна, што ў такі складаны для Бацькаўшчыны пэрыяд яна ня ведае, як яна можа дапамагчы... Трэба нешта пашукаць: можна пайсьці валянтэрам папрацаваць. Але не ў грамадзкія розныя арганізацыі, а, да прыкладу, у шпіталь, папрацаваць два гады, як людзі, якія выконваюць альтэрнатыўную службу. Можна прыбіраць вуліцы, сабраць брыгаду дворнікаў і папрацаваць бяз грошай. Дапамагчы Бацькаўшчыне можна арганізацыяй канцэртаў маладых рок-калектываў, якія цяпер у цяжкім стане знаходзяцца. Гэта таксама частка беларускай культуры. Вельмі шмат ёсьць заняткаў...”

Эканаміст, бацька пяці дзяцей Міхал Залескі выбраў адну, на яго думку, найкаштоўнейшую якасьць:

“О, усё што хочаш можа зрабіць. Ёсьць кніжка такая старажытная, "Молат ведзьмаў", пра тое ня толькі як з ведзьмамі змагацца, а і пра добрых жанчынаў. І там сказана: усё, што добрае ёсьць ва ўсіх дзяржавах, зрабілі добрыя жанчыны. Бо жанчына – такая істота, якой не патрэбна зло. Яна бяз злых людзей можа пражыць. Чым больш добрых жанчынаў, тым лепшая краіна, тым лепшыя сем''і. Быць добрай!”

І ўрэшце фінальнае слова. На пытаньне слухачкі адказвае першая жанчына на чале Рады БНР, органу, які перахоўвае традыцыі беларускага ўраду ў эміграцыі, маці дзьвюх дачок Івонка Сурвіла: “Перадусім хачу павіншаваць гэтую маладую беларуску, бо сваім пытаньнем яна ўжо паказала, што яна гатовая нешта рабіць. Скажу ёй, што яна ўсё можа. Кожная беларуска можа стаць Прадславай, Цёткай, Эміліяй Плятэр, Ларысай Геніюш. Усе яны былі звычайнымі дзяўчатамі, пакуль ня вырашылі ўзяцца за працу. Але перадусім трэба ўсьвядоміць сабе, што і адна нешта можаш. А ўявіце сабе, якой велізарнай сілай маглі б быць беларускія жанчыны, калі б вырашылі ўзяцца за працу на карысьць Бацькаўшчыны разам. Адзінае, што беларуская жанчына ня мае права рабіць – гэта заставацца пасіўнай. Дык яшчэ раз вітаю маладую беларуску і жадаю ёй зьдзейсьніць усе свае задумы”.
XS
SM
MD
LG