Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Віцебск: расейскія фашысты пагражаюць Мірону</B>


Радыё Свабода, Віцебск Чацьвёра мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху атрымалі лісты з пагрозамі ад імя прафашыстоўскай незарэгістраванай арганізацыі “Русское Национальное Единство”. Усе чатыры лісты маюць аднолькавы зьмест і пачынаюцца са звароту: “Мірон! Віцебская філія РНЕ зьвяртаецца да цябе з папярэджаньнем”.

Лісты з пагрозамі атрымалі беспартыйныя актывісты Барыс Хамайда і Сяржук Каваленка, а таксама выканаўца абавязкаў старшыні абласной арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Ян Таўпыга і сябра гэтай партыі Ян Дзяржаўцаў.

Барыс Хамайда, як і іншыя атрымальнікі, знайшоў ліст ад РНЕ ў хатняй паштовай скрынцы.

Хамайда: “Тут выява такога РНЕшніка, а на адваротным баку наступны надпіс: “Мірон! Віцебская філія РНЕ зьвяртаецца да цябе з папярэджаньнем. Калі ты яшчэ раз вывесіш у нашым горадзе сваю бел-чырвон-белую анучу, мы цябе пакараем. Наш карны меч спасьцігне цябе ў любы час і ў любым месцы. Ведай пра гэта і сьцеражыся. Слава Расіі”.

Спадар Хамайда не бярэцца патлумачыць, чаму аўтары лістоў уважаюць яго ды іншых актывістаў за легендарнага Мірона. Пагрозы ён лічыць, хіба, псіхалягічным ціскам, але не зьбіраецца скардзіцца ў міліцыю. Гэтаксама мяркуе й Сяржук Каваленка.

Ян Дзяржаўцаў з дапамогай віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка ўжо напісаў заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу супраць тых, хто рассылае лісты з пагрозамі. Да таго ж, ад імя не зарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь грамадзкай арганізацыі.

Цягам гэтага году падобныя лісты ад імя мясцовай філіі РНЕ былі атрыманы старшынёй гарадзкой арганізацыі АГП Аленай Залесскай, рэдактарам газэты “Витебский куръер” Уладзімерам Базанам і кіраўніцай літаратурнага аддзелу тэатру “Лялька” Вікторыяй Дашкевіч. Усім ім пагражаюць фізычнай расправай за апазыцыйныя палітычныя погляды. Пакуль гэтыя пагрозы застаюцца на словах.

Ранейшыя звароты ў міліцыю не прынесьлі плёну: дагэтуль міліцыянты адмаўляліся распачынаць крымінальныя справы – на той падставе, што аўтараў лістоў знайсьці, нібыта, немагчыма.



Віцебск, 20.08.2007. РНЕ пагражае Мірону. Атрыманыя лісты параўноўваюць Ян Дзяржаўцаў (зьлева) і Сяржук Каваленка Атрыманыя лісты параўноўваюць Ян Дзяржаўцаў (зьлева) і Сяржук Каваленка

Віцебск, 20.08.2007. РНЕ пагражае Мірону. Такія лісты атрымалі чацьвёра віцебскіх актывістаў Такія лісты атрымалі чацьвёра віцебскіх актывістаў

Віцебск, 20.08.2007. РНЕ пагражае Мірону. Барыс Хамайда Барыс Хамайда

Віцебск, 20.08.2007. РНЕ пагражае Мірону. Ян Дзяржаўцаў (зьлева) і Леанід Сьвецік падалі заяву ў пракуратуру Ян Дзяржаўцаў (зьлева) і Леанід Сьвецік падалі заяву ў пракуратуру

• РНЕ даслала ліст з пагрозамі старшыні віцебскай арганізацыі АГП, 19.07.2007 • Недзяржаўнай газэце “Віцебскі кур’ер” пагражае РНЕ, 14.08.2007 • РНЕ патрабуе, каб віцебскі тэатар перайшоў на расейскую мову, 29.11.2006
XS
SM
MD
LG