Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва “Ўратуем старую Воршу” гатова байкатаваць “Дажынкі-2008”


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Да гэтай дзяржаўнае імпрэзы, якая мае праходзіць наступным годам у Воршы, гарадзкія ўлады зьбіраюцца зьнесьці гістарычную забудову па вуліцы Мінскай. Пратэсты гараджан, у тым ліку і пісьмовы зварот у прэзыдэнцкую адміністрацыю, пакуль не паўплывалі на рашэньне мясцовых чыноўнікаў. Таму аршанскія аматары даўніны і проста неабыякавая грамадзяне кажуць, што гатовыя да байкоту афіцыйнага сьвята.

Аршанскія грамадзкія актывісты склалі чатыры калектыўныя лісты да кіраўніцтва горада, а таксама ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, каб уратаваць ад зьнішчэньня архітэктурная помнікі 18 і 19 стагоддзя – дамы №17 і №19 па вуліцы Мінскай.

Архітэктурныя помнікі 18-19 стст. пад пагрозай разбурэньня, Ворша
Гістарычная забудова вуліцы Мінскай

Раней гэтая два будынкі былі ўключаныя ў пералік гістарычных аб’ектаў, якія ахоўваюцца дзяржавай, аднак некалькі гадоў таму з гэтага сьпісу іх выключылі. Падставаў мясцовыя краязнаўцы так і не даведаліся. І пра тое, што гістарычныя будынкі заплянаваныя пад знос, таксама дазналіся выпадкова.

“Пасьля Вас жа застануцца адны толькі "каробкі" бэтонныя...” – "Ну і што?"

Запісаўшыся на прыём да старшыні гарвыканкаму Валера Шабадалава, аршанскі гісторык Юры Копцік пачуў, што на месцы забудовы па вуліцы Мінскай да "Дажынак 2008" будзе створана так званая зялёная зона – гістарычныя помнікі зьнясуць, каб высадзіць газон.

Копцік: “Я яму так і сказаў: "Вашае кіраваньне, Валер Іванавіч, запомняць не па тым, што Вы там займаліся "камуналкай" ды вывозілі сьмецьце. Вас запомняць па тым, што Вы зьнішчылі з гістарычнай спадчыны, а што захавалі. Пасьля Вас жа застануцца адны толькі гэтыя "каробкі" бэтонныя – будынак вашага гарвыканкаму ды новы аўтавакзал!" Кажа: "Ну і што?" Для яго гэта не аргумэнт!"

Архітэктурныя помнікі 18-19 стст. пад пагрозай разбурэньня, Ворша
Аршанскі гісторык Юры Копцік каля дома №17 па вул. Мінскай

Каб пераканаць чыноўнікаў у тым, што не адных толькі крыязнаўцаў ды гісторыкаў хвалюе лёс даўняй архітэктуры, мясцовыя актывісты распачалі збор подпісаў сярод шэраговых жыхароў Воршы.

Былая музэйная супрацоўніца, пэнсіянэрка Тацяна Вароніна сабрала такіх подпісаў некалькі дзясяткаў.

Вароніна: “Ліст гэты ўсяго тры дні хадзіў па горадзе, падпісаліся 44 чалавекі. Было вельмі шмат ахвотных падпісацца, але мы сьпяшаліся – баяліся, што гэтыя будынкі вось-вось зьнясуць. Цяпер мы вырашылі зьбіраць подпісы далей, і іх будзе ўжо не 44 штукі, а чатыры тысячы! Мы мусім паказаць гэтай уладзе, што мы не абыякавыя да таго, што рабіцца ў нашым горадзе!”

“Але захаваньне каштуе грошай, а бюджэт у нас і так датацыйны!"

Адказу з прэзыдэнскай адміністрацыі актывісты дагэтуль не дачакаліся, не пажадаў сустрэцца зь імі і старшыня гарвыканкаму Валер Шабадалаў. На сустрэчу з аўтарамі ліста, якая праходзіла 15-га жніўня, зьявіліся загадчыца аддзела культуры Ірына Мігаль і намесьнік старшыні па сацыяльных пытаньнях Мікалай Саксонаў.

Спадар Саксонаў распавёў, што дамы па вуліцы Мінскай гарадзкія ўлады спрабавалі прадаць з аўкцыёну. Набыць іх не знайшлося ахвотных нібыта з прычыны дрэннай захаванасьці. Насамрэч, узімку 2003-га году пад цяжарам сьнегу ў будынках абрынуліся дахі, але ў бюджэце не знайшлося грошай ні на рэстаўрацыю, ні на кансэрвацыю будынкаў, хаця яны й знаходзяцца на балянсе гарадзкой камунальнай гаспадаркі.

Паводле Мікалая Саксонава, самае таннае – гэта зьнесьці гістарычныя помнікі.

Саксонаў: “Пасярэдзіне горада стаяць дзьве "разваліны", зь якімі ніхто ня ведае, што рабіць! Калі нехта скажа, што ёсьць інвестар, згодны заплаціць за кожны будынак па 160 мільёнаў, то канешне ж, было б добра ўсё захаваць. Але захаваньне каштуе грошай, а бюджэт у нас і так датацыйны!"

Аршанскія актывісты вырашылі зьвярнуцца да жыхароў горада, каб сабраць ахвяраваньні на кансэрвацыю будынкаў. У тым выпадку, калі дзяржаўная "Аршанская газэта" адмовіцца друкаваць гэты зварот, або помнікі ўсё ж будуць зьнесеныя нягледзячы на пратэст грамадзкасьці, ініцыятыўная група "Уратуем старую Воршу" гатовая абвясьціць байкот "Дажынкам 2008", дзеля якіх руйнуецца гістарычная спадчына.

Архітэктурныя помнікі 18-19 стст. пад пагрозай разбурэньня, Ворша
Дом №19 па вул.Мінскай. Яшчэ 5 год таму тут мясьцілася рэстарацыя

Архітэктурныя помнікі 18-19 стст. пад пагрозай разбурэньня, Ворша
Дом №17 па вул. Мінскай. Адміністрацыйны будынак канца 18 – пачатку 19 стагодзьдзяў

"Віцебскводаканал" руйнуе рэшткі старажытнай забудовы гораду, 12.05.2007 Віцебск: пленэр за адраджэньне сабору і плошчы, 25.05.2007
XS
SM
MD
LG