Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатральная эпоха Зьдзіслава Стомы


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Сёньня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня выдатнага беларускага актора Зьдзіслава Стомы – аднаго з тых актораў-купалаўцаў, якія былі і застаюцца знакам нацыянальнага беларускага акторскага мастацтва.

Зьдзіслаў Стома памёр пятнаццаць гадоў таму і амаль да канца свайго жыцьця выходзіў на сцэну. Таму расфарбаваныя ягонымі ўнікальнымі інтанацыямі словы Пустарэвіча – “каханенькія, родненькія” – з Купалавай “Паўлінкі” добра помняць яшчэ многія акторы, крытыкі, гледачы. На маё пытаньне, што найперш згадваецца ў зьвязку са Зьдзіславам Францавічам у спэктаклі “Паўлінка”, сёньняшні папулярны камэдыйны актор Віктар Манаеў адказаў:

“Першым выканаўцам Пустарэвіча быў Глебаў. Далей былі пераказы першага складу – Глебава, Платонава. Але гэты ўнікальны галасок Стомы (імітуе), якім ён вымаўляў свае знакамітыя словы “каханенькія, родненькія”, быў непаўторны”.

Клясыка ў выкананьні клясыка

Крыху скрыпучы, але беспамерны ў камэдыйных інтанацыях, голас Зьдзіслава Стомы, пачуўшы хоць аднойчы, забыць ужо было немагчыма. Гэтаксама, як і ягоны твар з найбагацейшай мімікай, дзе гульня вачыма, павекамі ўжо сама па сабе станавілася тэатрам. Плюс – амаль танцавальныя па, зь якімі ён звычайна выходзіў, выбягаў, вылятаў на сцэну.

Я заплюшчваю вочы – і, хоць мінула ўжо болей за паўтара дзесяцігодзьдзя, як апошні раз бачыў гэтага актора на сцэне, – бачу ягонага Пустарэвіча ў “Паўлінцы”. Быкоўскага, на жаль, ня бачыў, быў малым, але давяраю сваім старэйшым калегам-крытыкам, што гэта было бліскуча. Памятаю ягонага прафэсара Тулягу з камэдыі Крапівы “Хто сьмяецца апошнім” – які задрыжаў, як асінавы ліст, калі хтосьці прызнаў у ім дзянікінскага палкоўніка. А начальнік базы Караўкін Зьдзіслава Стомы зь яшчэ адной камэдыі Крапівы “Брама неўміручасьці” – проста архетып савецкага чалавека – хабарніка-ненажэры.

Вось жа сапраўды ўнікальная зьява ў гісторыі Купалаўскага тэатру – праз клясычныя спэктаклі, такія як, прыкладам, “Паўлінка” ці “Хто сьмяецца апошнім”, праходзілі па два-тры-чатыры генэрацыі актораў, а канцэпцыя іх, першапачатковыя партытуры роляў не мяняліся, а напаўняліся індывідуальным талентам новых выканаўцаў, станавіліся яшчэ больш аб’ёмістымі.

Ён быў з апошняй вялікай кагорты актораў-купалаўцаў...

Зьдзіславу Стому ў “Паўлінцы” пашчасьціла замяніць двух вялікіх актораў: спачатку Барыса Платонава ў ролі фанабэрыстага, вадэвільнага пана Быкоўскага, а затым – Глеба Глебава ў ролі Пустарэвіча. Як і выкананьне гэтых роляў ягонымі вялікімі папярэднікамі, так і выкананьне Стомам лічацца клясычнымі. Гэта – залатыя факты гісторыі нацыянальнай сцэны.

Нам сапраўды пашчасьціла працаваць побач ці проста бачыць на сцэне апошнюю кагорту актораў-купалаўцаў, якіх сьмела прынята называць вялікімі: Леаніда Рахленку, Лідзію Ржэцкую, Стафанію Станюту, Галіну Макараву, Сьцяпана Бірылу, Зьдзіслава Стому. Яны разам складалі непаўторна вялікую трупу, і кожны зь іх быў вялікім сам па сабе і ўнікальным знакам Купалаўскага тэатру і беларускай сцэны.

Са Зьдзіславам Стомам мне да таго ж пашчасьціла быць у вельмі прыязных чалавечых стасунках. Пашчасьціла бываць у ягоным гасьцінным доме, часам разам выпіваць чарку, заядаючы найсмачнейшай смажанай сьвінінай з бульбай, шчодра палітай тлушчам, ды з салёнымі агуркамі. І гаварыць, здавалася б, пра ўсё на сьвеце.

“Ён пісаў дзіцячыя вершаваныя казкі... А які ён яшчэ быў музыка!”

Акторы таго пакаленьня мелі сваё хобі, яны не замыкаліся толькі сцэнай ці закуліснымі гульнямі. Вось жа незабыўная Стафанія Станюта займалася рознымі самаробкамі з дрэва, камянёў, расьлінаў. У Зьдзіслава Францавіча таксама шмат было захапленьняў. Працягвае Віктар Манаеў:

“У Томску ён вучыў рыбачыць мяне з акторам Сашам Лабушам. Згадваў, дзе яны начавалі, калі тэатар быў у эвакуацыі. Ён называў мяне “перачынны ножык”, бо я тады яшчэ быў такім худзенькім, жвавенькім артысьцікам. Увогуле, ён быў вельмі таленавіты. Ён пісаў дзіцячыя вершаваныя казкі. Ягоныя казкі і па радыё чыталі. Сам удзельнічаў у казках. А які ён яшчэ быў музыка! Ён так файна граў на канцэртыне, такім маленькім інструмэнце тыпу гармоніка. Увогуле, ён быў вельмі няўрымсьлівы, з гумарам. Гэта быў адметны чалавек. Гэта была выдатная асоба”.

Сапраўды, ён быў выдатным чалавекам. Лёс распарадзіўся так, што выпадкова ягоны сын – выдатны хірург Рамуальд Стома – уратаваў мне жыцьцё. За некалькі хвілінаў да апэрацыі я даведаўся, што апэраваць мяне будзе сын Зьдзіслава Францавіча. Напэўна, пад наркозам я прасіў дапамогі ў Зьдзіслава Францавіча, бо, як толькі я ачуўся пасьля рэанімацыі, ён перадаў мне прывітаньне ад бацькі і запросіны і на спэктакль, і ў госьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG