Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 11.08.2007 – 17.08.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Пасьля спатканьня я пачала дасылаць яму лісты пасьля таго, як іх пранумарую. Дасылаю лісты замоўленыя і з паведамленьнем. Даслала яму пяць лістоў, а сёньня атрымала паведамленьне, што ён атрымаў ліст № 3. На паведамленьні, на капэрце і на самім лісьце я цяпер стаўлю лічбу. Хачу, каб усе мае лісты даходзілі, бо вельмі крыўдна... Пішаш ліст і шмат душы ў яго ўкладаеш. Калі гэта да яго не даходзіць, то мне вельмі шкада маіх душэўных сіл, шкада часу і шкада, што нейкі кавалачак маёй любові не дайшоў да яго”.

Ірына Казуліна, жонка зьняволенага былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна – пра свае лісты мужу ў калёнію.

“У нас няма таго ўзбраеньня, супраць якога скіраваная супрацьракетная абарона”.

Ігар Азаронак, камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі – пра элемэнты амэрыканскай супрацьпаветранай абароны, якія мяркуецца разьмясьціць у Польшчы і Чэхіі.

"Не, мы не разглядаем мачымасьці падпольных дзеяньняў. Нельга хавацца, калі праўда павінна йсьці напралом".

Яраслаў Грышчэня, лідэр баранавіцкай філіі незарэгістраванай моладзевай арганізацыі "Малады Фронт" – у перадачы «Начная Свабода».

“Штодзень нам распавядаюць аналягічныя выпадкі. І гэта ўжо набывае масавы характар... У нас цяпер ідзе касацыйная стадыя суду ў справе забойства маладога чалавека па прозьвішчы Сардаран, ён быў грамадзянінам Расеі, яго забілі год таму ў электрычцы, адзін забіваў, другі здымаў на відэа. Гэта цалкам магло быць таксама дзесьці разьмешчана. Пры гэтым яны крычалі "Слава Расеі". Вось такая ў нашай Расеі цяпер слава".

Сьвятлана Ганушкіна, старшыня расейскага грамадзкага камітэту дапамогі ўцекачам і вымушаным мігрантам – пра відэаролік зь інтэрнэту, у якім паказанае жорсткае забойства расейскімі нацыстамі ўраджэнцаў Дагестану і Таджыкістану.

“Гарантаваць людзям найбольшую колькасьць магчымага шчасьця”.

Міністар ураду Вэнэсуэлы – пра мэту прапановаў прэзыдэнта краіны Ўга Чавэса аб зьменах у Канстытуцыю, якія прадугледжваюць скасаваць абмежаваньні на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

"Гэта апошні цьвік у труну саюзнай дзяржавы".

Андрэй Нячаеў, прэзыдэнт Расейскай фінансавай карпарацыі, былы міністар эканомікі Расеі – пра пляны Нацыянальнага банку Беларусі ад наступнага году адмовіцца ад прывязкі беларускага рубля да расейскага.

“Сапраўдны мужчына павінен зрабіць тры справы ў сваім жыцьці: выгадаваць сына, пасадзіць дрэва і напісаць кнігу. Я дрэвы пераважна валіў апошнія два гады, сям’ю зьбіраюся заводзіць толькі пасьля перамогі. Адыгрывацца даводзіцца на кнігах".

Павал Севярынец, палітык, былы палітвязень – пра прэзэнтацыю сваёй пятай кнігі «Лісты з лесу».

“Далі ім па мордзе, і слушна зрабілі. Няма ім тут чаго рабіць”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – наконт дэпутатаў Сэнату і Сэйму Польшчы, якіх не пусьцілі ў Беларусь.

“Такія словы сьведчаць аб тым, хто іх сказаў”.

Робэрт Шаняўскі, прэсавы прадстаўнік МЗС Польшчы – пра заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт польскіх палітыкаў, якіх не пусьцілі ў Беларусь.

“Што баліць? Цяпер буду пералічваць: галава баліць, страўнік, бо вельмі моцна ў жывот ударылі. Цяпер страўнік вельмі моцна пячэ; крыху млосна. Баляць сьпіна, плечы, ныркі. Балюча ляжаць на сьпіне. Ужо кропельніцу з раніцы ставілі... Калі гэтага хлопчыка схапілі, Мікіту Сасіма, так атрымалася, што я першая падбегла, каб яму дапамагчы. Яго тры чалавекі цягнулі, а збоку назіралі яшчэ трое, здаецца. І вось адзін зь іх зьнянацку падляцеў, па галаве некалькі разоў стукнуў, потым кінуў на асфальт і пачаў біць нагамі”.

Тацяна Тышкевіч, 18-гадовая моладзевая актывістка – пра яе зьбіцьцё 16 жніўня, у Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітзьняволенымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG