Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыслухаецца афіцыйны Менск да ААН?


Іна Студзінская, Менск Як ужо паведамляла “Свабода”, Камітэт правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў 24 ліпеня прызнаў незаконнай ліквідацыю праваабарончага цэнтру “Вясна” ў 2003 годзе. Рашэньне пра незаконнасьць ліквідацыі ўжо накіравана з Жэнэвы ва ўрад Беларусі. Ці будзе яно выканана беларускім бокам?

Праваабарончы цэнтар “Вясна” быў зьліквідаваны ў 2003 годзе. Пасьля закрыцьця цэнтру Вярхоўным судом увесну 2004 году кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі накіраваў скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН аб незаконнасьці ліквідацыі. Скарга была разгледжаная ў ліпені 2007 году. Беларуская дзяржава прызнаная парушальнікам артыкулу 22 пункту 2 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Тлумачыць супрацоўнік Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь:

“Ад дзяржавы, якая таксама падпісала міжнародны Пакт аб дзяржаўных і палітычных правах, чакаецца выкананьне гэтага Пакту. Камітэт ААН правоў чалавека – адзіны ў сьвеце орган, упаўнаважаны даваць адказ альбо ацэнку, ці было парушэньне ў канкрэтным выпадку. І калі Камітэт правоў чалавека лічыць, што парушэньне было, ён чакае на працягу 90 дзён інфармацыі ад дзяржавы пра выкананьне рашэньня. Натуральна, дзяржава мусіць выправіць гэтае парушэньне”.

Да Міністэрства замежных спраў Беларусі рашэньне Камітэту правоў чалавека пакуль не дайшло – кажа супрацоўнік Упраўленьня гуманітарнага супрацоўніцтва Андрэй Таранда:

“Зазвычай калі да нас паступае інфармацыя, мы яе адразу накіроўваем у кампэтэнтныя органы, якія ўдзельнічалі ў прыняцьці рашэньняў. Усе гэтыя пытаньні вырашаюцца не Міністэрствам замежных спраў, але адпаведнымі судовымі інстанцыямі, Міністэрствам юстыцыі. Кампэтэнтныя органы павінны даваць адказ”.

Што да абавязковасьці выкананьня беларускім бокам рашэньняў ААН, палітоляг Андрэй Фёдараў выказаў такое меркаваньне:

“Больш-менш абавязковымі лічацца рашэньні Рады бясьпекі ААН. І то мы ведаем, што тыя ці іншыя краіны не выконваюць іх. А што тычыцца Пастановы Генэральнай Асамблеі, пэўнага камітэту альбо падразьдзяленьня ААН, – на мой погляд, гэта не зьяўляецца, на жаль, абавязковай справай. Таму наўрад ці беларускія ўлады прыслухаюцца да гэтых рэкамэндацый ці патрабаваньняў. Мне падаецца, будзе, як кажуць, адказ з “адлупам”.
XS
SM
MD
LG