Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіч пра падзеі ў Казахстане: “Гэта ня выбары, калі яны непразрыстыя”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як апазыцыйныя беларускія палітыкі ацэньваюць вынікі парлямэнцкіх выбараў у Казахстане?

Анатоль Лябедзька ня лічыць, што парлямэнцкія выбары ў Казахстане магчыма назваць дэмакратычнымі на той падставе, што ў іх удзельнічалі палітычныя партыі, у тым ліку апазыцыйныя. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі мяркуе, што ў выніку дэмакраты ў Казахстане апынуліся нават у больш складаных умовах, чымсьці іхныя беларускія аднадумцы.

“Такія правіцелі, як Назарбаеў, дзейнічаюць больш далікатна, каб не рабіць сытуацыю чорна-белай. Але таму там і больш складана дэмакратам. Фармальна там ёсьць закон, паводле якога могуць абірацца дэпутаты ад партый. Альбо большыя магчымасьці ў назіральнікаў. Але гэта дае магчымасьць уладам, забясьпечыўшы патрэбныя вынікі, казаць і пра элемэнты дэмакратыі”.

Як вядома, ніводная апазыцыйная партыя ў Казахстане на гэтых выбарах у парлямэнт не прайшла. Ніжнюю палату парлямэнту цалкам будзе кантраляваць праўладная партыя. Ці магчыма, што беларускія ўлады ў будучыні скапіююць такі варыянт? Анатоль Лябедзька не выключае, што гэта можа адбыцца ўжо напярэдадні выбараў 2008 году.

“Калі грамадзкае аб’яднаньне “Белая Русь” пераўтворыцца ў партыю, тады трэба чакаць зьменаў у заканадаўства. А мы пабачым, што ў нас раскручваецца новая партыя. Магчыма, з новым лідэрам – зь Віктарам Лукашэнкам. Краіну пачнуць прывучаць да новых вусоў. Гэта мажліва, бо аўтарытарныя рэжымы абменьваюцца сваім досьведам”.

Адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч таксама лічыць, што выбары ў Казахстане нельга лічыць дэмакратычнымі.

“Для мяне ключавой стала фраза са справаздачы назіральнікаў АБСЭ: падлік галасоў ня быў празрыстым. Але сэнс выбараў якраз у тым, каб даць людзям таемна прагаласаваць, а потым празрыста палічыць галасы. Інакш якія ж гэта выбары? Тая ж праблема і ў Беларусі. Нават больш абвостраная, бо ў нас яшчэ маюцца шматлікія перастрахоўкі ўладаў кшталту датэрміновага галасаваньня”.

Мікалай Статкевіч ня думае, што ў Беларусі ў хуткім часе ўлады пойдуць на рэформу выбарчага закону і дазволяць палітычным партыям наўпрост абіраць дэпутатаў парлямэнту.

Назіральнікі ад афіцыйных структур краінаў СНД ужо заявілі, што выбары ў Казахстане прайшлі без істотных заўваг. Вядомы беларускі праваабаронца Гары Паганяйла, які неаднаразова назіраў за выбарамі ў Беларусі ды іншых краінах СНД, крытычна ставіцца да такіх меркаваньняў. “Калі выбары праходзілі ў нас, яны не заўважалі відочных парушэньняў”, – згадвае праваабаронца. Адносна выбараў у Казахстане Гары Паганяйла адзначыў: “Завялікім ёсьць парог 7% для праходжаньня прадстаўнікоў партыі ў парлямэнт”.

“Там болей за 80% месцаў у парламэнце атрымае праўладная партыя: яна будзе мець канстытуцыйную большасьць і фактычна будзе вырашаць усё сама, ня ўлічваючы меншасьці. Між тым, дэмакратыю мы вызначаем як рэальную магчымасьць меншасьці таксама ажыцьцяўляць свае правы”.

У Цэнтравыбаркаме Беларусі карэспандэнту “Свабоды” сказалі, што ў Казахстан назіраць за выбарамі выяжджаў сябра Цэнтравыбаркаму Алег Сьліжэўскі, аднак ён яшчэ не вярнуўся. Таму пакуль Цэнтравыбаркам Беларусі ад камэнтару выбараў у Казахстане ўстрымаўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG