Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму б не падражніць Расею, якая канчаткова сарвалася з ланцуга?..”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 18 жніўня 2007 году

Для сёньняшняй размовы я выбраў з нашай пошты апошніх тыдняў некалькі лістоў, аўтары якіх спрабуюць зазірнуць у будучыню Беларусі. Як могуць складацца ўзаемадачыненьні беларускай дзяржавы з суседзямі пасьля таго, як ідэя так званай “саюзнай дзяржавы” аказалася пад абломкамі “газавай” вайны, а сама Беларусь апынулася ў новых эканамічных рэаліях, у якіх няма і, відаць, ужо ня будзе танных газу і нафты?

Вось як адказвае на гэтыя пытаньні ў лісьце на “Свабоду” наш слухач Сяргей Удовік зь Ліды.

“На месцы Лукашэнкі я цяпер пачаў бы дыялёг з апазыцыяй і з Захадам. Сур’ёзна мяняць палітыку неабавязкова – большасьць народу яе падтрымлівае. А ў гульні чаму не пагуляць? Заадно можна падражніць Расею, якая канчаткова сарвалася з ланцугу. Няхай убачыць, што апошні саюзьнік можа адвярнуцца ад яе ў любы момант. Дый ад Захаду ў выніку такой палітыкі сёе-тое можа перапасьці. Напрыклад, могуць вярнуць гандлёвыя льготы, адкрыць мяжу для беларускіх тавараў.

Вядома, дапускаць анархію і разгул дэмакратыі ня варта. Калі даць волю апазыцыі, дык гэтыя мілінкевічы і лябедзькі імгненна ўварвуцца ў парлямэнт і пачнуць дурыць людзям галовы. Але невялікія саступкі зрабіць можна. Напрыклад, перавесьці Казуліна на “хімію”, амніставаць некалькі апазыцыянэраў. А потым у любы момант перамовы з Захадам можна спыніць. Маўляў, не дамовіліся – што зробіш?

Лукашэнка – гнуткі і разумны палітык. Ён больш за дзесяць год вёў такую гульню з Расеяй, што ніводзін маскоўскі разумнік ня мог яе спыніць. Але цяпер расейская карта згуляна: там больш нічога бясплатна не атрымаеш – толькі за грошы. Дык чаму не згуляць у нешта падобнае з Захадам? Думаю, мы яшчэ ўбачым, як Лукашэнка будзе таленавіта агучваць розныя дэмакратычныя лёзунгі. А вы на “Свабодзе” – пляскаць у ладкі і падтакваць яму”.

Умовы дэмакратызацыі, якія ставіць перад Беларусьсю заходняя супольнасьць, дастаткова канкрэтныя. І зусім ня цяжка пракантраляваць – выконвае іх партнэр, ці абмяжоўваецца імітацыяй і абяцаньнямі. Як можна, спадар Удовік, зрабіць выгляд, што, напрыклад, незалежныя газэты ў Беларусі ня церпяць перасьледу, калі на іх нельга падпісацца і іх немагчыма купіць у газэтным шапіку? Колькі і якіх лёзунгаў трэба прамаўляць, каб на Захадзе паверылі тым лёзунгам, а не дакумэнтальна засьведчаным фактам? Пакуль “Народная Воля”, “Наша Ніва” і сотні іншых газэт ня будуць безь перашкод друкавацца ў беларускіх друкарнях, прадавацца ў шапіках і распаўсюджвацца праз падпіску – ніякім дэклярацыям афіцыйнага Менску ў гэтай справе веры ня будзе. Тым больш, што з палітычнымі мэтадамі і прынцыпамі беларускага лідэра на Захадзе знаёмы дастаткова добра.

Новы ліст ад нашага слухача Алеся Марціновіча з Баранавіч – як заўсёды, са спробай палітычнага прагнозу.

“У Беларусі ня будзе каляровай рэвалюцыі. У выпадку зрыну рэжыму Лукашэнкі дэмакратычныя рэформы могуць надоўга зьнізіць заробкі ў краіне (зь цяперашніх 300 даляраў да 70-150). Абываталь гэта нутром адчувае. Ёсьць нейкі негалосны абыватальскі кансэнсус наконт таго, што краіна будзе паступова пераходзіць да сапраўднага рынку пад кіраўніцтвам Лукашэнкі цягам доўгага часу – прынамсі, да 2016-га году. Так яно, хутчэй за ўсё, і здарыцца.

Псыхалягічна вельмі важна й тое, што беларускі абываталь ня лічыць сябе часткай Захаду, як народы краін новых сябраў Эўразьвязу і НАТО ад Таліна да Сафіі. Таму ў Беларусі ня будзе эйфарычных памкненьняў да заходняй дэмакратыі і безаглядных рынкавых рэформ. Народ падсьвядома адчувае, што на гэтай дарозе можа моцна абламаць крылы.

Новы шавіністычны рэнэсанс у Расеі ня дасьць магчымасьці кіроўнай групе Крамля рэзка задушыць рэжым Лукашэнкі эканамічна. І ў цэлым “луканоміка” мае рэзэрв пераадолець цэнавы рубеж на газ 2010-га году – 260-280 даляраў, а потым падтрымліваць узровень жыцьця ў краіне, блізкі да сярэдняга ў Расеі і ва Ўкраіне”.

Чаму Вы, спадар Марціновіч, лічыце, што дэмакратычныя рэфомы прывядуць да зьніжэньня заробкаў беларусаў? Мяркуеце гэтак па рынкавых рэформах ува Ўсходняй Эўропе на пачатку 90-х гадоў? Але параўнаньне такое не зусім карэктнае. Сёньняшняя эканоміка Беларусі ня ў тым стане, у якім былі эканомікі Літвы ці Польшчы пятнаццаць год таму. У многім і беларуская гаспадарка, і насельніцтва ўжо адаптаваны да рынкавых коштаў, да прынцыпаў рынку.

Да таго ж, выхад Беларусі з палітычнай самаізаляцыі, без сумневу, быў бы актыўна падтрыманы Захадам, у тым ліку й эканамічна. Заходняя супольнасьць ня раз пра гэта заяўляла.

Наш слухач Марк Саньнікаў з Добрушу ў электронным лісьце на “Свабоду” прапануе абмеркаваць стан раённых газэт, якія, як вядома, спрэс зьяўляюцца органамі мясцовых выканкамаў і адлюстроўваюць толькі афіцыйны пункт гледжаньня. Слухач піша:

“Нядаўна прэзыдэнт Лукашэнка, выступаючы на сьвяткаваньні юбілею газэты «Советская Белоруссия”, наракаў на недастатковую крытыку кіраўнікоў мясцовай “вэртыкалі” праз СМІ мясцовага маштабу. Мне нешта незразумела, як гэта можа выглядаць насамрэч і ці магчыма такое наагул? Напрыклад, наша газэта «Добрушскі край» выдаецца з ’35-га году, але, па сутнасьці, напэўна, у тых гадах і засталася. Інфармацыю пра наведаньне гораду нейкімі важнымі пэрсонамі з газэты ўдаецца ўведаць толькі пасьля таго, як падзея адбылася.

А здараецца й па-іншаму: газэта запрашае на прыём да заежджага высокапастаўленага чыноўніка, але каму і чым гэты начальнік дапамог ў выніку прыёму – застаецца за рамкамі публікацый і празь месяц, і праз год. Вось нядаўна газэта запрашала да размовы з адным з кіраўнікоў Камітэту дзяржкантролю, Сяргеем Радэнкам, – з пытаньнямі наконт прэзыдэнцкіх дырэктыў. Асабіста я зьвяртаўся пісьмова – з прапановай, як можна зарабіць на цывілізаванай утылізацыі старых аўтамабіляў. Дадаткова яшчэ падаў ідэю энэргаўстаноўкі – магутнасьці да 2 мільёнаў кілават. Мінулі ўсе тэрміны, ды адказу я не атрымаў. Іншымі словамі, у нашай краіне, відаць, дастаткова фінансавых сродкаў і таннай электраэнэргіі, каб не зважаць на такія дробязі. І для каго пішуцца ўсе гэтыя дырэктывы, калі выконваць іх ніхто не зьбіраецца – нават чыноўнікі высокага рангу?”

Сапраўды, спадар Саньнікаў, чакаць вострых публікацый ад раённых газэт наўрад ці выпадае. І ня толькі таму, што імі кіруюць ідэалягічныя аддзелы мясцовай “вэртыкалі”. Часам ідэалягічныя начальнікі нават падахвочваюць раённых журналістаў: маўляў, крытыкуйце каго заўгодна ў раёне, галоўнае ж – не чапайце старшыні райвыканкаму і адпавядайце, так бы мовіць, “генэральнай лініі”. А журналісты на тыя заклікі не адгукаюцца. Чаму? Усё вельмі проста. Раён – маленькі, усе начальнікі адзін аднаго ведаюць. Як будзеш пісаць крытычны артыкул, напрыклад, пра мясцовы малаказавод, калі ведаеш, што з дырэктарам гэтага заводу рэдактар газэты парыцца ў лазьні?

На заканчэньне – фрагмэнт ліста Пятра Касьнерыка зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну.

“Я ў 1975-м годзе, калі быў яшчэ вучнем дзявятай клясы, з дапамогай арыфмэтыкі прыйшоў да высновы, што калгас – не гаспадарчая, а ідэалягічная структура. Пасьля ўжо знайшоў пацьвярджэньне гэтага ў творах Леніна. І ў сьнежні ’77-га году (трыццаць год таму!) напісаў у “Знамя юности”, што калгасы зьядуць краіну, якая зьбіраецца будаваць камунізм.

А зь лёзунгам “Зямлю – сялянам!” я пражыў на плошчы Леніна перад Домам ураду з 19-га кастрычніка да 7-га лістапада ’90-га году”.

Так, спадар Касьнерык, многія памятаюць Ваш намёт на плошчы ў цэнтры Менску, да якога тады падыходзілі і дэпутаты, і шмат хто зь мінакоў. Як на цяперашні час, дык гэта быў трыюмф дэмакратыі: міліцыянты цягам некалькіх тыдняў баяліся чапаць пікет на галоўнай плошчы сталіцы.

А вось што ў ’77-м годзе ў камсамольскай газэце “Знамя юности” можна было напісаць пра калгасы, якія “зьядуць краіну”, – уявіць цяжка. За такія артыкулы рэдактар і аўтар у той час ня тое што страцілі б пасады – у турму патрапілі б. Можа, Вы маеце на ўвазе ліст, дасланы ў рэдакцыю? Але і ў такім разе непрыемных для сябе наступстваў Вы пазьбегнулі хіба таму, што ў рэдакцыйным аддзеле пісем пашкадавалі Вас – парушылі інструкцыю і не прыцягнулі ўвагі так званых “кампэтэнтных органаў” да вашых “антысавецкіх” высноў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG