Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мая Беларусь": "Сьвятло архіўных фатаздымкаў разганяе цемрадзь і страх, мацуе нашы пачуцьці і ўчынкі"


Радыё Свабода З аглядам 13-га фататыдня – вядучы Валер Дранчук. Ад серады да серады: 9 жніўня – 15 жніўня.

УДЗЕЛЬНІКІ:

Вадзім Валярына Юрась Высоцкі (прыз тыдня) Валеры Казюмінскі Міхал Козел (прыз тыдня) Аксана Лунінец Сьвятлана Марчук (прыз тыдня) Яна Паўлюкавец Сяргей Пялеса Улад Рыбак Slava Кася Шумская Ягор Антон Якутовіч

ПЕРАМОЖЦЫ ПАПЯРЭДНІХ 12 ТЫДНЯЎ

1 тыдзень: Кася Штырліц, Алесь Асіпенка, Аляксандар Кушнер 2 тыдзень: Аляксей Ажынскі, Людміла Пракопава, InSomnia 3 тыдзень: Юры Калбасіч, Сяржук Гудзілін, Уладзімер Урбановіч, Людміла Вітушкава 4 тыдзень: Кася Шумская, Slava , Аксана Лунінец 5 тыдзень: Вадзім Цітоў, Дзяніс Федарэнка, Валеры Казюмінскі 6 тыдзень: Дзьмітры Зяньковіч, Алеся Сідлярэвіч, Тацяна Мірановіч 7 тыдзень: Віталь Бразоўскі, Паліна Грынчанка, Вадзім Гайдалёнак 8 тыдзень: Ева Гілевіч, Minka , Сяргей Міхальчук 9 тыдзень: Уладзімер Ткачэнка, Сяргей Пялеса, Валярына (Валерыя Кустава) 10 тыдзень: Ганна Сырэль, Алена Лютко, Zorna 11 тыдзень: Зьміцер Бадзевіч (прыз гераіні сюжэта), Уладзімер Сяргееў, Антон Якутовіч 12 тыдзень: Вадзім, Яраш, Алесь Прышывалка

Да ўвагі пераможцаў і ўдзельнікаў фатаконкурсу "Мая Беларусь"

Хто не даслаў свае паштовыя адрасы, дашліце альбо скантактуйцеся з прыёмнай Менскага бюро “Свабоды” для ўдакладненьня стасункаў; тэлефон 280 35 24. Мусім асобна заўважыць, што ўдзельнікам фатаконкурсу зьяўляецца кожны, чыя праца (працы) выстаўляліся ў нашай галярэі. Дзякуй за клопат.

Сёньняшнія рубрыкі:

АГЛЯД ФАТАСКРЫНІ ЗДЫМАК ТЫДНЯ ЛІСТАВАНЬНЕ

АГЛЯД ФАТАСКРЫНІ

Чым праклінаць змрок і цемру, запаліце Сьвятло гісторыі

Асягаючы фотапрастору, зафіксаваную цягам мінулых дзесяцігодзьдзяў, можа, варта і зьдзівіцца, якую спадчыну мы сёньня маем. Як шмат каштоўнага, дакумэнтальна праўдзівага і аб''ектыўна "сьвядомага" знаходзіш міжволі ў пажоўклых ад часу адбітках.

Што да сямейных альбомаў, дык гэта найпершыя падручнікі ў сям''і і доме, там, дзе шануецца памяць, лад і парадак, свабода і годнасьць. Часам – насуперак тым "падручнікам", што старанна выпісаныя ідэолягамі ад дзяржаўнай машыны з прыпіскай "ад прэзыдэнта". Гэта ўжо выразна засьведчылі нашы першыя рэтра-публікацыі: сьвятло архіўных фатаздымкаў разганяе цемрадзь і страх, мацуе нашы пачуцьці і ўчынкі, любоў да Бацькаўшчыны-айчыны і яе праўдзівай гісторыі.

Магчымасьці лічбавага фота, як тэхнічныя, гэтак і лібэральныя, здольныя падвоіць і патроіць гэтую спадчыну, зрабіць яе разнастайнай, зьмястоўнай, плякатнай. Тут варта прыгадаць Канфуцыя: "Замест таго, каб праклінаць цемрадзь, паспрабуй запаліць маленькую сьвечку". Перафразуючы, скажам так: чым праклінаць цемру і цемрашалаў, запаліце рэтра-сьвятло фатаконкурсу "Мая Беларусь"!

Зьвярнуся да апошняй пошты. Кася Шумская зь "беларускага палескага горада" Мазыра , аўтарка ня менш цікавай гістарычнай публікацыі мінулага тыдня, гэты раз падае старонкі горада пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Дасылаючы таксама ўрыўкі з кнігі "Описание церквей и приходовъ минской епархіи", год выданьня 1879, яна міжволі зазначае: "На жаль, тут ніводнага раз у не сустракаецца ні слова "Беларусь", ні "беларусы". А Вы хацелі! Цытата з кнігі: "Першабытная гэта краіна ў многіх адносінах. Цывілізацыя мала яшчэ закранула Палесьсе: там і жывуць, і працуюць, як жывалі дзяды і прадзеды". Рэтра-публікацыю Касі Шумскай дапаўняюць старыя карткі ад Юрася Высоцкага і Ягора.

(с) Кася Шумская Адбіткі жыцьцяпісу. Мазыр на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. Прыбярэжны краявід

(с) Кася Шумская Адбіткі жыцьцяпісу. Мазыр на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. Вуліца Кіеўская (сёньня Савецкая)

(с) Кася Шумская Адбіткі жыцьцяпісу. Мазыр на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. Вуліца Пакроўская (сёньня Ленінская)

(с) Кася Шумская Адбіткі жыцьцяпісу. Мазыр на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. Аўруцкі тракт (сёньня вуліца Інтэрнацыянальная)

(с) Кася Шумская Адбіткі жыцьцяпісу. Мазыр на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. Цэнтральная плошча. Кірмаш

(с) Кася Шумская Адбіткі жыцьцяпісу. Мазыр на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. Выгляд на Сьвята-Міхайлаўскую царкву

"Зараз тую вёску ня знойдзеш на мапе, ад яе застаўся толькі хутар майго дзеда..."

Са спробай асэнсаваць сваё месца ў гістарычнай фотапрасторы – Юрась Высоцкі. "Фатаздымкі зь сямейных архіваў, маіх і маёй дзяўчыны", – удакладняе крыніцу аўтар ліста. Камэнтары аўтара:

(с) Юрась Высоцкі Сямейны фотаархіў. Вёска Стары Сьвержань, Стаўпецкі р-н, 1963. "Сёньня школа наблізіць нас да сьветлых ідэалаў дзядулі Леніна". Першая зьлева мая маці, ёй тут 8 гадоў, побач школьныя сябры.

(с) Юрась Высоцкі Сямейны фотаархіў. Вёска Стары Сьвержань, Стаўпецкі р-н, 1954. На такім ровары можна й да Вільні даехаць... У тыя часы набыць ровар было, бадай, роўна, што сёньня – дарагі легкавік. Настаўніца маёй маці (на здымку), трэба меркаваць, была заможнай кабетай.

(с) Юрась Высоцкі Сямейны фотаархіў. Стоўпцы, канец 1930-х. Празь некалькі гадоў пачнецца вайна, і дзіцячыя вочы ўбачаць тое, што ніколі бачыць не павінны былі... Дакладна невядома, хто на здымку, падпісаны толькі год – 38 ці 39-ы, не разабраць.

(с) Юрась Высоцкі Сямейны фотаархіў. Стаўпецкі р-н, 1920-я. На 15-годзьдзе шлюбу прыехалі ў Стоўпцы "зьняцца" ў гонар юбілею сваякі маёй дзяўчыны. Пасьля вайны ўсе кантакты і зьвесткі пра сям''ю былі страчаныя.

(с) Юрась Высоцкі Сямейны фотаархіў. Вёска Навінка, Смаргонскі раён, 1960-я. Зараз гэтую вёску ня знойдзеш на мапе, ад яе застаўся толькі хутар майго дзеда. На фатаздымку мой бацька і стары плот таго самага хутара. Хутар і цяпер стаіць на тым жа месцы, як і плот. Бальшавіцкія надзелы зьніклі ў цемры гісторыі, на іх месцы цяпер расьце жыта і лён мясцовага так званага СВК, а прадзедаўская спадчына ЖЫВЕ – я з таткам часьцяком прыязджаю туды, хутар знаходзіцца ў 14-ці кілямэтрах ад райцэнтра, за кілямэтар ад вёскі Глінна.

Дадам, Юрась, што сёньняшняя сыстэма (пераважна мясцовая, намэнклятурна-гаспадарчая) пад выглядам "санітарных" чыстак сям-там спрабуе даастатку зьнішчыць рэшткі хутароў, сядзібаў і ўрочышчаў. Адзін зь яскравых прыкладаў – Стаўпецкі раён, зь якім у Вас крэўныя сувязі.

Апошні здымак рубрыкі – зь нядаўняга архіву 1990-х.

(с) Ягор Беларускія ДАІшыкі, пачатак 1990-х

Здавалася б, шараговы газэтны здымак, а прыгледзецца – сьведка гісторыі!

Усё мае свой век

Сэрыю "памятных" здымкаў даслаў Валеры Казюмінскі. "Паміж тым, што сплыло-адышло, і днём сёньняшнім, нават будучыняй, ёсьць ня толькі боль страты, маркота ці горыч, але й лірычная ўдзячная сувязь, – дзеліцца аўтар сэрыі. – Галоўнае, каб усё мела свой век і жыло паводле адвечных меркаў".

(с) Валеры Казюмінскі "Пабеда" ў дворыку вёскі Скоры Мядзельскага раёна. "Свой век" яна ўжо адбегала

(с) Валеры Казюмінскі Новы мост праз Нёман каля вёскі Шчорсы і парэшткі старога, плыўкага, што прыбіўся ў леташнюю паводку з суседняй вёскі Панямонь ды так і застаўся часткова ў вадзе, часткова на беразе

Раней, удакладняе аўтар здымка, плыўкі мост быў і ў Шчорсах, але на зіму яго дэмантавалі, каб ня зьнесла вясной. У Панямоні заўжды пакідалі – забясьпечвалі пераправу (зімой здабывалі і перавозілі зь лесу дровы).

(с) Валеры Казюмінскі Ссохлы самотны дуб у даліне Нёмана, на якім любіць сядзець арол. Аднойчы ён падпусьціў мяне досыць блізка, аднак зрабіць партрэтны здымак ня даў – таму дуб без арла

(с) Валеры Казюмінскі Стырчак пракаветнага клёна ў ваколіцах Шчорсаў даў некалькі моцных атожылкаў

Гэта побач таго месца, дзе рос дуб Міцкевіча – помнік прыроды, тлумачыць Валеры. Вакол бібліятэкі Храптовіча расло шмат клёнаў і ясянёў. Усе яны зьвекавалі свой час, амаль нічога й не засталося – што ўпала пад націскам ветру, што пакалола маланк ай. У гэты клён таксама ўдарыла маланка, ён раскалоўся і ўпаў, засталіся толькі сьляды апёкаў на стырчаку.

"Што старэе і адыходзіць, заўсёды шкада і хочацца затрымаць; што адышло і ня вернеш, трэба памятаць", – падсумоўвае Валеры Казюмінскі, аўтар сэрыі "Усё мае свой век".

Максім Багдановіч: "Я не самотны..."

Многія беларусы, апынуўшыся зараз на ялцінскіх улонках курортнага Крыма, шукаюць і сьцежку да любай магілы – і лёгка яе знаходзяць. Сьведчыць Тацяна Аляксеева: "Дзядзечка, якога мы спыталі пра месца магілы, падрабязна ўсё патлумачыў. Нават зьдзівіўся, калі мы пацікавіліся, адкуль ён ведае пра Паэта-беларуса, – маўляў, як ня ведаць такога славутага чалавека..."

(с) Тацяна Аляксеева Пад зоркай Венэрай. Шыльда, якая паказвае напрамак да магілы паэта. Ялта, 2007

(с) Тацяна Аляксеева Пад зоркай Венерай. На магіле Максіма Багдановіча (1). Ялта, 2007

(с) Тацяна Аляксеева Пад зоркай Венерай. На магіле Максіма Багдановіча (2). Ялта, 2007

Сьвет вакол нас

Як добра, што ёсьць сады і ў іх растуць чырвоныя грушы! Гэта ня ўзьнёслае маё летуценьне. Кошык з пачастункам ад Яны Паўлюкавец: "Дасылаю на фатаконкурс дыптых з маімі ўлюбёнымі чырвонымі грушамі, якімі частую толькі добрых людзей". Між іншым, другі яе здымак – ці не падказка ўсім нам, што ў кожным беларускім садзе павінны расьці-налівацца ружовым сокам найлепшыя ў сьвеце чырвоныя грушы?

(с) Яна Паўлюкавец Мае ўлюбёныя чырвоныя грушы (у кошыку)

(с) Яна Паўлюкавец Мае ўлюбёныя чырвоныя грушы (на белым рушніку)

"Грыбная тэма" з-пад Кобрыні – чарговая пошта нашага сталага ўдзельніка й пераможцы Сяргея Пялесы. У сваім камэнтары Сяргей робіць акцэнт на лясным светаўлоньні, сьвежым паветры і добрым настроі, а я дадам, што самае лепшае грыбное шчасьце – фатаўражаньні для конкурсу "Мая Беларусь".

(с) Сяргей Пялеса Грыбы (1)

(с) Сяргей Пялеса Грыбы (2)

(с) Сяргей Пялеса Грыбы (3)

(с) Сяргей Пялеса Грыбы (4)

(с) Сяргей Пялеса Грыбы (5)

Грыбы й энэргетыка – асацыятыўнае й зьнешняе. Здымак Антона Якутовіча.

(с) Антон Якутовіч Сылюэты энэргетыкі

"На здымку, – піша Антон, – добра відаць труба ЦЭЦ-5, што разьмешчана недалёка ад Рудзенска. Белыя "крылы" з бакоў – фантаны вады, якую ахалоджваюць у штучным вадаёме".

(с) Антон Якутовіч Бліжэй да берага. На прыпяцкіх плёсах

Тэму нацыянальнага турыстычнага прадукту, якую мы закранулі тыдзень таму, працягвае Міхал Козел з Турава. "Праз найрэдкія ў сьвеце прыпяцкія поймавыя дубровы, – піша Міхал, – пралегла аўтамагістраль даўжынёю 9 кілямэтраў. Гэтую дарогу зь пяшчана-гравійным пакрыцьцём і шырынёю 6,5 мэтра на асабліва ахоўнай тэрыторыі Палесься і ў былой абсалютнай зоне ўлада спрабуе зьвязаць з разьвіцьцём экалягічнага турызму. Каб у гэтым "пераканацца", варта глянуць на здымкі, якія я дасылаю на конкурс. Выбудоўваючы аб''ект, паклалі шмат дрэваў (глядзіце здымкі), ня кажучы пра наступствы, якія істотна парушаць гідралягічны рэжым рэдкай для Эўропы мясьціны".

(с) Міхал Козел Дарога-SOS у Прыпяцкім нацыянальным парку, 2006—2007

(с) Міхал Козел Дарога-SOS у Прыпяцкім нацыянальным парку, 2006—2007

(с) Міхал Козел Дарога-SOS у Прыпяцкім нацыянальным парку, 2006--2007

Водгук на фота Сьвятой (Дзяржынскай) гары (гл. мінулы 12-ы выпуск).

"Дзякуй Богу, – піша Аксана Лунінец, – што мая Лысая Гара каля Заслаўя – не найвышэйшая ў Беларусі, а самая знакамітая. Няхай і надалей яна нікога не цікавіць, апроч пісьменьнікаў, музыкаў ды навукоўцаў. Дасылаю два здымкі з прэзэнтацыі "Беларускай міфалогіі" на Лысай Гары".

(с) Аксана Лунінец Прэзэнтацыя (1). Складальніца Ірына Клімковіч скача праз вогнішча, у якім гарыць рукапіс энцыкляпэдычнага даведніка "Беларуская міталёгія". Побач музыкі – Яраш Малішэўскі і Зьміцер Сідаровіч, пісьменнік – Сяргей Вераціла.

(с) Аксана Лунінец Прэзэнтацыя (2).Фальклярыст Уладзімер Васілевіч і археоляг Эдвард Зайкоўскі пад Дрэвам няшчасных закаханых.

Два здымкі ад Андрэя Вышынскага з Лунінца.

(с) Андрэй Вышынскі Палескі настрой

(с) Андрэй Вышынскі Вянок каханаму

"Сам жыву ў Берасьці, – піша наступны аўтар. – А нядаўна быў у Івацэвічах і зьвярнуў увагу на тое, як многа там спадарожнікавых антэн. Ледзь ня ў кожнай кватэры "талерка"! Адзін з дамоў я і сфатаграфаваў з дапамогай сотавага тэлефона і гэтыя здымкі дасылаю Вам. "Яны абралі сваё тэлебачаньне",—такі мой агульны подпіс пад гэтымі фатаздымкамі. Такім чынам, мяркую, Belsat безумоўна будзе мець сваіх гледачоў на Беларусі!"

(с) Улад Рыбак Belsat (1): яны абралі сваё тэлебачанне, Івацэвічы Берасьцейская вобласьць

(с) Улад Рыбак Belsat (2): яны абралі сваё тэлебачанне, Івацэвічы Берасьцейская вобласьць

Полацак – Мір – Нясьвіж...

Нясьвіскія фатаўражаньні – найпапулярныя ў нашым конкурсе. Няшмат саступаюць Мір і Полацак. З набыткамі – Сяргей Кастрыцкі, Сьвятлана Марчук, Слава ды Вадзім.

(с) Сяргей Кастрыцкі Новыя сылюэты Нясьвіскага замку

(с) Сяргей Кастрыцкі Цьвёрды поступ. (Заўвага вядучага: аўтар, на жаль, не падаў неабходных зьвестак да гэтага здымка, годнага тым часам прызавой адзнакі. Я надаю вартасьці фатаздымку акурат з падставы істотнай дэталі, якую чамусьці "ўтаіў" ад нас аўтар: мы бачым фрагмэнт помніка У.І.Леніну ў адным з куточкаў Нясьвіжу побач з цэнтральнай плошчай. Ані ў назьве, ані ў подпісу Сяргей не агучыў сваёй мастацкай пазыцыі, і я шкадую, што мушу гэта рабіць за яго сам. Разам з тым віншую аўтара зь несумненнай удачай. Зычу працягу!).

(с) Вадзім Сьвятая Сафія і Дзьвіна. Полацак

(с) Вадзім Сьвятая Сафія ў Полацку

(с) Вадзім Сьвятая Сафія ў Полацку. Інтэр''ер

Сьвятлана Марчук дэбютавала ў мінулым выпуску. Сёньняшні ўдзел у конкурсе прынёс ёй посьпех (гл. далей: "Фота тыдня"). У нясьвіскіх сюжэтах, мяркуе Сьвятлана, бракуе якасьці ("бо здымала яшчэ на мыльніцу"), аднак, піша яна, "гэтыя фатакадры знакавыя для мяне тым, што зроблены менавіта ў Нясьвіжы. У сьвядомым узросьце я трапіла сюды ў 2003 годзе, і атмасфэра мясцінаў моцна ўразіла і зачаравала мяне".

(с) Сьвятлана Марчук Трывожны сон. Нясьвіскі палац праз паўгода пасьля пажару ў сьнежні 2002

(с) Сьвятлана Марчук Чароўнае чаканьне (сьвітаньне ў Нясьвіжы). Выгляд на возера Дзікае з паўднёва-ўсходняга боку замка

Наступны здымак аўтарка падпісала такім вершам:

Зямля бацькоў. Нясьвіж. Сьвітаньне... Спакой, прастора, цішыня. Былога з будучым спатканьне, Святла і цемры, ночы й дня.

(с) Сьвятлана Марчук Сьвітаньне ў Нясьвіжы (усход сонца). Выгляд на возера Дзікае з боку замка.

(с) Сьвятлана Марчук Летні дзень у Нясьвіжы. Возера Дзікае

(с) Slava Замак у Міры -- помнік Сусьветнай культурнай спадчыны (1)

(с) Slava Замак у Міры -- помнік Сусьветнай культурнай спадчыны (2)

(с) Slava Замак у Міры -- помнік Сусьветнай культурнай спадчыны (3)

Пра бабулю, неба і сосны

Фотааповед Валерыі Куставай радуе зьместам і жанрам. Адно што: ёсьць неба і сосны, а бабулі на здымках чамусьці няма. Столькі павагі й сымпатыі ў словах, што хочацца яе бачыць, мудрую беларуску, пэдагога і жыцьцялюба. Замаўляем аўтару "Партрэт бабулі" і чытаем дасланае эсэ.

“Неяк падчас майго навучаньня ў Беларускім калегіюме выкладчык Валянцін Акудовіч, прачытаўшы мой артыкул, адзначыў: "Ты расла, на сосны гледзячы…" І ён не памыліўся як мінімум у прамым, так бы мовіць, наўпростым значэньні...

Я гадавалася з братам Алесем — ён і ў пашпарце Алесь! — у бабулі Валі. Мая бабуля — Валянціна Адамаўна Юбко — легендарны чалавек. Выдатна сьпявае народныя песьні (гэта ёй Пімен Панчанка ў свой час прысьвяціў верш "Беларускім настаўніцам"), дапамагала словам і справай многім нашым пісьменнікам і мастакам, якія цяпер ўжо зрабіліся клясыкамі. Бабуля вучыла нас з братам размаўляць зь нябёсамі, са Звышнім, шукаць там, у вышынях, паразуменьня, даверу, шчырасьці й ратаваньня, быць добрымі да людзей, не шкадаваць для іх свайго часу, сілаў і ўвагі, любіць жыцьцё, як бы ні складваўся лёс. А яшчэ бабуля вучыла нас да жывога, высокага болю любіць нашу родную Беларусь…

Бабуля жыве на самым ускрайку Менска ў раёне Сьцяпянкі. Яе дом стаіць практычна пасярод сасновага лесу. Сама бабуля вырасла ў лесьнічоўцы (бацька Адам быў лесьніком, а да маці Ўсьціньні ўвесь люд, нат з суседніх вёсак, завітваў за радаю), таму яна ўмее размаўляць з прыродай і Богам — гэтае невымоўнае ўменьне перадавала і нам, сваім унукам. Бабуля вучыла нас глядзець на неба і атрымліваць ад яго адказы.

І я вырашыла падзяліцца з Вамі празрыста-простым разуменьнем боскай таямніцы радасьці… Шчасьлівы ня той, хто глядзіць на неба, — а той, хто яго разумее.

На фатаздымках можна пабачыць высозныя сосны, якія мкнуцца ў вышыні, як думкі паэта; сосны, што згараюць у прачыстым сконе сонцаў; сосны, што, як душы, люструюцца ў вадзе на нябёсным тле; адчуць мурожную сьвежасьць… Адным словам, паразмаўляць з прыродаю, якая і ёсьць адно з абліччаў Звышняга”.

(с) Валярына На сосны гледзячы...

(с) Валярына "Мы выйдзем шчыльнымі радамі..."

(с) Валярына Руканьне

(с) Валярына Перакуленая вышыня

(с) Валярына Росны мурог

(с) Валярына У зацішку жніўня

(с) Валярына Спроба фота–хоку

ЗДЫМАК ТЫДНЯ

Дарослыя дзеткі (прыз – радыёпрымач)

Апроч фатаздымкаў пра Нясьвіж (гл. вышэй) Сьвятлана Марчук даслала кампазыцыю, якая істотна розьніцца ад папярэдніх яе сюжэтаў. Заахвоціць тэму беларускага дзяцінства – бадай, ня самае галоўнае, што вызначыла перавагу на карысьць гэтай мілай дзіцячай сцэнкі. Пабытовых сюжэтаў у нашай калекцыі надта бракуе, характар, калярытны тып застаецца няўважаным, нават дзеці, якіх мы ўсе любім здымаць, рэдка зьяўляюцца на старонках конкурсу. І гэта зусім не прычына якогась адбору. Папросту гэтая людзкая тэма пакуль што не запанавала. Зрэшты, яе не назавеш і лёгкай, каб чакаць нейкага валу... Зь перамогай, Сьвятлана. Чакаем эсэ, каб бліжэй пазнаёміцца з героямі Вашага здымка.



Дарога-SOS у Прыпяцкім нацыянальным парку (прыз – радыёпрымач)

Здымкі Міхала Козела вызначаюцца якасьцямі актуальнага рэпартажу, зробленага, так бы мовіць, у экстрэмальных умовах. Сёньня ў нацыянальных парках Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта могуць прымусова дэпартаваць, забраць камэру, зьбіць чалавека, які здымае ня тое, што трэба, і г.д. Міхал выхапіў неблагія кадры, якія не пакідаюць сумневу: нацыянальныя скарбы краіны ў небясьпецы (прынамсі, парушэньне заканадаўства навідавоку). Ён не баіцца ісьці сьледам за зьдзірцамі, каб гэты зьнішчальны сьлед ня быў замецены празь дзень ці паўдня. Выдатны прыклад! Мае віншаваньні, Міхал! Чакаем эсэ.

(с) Міхал Козел Дарога-SOS у Прыпяцкім нацыянальным парку, 2006--2007

Беларусы ў гістарычнай фотапрасторы (старыя сямейныя карткі) (прыз – радыёпрымач)

Публікацыя Юрася Высоцкага зь пяці старых фатакартак (гл. вышэй) дастаткова актуалізавана сёньняшнім выпускам, аднак у выбары здымкаў для публікацыі аўтар выявіў і пэўныя індывідуальныя якасьці, схільнасьць да лібэральных каштоўнасьцяў, што ня можа ня ўлічвацца ў дадзенай намінацыі.

(с) Юрась Высоцкі Сямейны фотаархіў. Вёска Навінкі Смаргонскага раёна, 1960-я гады

ЛІСТАВАНЬНЕ

Ліст ад Зьміцера Бадзевіча (на рашэньне аддаць прыз гераіні ягонага сюжэта "Экспрэсія Руху", 11 тыдзень):

"Дзякуй вялікі за тое, што зьмясьцілі фатаздымак, і за тое, што ён стаўся адным зь пераможцаў конкурсу. Гэты здымак быў зроблены на Прыпяці, недалёка ад таго самага месца, адкуль на плытах разам з фотакарэспандэнтам і журналістам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым у ліпені 1984 Уладзімір Караткевіч накіраваўся ў апошняе сваё падарожжа на плыце -- па Зямлі пад белымі крыламі.

На фатаздымку дзяўчынка Ірына Качан з Луцку (валынскае Палесьсе). Гэта нашая госьця з Украіны (маладзёвы Нацыянальны Альянс). Калі магчыма, я забяру прыз і дастаўлю яго ў Луцк Ірыне. Буду ўдзячны, калі радыё Свабоды напіша і адпаведны ліст на імя Ірыны Качан.

З павагай, Зьміцер Бадзевіч"

Шаноўны Зьміцер! На Ваш адрас рэдакцыя днямі адправіць прыз і зробіць усё так, як Вы просіце. Усё астатняе за Вамі. Найлепшага!

З пажаданьнем пераможнага сьвятла ў Вашых сэрцах і камэрах,

Валер Дранчук
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG