Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму няма зьвестак пра Андрэя Клімава?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Дзень салідарнасьці засьведчыў, што беларускае грамадзтва не забывае рэпрэсаваных, мяркуе Ірына Казуліна. Ці хапае “хіміку” Артуру Фінькевічу грошай на харчаваньне? Бацькі Зьмітра Дашкевіч жывуць пад ўражаньнем сустрэчы з сынам у турме. Чаму маўчыць Андрэй Клімаў?

Два дні таму, у Дзень беларускай салідарнасьці, які традыцыйна адзначаецца 16-га кожнага месяца, актывісты грамадзкай кампаніі “Jeans за свабоду” правялі акцыю каля пад’езду, дзе жыве сям’я Аляксандра Казуліна. Маладзёны трымалі ў руках партрэты палітыка, выклалі са сьвечак каля пад’езду лічбу 16 як сымбаль салідарнасьці.

Ірына Казуліна вітала актывістаў і нават сфатаграфавалася зь імі на памяць. Жонка палітыка была вельмі ўдзячная за падтрымку на адрас Аляксандра Казуліна. Яна лічыць, што акцыі салідарнасьці пацьвярджаюць: беларускае грамадзтва не забывае рэпрэсаваных і будзе іх заўсёды падтрымліваць.

Ад Аляксандра Казуліна за час пасьля спатканьня зь ім сваякоў дайшоў адзін ліст. Ірына кажа, што муж ні на што не скардзіцца. Сама Ірына Казуліна раней казала, што некаторыя яе лісты да мужа зьнікаюць, таму яна пачала іх нумараваць. Які гэта мела вынік?

“Прыходзяць паведамленьні, што ён нібыта іх атрымаў. Падпісаныя гэтыя паведамленьні, зразумела, ня ім, але такія зьвесткі я маю”.

Нагадаю, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін адбывае пакараньне 5,5 гадамі пазбаўленьня волі за арганізацыю вулічных беспарадкаў. Спадар Казулін называе перасьлед палітычна матываваным.

Усяго некалькі тыдняў таму было спатканьне бацькоў Зьмітра Дашкевіча – Вольга і Вячаслаў Дашкевічаў – з сынам, а яны ўсё згадваюць час, калі былі разам.

“Чыталі з бацькам Біблію”

“Такі прыгожы, такі спакойны. Я нават не ўяўляла, што ён можа такім быць. Адна справа размова праз шкло, і зусім іншая – спатканьне. Сядзіш побач зь ім, за яго трымаесься... Чыталі з бацькам Біблію, бацька кажа адно, ён яму іншае. Кажу, Славачка, ты ўжо маўчы, бо сын за цябе разумнейшы”.

Нагадаю, год таму лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча пакаралі на паўтара года турмы за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі. Актывіст адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі.

“На харчаваньне не хапае”

Артур Фінькевіч, якога пакаралі “хіміяй” за графіці палітычнага зьместу, апошнія месяц працуе на будоўлі жылога дома ў Магілёве. Кажа, што значна стамляецца, працы шмат. А колькі плацяць “хіміку” Фінькевічу за цяжкую працу? Паводле ягоных словаў, каля 250 тысяч рублёў. Я спытаўся, ці хапае яму гэтых грошай хаця б на харчаваньне?

“Я пакуль сьвятым духам не навучыўся харчавацца. Хто б навучыў, я быў бы рады. А так тры разы на дзень трэба есьці, ці хаця б два. Але не хапае...”

Дарэчы, сярэдні заробак будаўніка ў Беларусі – болей за 400 тысяч.

З красавіка ў менскім сьледчым ізалятары знаходзіцца палітык Андрэй Клімаў, якога абвінавацілі ў распаўсюджваньні ў інтэрнэце заклікаў супраць улады. Сьледзтва па справе спадара Клімава мусіць закончыцца праз два тыдні. Пры гэтым ужо болей за месяц грамадзкасьць ня мае зьвестак, што з актывістам. Сваякі Андрэя Клімава на сувязь не выходзяць, сьледчыя таксама кантакты з журналістамі не падтрымліваюць.

П.Севярынец: “Мы чакаем узмацненьня рэпрэсій”, 3.08.2007 Актывіст трапіў у шпіталь праз атручэньне турэмнай ежай на Акрэсьціна, 28.07.2007
XS
SM
MD
LG