Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне "Свабоды": ці гатовыя прадпрымальнікі да страйку?


Радыё Свабода, Менск Лідэры беларускага прадпрымальніцкага руху заклікаюць прадпрымальнікаў пачаць 1 верасьня страйк супраць парушэньняў уладамі правоў сваіх калег. А як ставяцца да ідэі страйку самі індывідуальныя прадпрымальнікі? Наша карэспандэнт размаўляла з гандлярамі на сталічным будаўнічым рынку ў мікрараёне Ўручча.

Прадпрымальнік: “Усе разумеюць неабходнасьць перамен, але ня ўсе разумеюць неабходнасьць барацьбы за гэтыя перамены”.

Прадпрымальніца: “Добра стаўлюся да страйку. Вельмі цяжка стала працаваць нам”.

Прадпрымальнік: “Падтрымліваю. Папросту ўсё астатняе ні да якога станоўчага добрага рашэньня не прыводзіла. Таму ня думаю, што ёсьць сэнс мірнымі мэтадамі штосьці вырашаць. Калі ты сапраўды хочаш гэту праблему вырашыць, а ня толькі на словах”.

Гандляр: “Першы раз чую, што могуць канфіскоўваць тавар. Сэртыфікаты ў нас ёсьць”.

Карэспандэнтка: “Таму вы спакойна працуеце, ніякіх думак пра страйк ня маючы?”

Гандляр: “Пакуль ня маю”.

Спадарыня: “Настолькі дзяржава цісьне, настолькі прадпрымальнікі прыніжаны! Я толькі падтрымліваю ідэю страйку”.

Прадпрымальнік: “Можна й на забастоўку выйсьці. Калі ўводзілі НДС 18%, таксама страйкавалі. Але нічога ня вырашылі”.

Карэспандэнтка: “А цяпер гатовы страйкаваць?”

Прадпрымальнік: “Не, не гатовы. Больш не хачу”.

Дзяўчына: “Толькі мірна трэба вырашаць праблемы. Страйк нічога ня дасьць. Трэба, каб наверсе, ува ўпраўленьнях, не сядзелі тыя, у каго вялізныя прадпрыемствы, а сядзелі дробныя прадпрымальнікі, як мы, – хаця б чалавек пяць, якія ведаюць нашы праблемы. А тыя, хто наверсе, ня ведаюць нашых праблем”.

Прадпрымальнік: “Я не падтрымліваю страйку і ня выйшаў бы страйкаваць”.

Гандляр: “Цалкам згодзен страйкаваць. Што за канфіскацыя тавараў?”

Прадпрымальнік: “Я думаю, што наша кіраўніцтва існуе само па сабе, адарванае ад праблем простага прадпрымальніка. Я лічу, усе праблемы трэба вырашаць мірна. Але нашаму кіраўніцтву трэба быць бліжэй да дробнага прадпрымальніка і ведаць праблемы”.

Прадпрымальніца: “Напэўна, страйк не патрэбен. Але людзі, якія выпрацоўваюць заканадаўства, павінны ведаць сытуацыю ўнізе. А яны, падобна, яе ня ведаюць. Страйкамі наўрад ці нечага даб’есься. Таму што ў нас іншы мэнталітэт. Вярхі і нізы мусяць дамовіцца між сабой”.

Спадар: “Прадпрымальніцкіх праблем ня вырашыш, пакуль не памяняеш уладу. Памятаеце, прыяжджаў на рынкі Лукашэнка – абяцаў, што зьнізяць арэнду. Арэнду зьнізілі на пэўны пэрыяд, а потым зноў узьнялі. Тыя ж праблемы й з сэртыфікацыяй. Цяпер чыноўнікі збудавалі шмат гіпэрмаркетаў. І, натуральна, ім не патрэбны канкурэнты. Вось у гэтым усе праблемы з сэртыфікацыяй”.
XS
SM
MD
LG