Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшоў “Сацыяльны форум”


Альгерд Невяроўскі, Менск У менскай штаб-кватэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі сёньня прайшоў “Сацыяльны форум”. Прадстаўнікі прадпрымальніцкіх, моладзевых арганізацыяў, чарнобыльцаў, дэпутатаў мясцовых саветаў і праваабаронцаў шукалі агульныя падыходы да вырашэньня праблемаў, зьвязаных з парушэньнем уладамі правоў чалавека.

Сёньня ў Менск прыехалі каля пяцідзесяці прадстаўнікоў няўрадавых і непалітычных арганізацыяў, якія цярпяць перасьлед уладаў за сваю грамадзкую актыўнасьць.

“Мы сабралі “Сацыяльны форум” – па тых праблемах, якія існуюць у адносінах да пэўных сацыяльных групаў грамадзянаў: прадпрымальнікаў, ліквідатараў, дзейных дэпутатаў, праваабаронцаў, моладзі. Прынялі рэзалюцыю ў абарону сваіх правоў і сацыяльных гарантыяў”, – расказаў адзін з арганізатараў форуму, лідэр руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў.

Удзельнікі форуму падтрымалі правядзеньне сёлетняй восеньню Эўрапейскага і Сацыяльнага маршаў і выступілі з пратэстам у сувязі з адменай уладамі сацыяльных ільготаў. Апрача гэтага, сабраныя на “Сацыяльным форуме” выступілі супраць указаў Аляксандра Лукашэнкі, якія істотна абмяжоўваюць правы прадпрымальнікаў, і падтрымалі ініцыятывы дэпутатаў мясцовых саветаў, якія бароняць сацыяльныя правы людзей.

Удзельнікі форуму вырашылі зьбірацца на такія паседжаньні раз на паўгодзьдзе, каб людзі маглі сказаць пра парушэньне сваіх грамадзянскіх правоў.

“Гэты сацыяльны форум будзе мець практычнае значэньне, – лічыць прадстаўнік чарнобыльскіх ліквідатараў Аляксандар Ваўчанін з Жодзіна. – Як бы хто ні хацеў, каб форум быў чыста палітычным, ня выйшла. Самі людзі, дэпутаты, прадстаўнікі прадпрымальніцтва, чарнобыльцы сказалі: мы прыехалі вырашаць ня чыста палітычныя, а сацыяльныя пытаньні. І гэта вельмі важна. Я думаю, што і палітыкі пачнуць займацца сацыяльна-эканамічнымі пытаньнямі”.

Удзельнікі форму хочуць кансалідаваць вакол сябе людзей, якія актыўна бароняць свае сацыяльныя правы. Ня выключана, што ўвосень яны правядуць у Беларусі шырокі сацыяльны кангрэс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG