Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Малітва ветру” Рыгора Барадуліна выдадзена ў Японіі


Валянціна Аксак, Менск Намінанта на Нобэлеўскую прэмію народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна цяпер могуць чытаць прыхільнікі прыгожага пісьменства Японіі – там выдадзеная кніга ягоных вершаў “Малітва ветру”.

Навіна пра выданьне кнігі ягоных вершаў па-японску засьпела Рыгора Барадуліна ва Ўшачах – на малой радзіме.

“Мне дужа прыемна, што выйшла ў мяне кніжка паэзіі па-японску. Яна называецца “Малітва ветру” – вельмі такая па-ўсходняму цікавая назва. Я проста дужа рады, што з краіны сонца прыйшло сонца ў мой настрой”, – сказаў Рыгор Барадулін. І дадаў: асабліва яго ўсьцешыў той факт, што пераклады ягоных вершаў на японскую мову зробленыя непасрэдна з арыгіналу.

Пераклаў вершы знакамітага беларускага паэта на японскую мову Касіна Гоў. 35-гадовы выпускнік унівэрсытэту і асьпірантуры з Хакайда вывучыў беларускую мову, калі працаваў у Менску ў амбасадзе Японіі. Тады ж, у 2001–2003 гадах, ён зацікавіўся сучаснай беларускай літаратурай і паспрабаваў сябе ў ролі перакладчыка, перастварыўшы на японскую некалькі навэлаў Алеся Адамовіча і Ўладзімера Караткевіча.

Каардынатарка перакладаў паэзіі Рыгора Барадуліна на замежныя мовы літаратуразнаўца Ала Сакалоўская распавяла нашаму радыё, што Касіна Гоў выбраў для перакладу па-японску вершы зь дзьвюх апошніх кніг беларускага паэта – “Ксты” і “Быць!”

“Кніжка мае 166 старонак. Яна толькі на японскай мове. Прадмову да гэтай кнігі напісаў часовы павераны Беларусі ў Японіі Леанід Бацяноўскі”.

Ала Сакалоўская зазначыла, што грошы на японскае выданьне паэзіі Барадуліна былі сабраныя парафіянамі каталіцкай грамады гэтай краіны, а таксама ўсясьветна вядомым навукоўцам-эколягам прафэсарам унівэрсытэту Нагасакі Сюніці Ямасіта. Калі летась спадар Ямасіта прыяжджаў па справах наступстваў чарнобыльскай трагедыі ў Беларусь, яму ў Чырвоным касьцёле падаравалі кнігу вершаў Барадуліна “Ксты” ў перакладзе на ангельскую мову, а пазьней і кнігу “Быць!” Паэзія беларускага аўтара зрабіла на японца такое моцнае ўражаньне, што ён захацеў, каб гэтыя вершы прачыталі на ягонай радзіме.

“Я думаю, гэта ў сувязі з тым, што ў нас адзін боль: у іх Хірасіма і Нагасакі, а ў нас – Чарнобыль. Ён сказаў, што зробіць усё магчымае, каб гэтая паэзія была перакладзеная на японскую мову”, – апавяла Ала Сакалоўская.

Першая японская прэзэнтацыя кнігі Барадуліна адбылася менавіта ў горадзе, які зазнаў ядзерную катастрофу, – Нагасакі. Наклад выданьня – тысяча асобнікаў. Томік вершаў беларускага намінанта на Нобэлеўскую прэмію ўжо прадаецца ў кнігарнях Японіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG