Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ф.Лук’янаў: “Беларусь – цалкам самастойны палітычны гулец”


Юры Дракахруст, Прага Чаму польскіх дэпутатаў не пусьцілі ў Беларусь? Ці спадзяецца яшчэ афіцыйны Менск на паляпшэньне адносінаў з Эўропай? Якую ролю інцыдэнт з польскімі палітыкамі на беларускай мяжы можа адыграць у польскай перадвыбарчай кампаніі? На пытаньні “Праскага акцэнту” адказвае рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў.

Дракахруст: “У сераду беларускія ўлады не дазволілі ўехаць у краіну тром вядомым польскім палітыкам: віцэ-сьпікэру Сэнату Кшыштафу Путру, старшыні апазыцыйнай партыі “Грамадзянская плятформа”, дэпутату Сэйму Дональду Туску і кіраўніку групы салідарнасьці зь Беларусьсю ў Сэйме Робэрту Тышкевічу. На мяжы ім было заяўлена, што яны “пагражаюць канстытуцыйнаму ладу Беларусі”.

Існуе простае тлумачэньне – гэтыя тры палітыкі трапілі ў “чорны сьпіс” за свае ранейшыя выступы наконт становішча ў Беларусі і ў абарону польскай меншыні, і калі паспрабавалі перасекчы мяжу, сьпіс аўтаматычна “уключыўся”. Але такое тлумачэньне выглядае недастатковым.

Тыдзень таму скончыўся чарговы беларуска-расейскі газавы канфлікт. Пасьля мінулага, зімняга канфлікту Аляксандар Лукашэнка даваў зразумець, што хацеў нармалізацыі адносінаў з Эўропай. Гэтым разам адразу пасьля канфлікту з Расеяй Эўропа ў асобе сваіх польскіх прадстаўнікоў атрымала поўху. Чаму?”

“Варшаву лічаць безумоўна варожай сілай, якая зьяўляецца інструмэнтам зьмены рэжыму ў Беларусі”

Лук’янаў: “Па-першае, мне здаецца, што Польшча для Беларусі – гэта асаблівая краіна. І калі спадар Лукашэнка хацеў ці хоча па-ранейшаму зьвяртацца да Эўропы і пасылаць сыгналы туды, ён пасылае сыгналы не ў Варшаву, паколькі Варшаву лічаць безумоўна варожай сілай, якая зьяўляецца інструмэнтам зьмены рэжыму ў Беларусі. Пазыцыя Лукашэнкі тут падобная на пазыцыю расейскага кіраўніцтва, якое пад Эўропай разумее не цэнтральную яе частку, а заходнюю.

Па-другое, розьніца ў паводзінах зьвязаная з тым, што зімой, у студзені-лютым, калі Лукашэнка зрабіў выразныя спробы пераарыентавацца, ці хаця б зрабіць сваю палітыку больш дывэрсіфікаванай, і пасылаў больш чым зразумелыя сыгналы Эўразьвязу наконт таго, што мы зараз можам сябраваць разам супраць расейцаў, то эўрапейская рэакцыя яго абсалютна не задаволіла. Бо ва ўяўленьні беларускага прэзыдэнта гэта павінна была быць чыста геапалітычная камбінацыя, калі Беларусь, пасварыўшыся са сваім ранейшым геапалітычным патронам, прапануе свае паслугі новаму, але пры гэтым, паводле Лукашэнкі, і мовы быць ня можа пра тое, што за гэта нешта ўнутры краіны давядзецца мяняць.

Ён мысьліць у катэгорыях клясычнай “рэальнай палітыкі” ХІХ стагодзьдзя. І высьветлілася, што гэта немагчыма, што цынічна гуляць у геапалітыку Эўразьвяз ня можа па сваёй сутнасьці, як вельмі ідэалягізаваная арганізацыя, збудаваная на пэўных прынцыпах. І любыя жэсты на адрас Захаду павінны суправаджацца пэўнымі крокамі ўнутры краіны, што для Лукашэнкі непрымальна.

Пасьля гэта стала зразумела, што згуляць гэтай картай не атрымаецца. Таму гэтым разам яе і не разыгрывалі. І рэакцыя Заходняй Эўропы на канфлікт Расеі і Беларусі была нашмат больш стрыманай. Акрамя таго, маючы падпісаную дамову, якую беларускі бок не выконвае, даволі цяжка настойваць на сваёй рацыі”.

“Якраз блізкасьць перашкаджае выбудоўваць рэалістычную палітыку”

Дракахруст: “Часам выказваецца меркаваньне, што калі Менск адмовіцца выконваць умовы, выстаўленыя Эўразьвязам, Брусэль будзе дамаўляцца наконт Беларусі з Масквой. Як Вы ставіцеся да такой думкі?”

Лук’янаў: “Не, мне здаецца, што гэта не альтэрнатыва, паколькі дамовіцца з Масквой наконт Беларусі не атрымаецца па-першае, таму, што Масква ніякага прадмету для перамоваў ня бачыць. А па-другое, і гэта самае галоўнае, Беларусь, як бы мы ні ставіліся да прэзыдэнта Лукашэнкі, цалкам самастойны палітычны гулец, які да апошняга часу даволі ўдала манэўраваў у той вузкай прасторы, якая ў яго ёсьць. І ўяўленьне пра тое, што Масква можа пра штосьці дамовіцца з кімсьці, і пасьля гэтага Менск выканае – мне здаецца, гэта перабольшваньне.

Ёсьць яшчэ адзін момант, на які б я хацеў зьвярнуць увагу. Калі я чую размовы пра тое, што Польшча ці іншыя краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія нядаўна ўступілі Эўразьвяз, добра разумеюць псыхалёгію беларусаў, расейцаў, украінцаў, малдаван, і таму натуральным чынам павінны быць ці то пасярэднікамі, ці то мастамі, ці то дыспэтчарамі эўрапейскай палітыкі адносна гэтых краінаў, то мне здаецца, што гэта ня так. Насамрэч з дакладнасьцю да наадварот.

Якраз гэтая блізкасьць, заснаваная на даўніх складаных адносінах, перашкаджае выбудоўваць рэалістычную палітыку, бо за гэтым адразу вымалёўваюцца місіянэрскія памкненьні, якія на мой погляд, у тых краінах, на якія яны скіраваныя, могуць выклікаць зусім ня тыя пачуцьці, якіх чакае краіна – місіянэр. Як ні дзіўна, у цяперашняй сытуацыі большага могуць дасягнуць краіны, якія ня маюць такіх шчыльным кантактаў у мінулым зь Беларусьсю, Расеяй ці Ўкраінай, краіны, якія здольныя паглядзець на праблемы крыху збоку. Гэта той выпадак, калі мы настолькі добра ведаем адзін аднаго, што гэта перашкаджае рэалізму”.

“У Маскве мала хто зьвярнуў увагу на гэты інцыдэнт, затое 3 дні абмяркоўваюць рашэньне адвязаць беларускі рубель ад расейскага”

Дракахруст: “У якой ступені інцыдэнт на мяжы мог стаць сваеасаблівым “жэстам добрай волі” Менску на адрас Масквы, чые адносіны з Варшавай таксама не бясхмарныя? Тым болей што польскія палітыкі ехалі на нефармальнае сьвяткаваньне дня перамогі Польшчы ў вайне з Савецкай Расеяй. Такая подбіўка канфлікту Маскве пэўна спадабаецца”.

Лук’янаў: “Маскве гэта безумоўна спадабаецца, як і любыя абмежавальныя меры адносна польскіх прадстаўнікоў у Беларусі ці дзе б там ні было на постсавецкай прасторы. Не сакрэт, што расейская эліта ўспрымае Польшчу вельмі нэрвова, бачучы ў ёй авангард заходняга ўплыву.

Але мне здаецца, што сьвядомага жаданьня зрабіць жэст на адрас Масквы не было. Гэта хутчэй дыктуецца ўнутрыбеларускай лёгікай, чым лёгікай адносінаў з Расеяй. У гэтыя дні ў Маскве мала хто зьвярнуў увагу на гэты інцыдэнт, затое ўсе 3 дні абмяркоўваюць рашэньне адвязаць беларускі рубель ад расейскага і прывязаць яго выключна да даляра. У гэтым расейскія камэнтатары бачаць чарговы крок Беларусь прэч ад гіпатэтычнага валютнага саюзу і ад амаль рэалізаванай ідэі адзінай эканамічнай прасторы. Заўсёды лічылася, што Ўкраіна – галоўная перашкода, а тут высьвятляецца, што і Беларусь да гэтага ня надта імкнецца.

Так што калі нават Менск у сытуацыі з польскімі палітыкамі меў на ўвазе нейкі дружалюбны жэст на адрас Масквы, то тут гэтага ніхто не заўважыў”.

“Некаторыя фармулёўкі Лукашэнкі выходзілі за межы таго, што дазваляе сабе, скажам, Саакашвілі”

Дракахруст: “У 2005 годзе беларуская ўлада ініцыявала раскол у Саюзе палякаў Беларусі, актывісты непрызнанай часткі Саюзу на чале з Анжалікай Борыс дагэтуль зазнаюць перасьлед з боку ўладаў. Ці ня можа цяперашні інцыдэнт стаць пачаткам рэзкага ўзмацненьня гэтых рэпрэсій, каб згуртаваць народ вакол улады супраць іншаэтнічнага ўнутранага ворага?”

Лук’янаў: “Мне цяжка меркаваць, я не настолькі ўважліва сачу за беларускімі падзеямі. Зразумела, аўтарытарныя рэжымы часта выкарыстоўваюць такі інструмэнт. У той жа час, ці менавіта зараз беларускаму кіраўніцтву гэта трэба? Я ня бачу сур’ёзных пагрозаў для яго з боку Захаду, выбары нібыта не чакаюцца...

Хутчэй, на месцы Менску я б задумаўся аб маштабнай кампаніі супраць Расеі. Лукашэнка ўжо шмат на гэты конт гаварыў. Я згодны з калегамі, што апошні канфлікт ня варта называць вайной, але любы ўсплёск супярэчнасьцяў з Масквой суправаджаецца вельмі жорсткімі заявамі. Насамрэч, у тых інтэрвію, якія Лукашэнка даваў напачатку году заходнім СМІ, некаторыя фармулёўкі далёка выходзілі за межы таго, што дазваляе сабе, скажам, Міхаіл Саакашвілі, якога ў Маскве лічаць выразным ворагам.

Хутчэй ужо будзе разьвівацца гэты накірунак. Тым больш што ён можа разьлічваць на традыцыйную нелюбоў расейскага кіраўніцтва да той сытуацыі, калі яго ня любяць. Даволі доўга Крэмль нэрвова рэагаваў на спробы ў дружалюбных краінах разыгрываць антырасейскую карту сярод насельніцтва. Напрыклад, падчас першага канфлікту зь Беларусьсю ў 2004 годзе ўсплёск антырасейскай прапаганды зьбянтэжыў Маскву. Праўда, з тае пары расейскія ўлады сталі ў гэтым сэнсе больш таўстаскурымі. І іх прапагандысцкімі атакамі ня надта зьбянтэжыш, асабліва калі яны ўпэўненыя ва ўласных сілах і рычагах уплыву”.
XS
SM
MD
LG