Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: “Словы Лукашэнкі не адпавядаюць стандартам міжнародных дачыненьняў”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прадстаўнік МЗС Польшчы, камэнтуючы апошнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі ў справе забароны польскім палітыкам на ўезд у Беларусь, заявіў, што “такія словы сьведчаць аб тым, хто іх сказаў”.

Сёньня польскія агенцтвы са спасылкай на агенцтва “Інтэрфакс-Захад” паведамілі, што ў часе знаходжаньня на Віцебшчыне на просьбу пракамэнтаваць апошнюю забарону на ўезд у Беларусь польскім палітыкам, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “далі ім па мордзе, і слушна зрабілі. Няма ім тут чаго рабіць”.

Паводле агенцтваў, кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што “ўезд быў забаронены ў адпаведнасьці з законам”.

Камэнтуючы гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі, прэсавы прадстаўнік МЗС Польшчы Робэрт Шаняўскі заявіў, што “калі гэта сапраўды словы Лукашэнкі, то варта толькі паспачуваць, бо яны сьведчаць аб тым, хто іх сказаў”.

Спадар Шаняўскі падкрэсьліў, што польскі МЗС дакладна спраўдзіць, ці “было такое выказваньне”.

“Гэтыя словы не адпавядаюць стандартам, паводле якіх павінны разьвівацца міжнародныя дачыненьні”, – адзначыў прадстаўнік МЗС Польшчы.

15 жніўня беларускія мытнікі не ўпусьцілі ў Беларусь некалькіх польскіх парлямнтароў, сярод якіх былі віцэ-сьпікэр Сэнату Кшыштаф Путра, лідэр партыі “Грамадзянская плятформа” Дональд Туск і старшыня парлямэнцкай групы салідарнасьці зь Беларусьсю Робэрт Тышкевіч.

Палітыкі мелі намер узяць удзел у сьвяце, якое ладзілі прадстаўнікі польскай меншасьці ў Беларусі.

У сувязі з гэтым у МЗС Польшчы быў выкліканы амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка, якому быў заяўлены пратэст.

Амбасадар Беларусі ў Польшчы атрымаў ноту пратэсту ад польскага МЗС 16.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG