Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікіта Сасім асуджаны на 10 сутак арышту


Ігар Карней, Менск Адзначэньне дня Салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітзьняволенымі 16 жніўня скончылася для многіх актывістаў дэмакратычнага руху зьбіцьцём, затрыманьнямі, дастаўкай у пастарункі. На 10 сутак адміністратыўнага арышту асуджаны моладзевы актывіст Мікіта Сасім. Чаму гэтым разам улады так жорстка абышліся з апазыцыйнымі дзеячамі?

Увечары 16 жніўня моладзевыя актывісты зьбіраліся ўзяць удзел у набажэнстве да Дня Салідарнасьці. Моладзь прыйшла да касьцёлу Сьвятога Язэпа ў Менску са сьвечкамі і партрэтамі зьніклых і палітзьняволеных. Аднак спэцназ пачаў выціскаць удзельнікаў акцыі да Нямігі.

“Стукнуў па галаве, паваліў на асфальт. І зноў біў”

Мікіту Сасіма на праспэкце Пераможцаў затрымлівала цэлая каманда спэцназу. Урэшце яго закінулі ў міліцэйскі УАЗ – і сёньняшнюю ноч Сасім правёў у пастарунку. Перад абедам хлопца прывезьлі ў суд Цэнтральнага раёну. У пратаколе затрыманьня ён абвінавачваецца ў дробным хуліганстве і “нецэнзурнай лаянцы”. Як паведаміла праваабаронца Ірына Тоўсьцік, на падставе паказаньняў сьведак-міліцыянтаў судзьдзя Тацяна Паўлючук прысудзіла Сасіму 10 сутак адміністратыўнага арышту:

“Было два сьведкі ад палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня і пяць сьведак з боку Сасіма. Аднак судзьдзя падышла да іх надзвычай крытычна, палічыўшы, што яны, маўляў, сябры Мікіты і стараюцца яго абараніць. А падстаў не давяраць сьведкам-міліцыянтам, быццам, няма. Зрэшты, як і заўсёды ў такіх выпадках”.

18-гадовую Тацяну Цішкевіч учора пасьля сутычкі з апэратыўнікам “хуткая дапамога” адвезла ў шпіталь. Я затэлефанаваў пацярпелай і запытаўся пра ейны стан:

“Што баліць? Цяпер буду пералічваць: галава баліць, страўнік, бо вельмі моцна ў жывот ударылі. Цяпер страўнік вельмі моцна пячэ; крыху млосна. Баляць сьпіна, плечы, ныркі. Балюча ляжаць на сьпіне. Ужо кропельніцу з раніцы ставілі”.

Карэспандэнт: “Можаце расказаць, як усё здарылася, з чаго раптам на вас накінуліся?”

Цішкевіч: “Калі гэтага хлопчыка схапілі, Мікіту Сасіма, так атрымалася, што я першая падбегла, каб яму дапамагчы. Яго тры чалавекі цягнулі, а збоку назіралі яшчэ трое, здаецца. І вось адзін зь іх зьнянацку падляцеў, па галаве некалькі разоў стукнуў, потым кінуў на асфальт і пачаў біць нагамі...”

Карэспандэнт: “Ён быў у форме?”

Цішкевіч: “Не, ня ў форме”.

Карэспандэнт: “Вы зьбіраецеся нейкім чынам гэтыя дзеяньні абскарджваць?”

Цішкевіч: “Так, я ўжо напісала заяву ў міліцыю. Раніцай у шпіталь прыходзіў міліцыянт. Не хацеў, каб я штосьці пісала. “Будзеце ўсё ж пісаць?”, настойліва запытваў. Я адназначна адказала: “Так, буду”.

Карэспандэнт: “Але ж гэта быў ня той чалавек, які вас зьбіваў?”

Цішкевіч: “Не, канечне”.

Апазыцыянэраў блякавалі ў тралейбусах

Доўгі час супрацоўнікі ў цывільным перасьледавалі Паўла Севярынца. Толькі пасьля таго, як у рацыях пачуўся загад “Севярынца ня браць”, яго пакінулі ў спакоі. Апэратыўнікі спрабавалі блякаваць апазыцыянэраў нават у грамадзкім транспарце. Маладыя актывісты расказваюць, што людзі ў цывільным заскоквалі сьледам за імі ў тралейбусы і забаранялі кіроўцам спыняцца на прыпынках. Аднак схапіць нікога не ўдалося.

Малюнкі і фатаздымкі – адна крамола

У пастарункі забіралі людзей і ў іншых гарадах краіны. Так, у Ленінскае РАУС Магілёву былі дастаўлены некалькі журналістаў незалежных выданьняў.

Допыты актывістаў чынілі ўчора ў Пінску. У гарадзкім сквэры ля каплічкі маладыя людзі паставілі сьвечкі-лямпады і партрэты зьніклых і рэспрэсаваных. Цягам паўтарох гадзін мінакі падыходзілі, чыталі інфармацыю, усчыналі спрэчкі на тэму палітычных рэпрэсій. Аднак неўзабаве зьявіўся нарад міліцыі. Аднаго з актывістаў дэмакратычнага руху, Ігара Салаўя, даставілі для тлумачэньняў у пастарунак:

“Спынілі мяне каля каплічкі, дзе адбывалася акцыя, у той час, як я рабіў фатаздымкі. Потым выклікалі супрацоўніка КДБ. Мяне адвезьлі ў ГАУС Пінску і ўзялі тлумачэньне, якім чынам я там апынуўся, што там рабіў і што ўвогуле ведаю пра акцыю? Задавалі іншыя пытаньні пра мэты акцыі і дзесьці праз гадзіну адпусьцілі дахаты”.

Мікіта Сасім прывезены ў Цэнтральны раённы суд Менску 17.08.2007 Зьбітая моладзевая актывістка застаецца ў шпіталі 17.08.2007 Міліцыянты зьбілі актывістаў, якія маліліся ля касьцёлу Сьвятога Язэпа 16.08.2007 Міліцыянты не дазваляюць маліцца каля касьцёлу Сьвятога Язэпа 16.08.2007
XS
SM
MD
LG