Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Ці законна адмовілі ў рэгістрацыі “Маладому фронту”? </B>


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Менскім гарадзкім судзе пачаўся разгляд пазову “Маладога фронту” да Ўправы юстыцыі Менгарвыканкаму, якая адмовіла моладзевым актывістам у рэгістрацыі. На судовым паседжаньні пабываў наш карэспандэнт.

Пазоў “Маладога фронту” разглядае судзьдзя Зоя Салаўёва. Яна адхіліла першае хадайніцтва прадстаўніцы “Маладога фронту” Насты Лойкі, якая прасіла адкласьці паседжаньне з прычыны няяўкі ў суд усіх, хто падаваў пазоў. Што да хадайніцтва пра ўдзел прадстаўнікоў грамадзкасьці, дык яно задаволенае. Такім чынам, у працэс уключыліся праваабаронцы Юры Чавусаў і Алена Тамкачова.

Пазыцыю “Маладога фронту” агучыла Наста Лойка. Дзяўчына лічыць, што “Маладому фронту” адмовілі ў рэгістрацыі незаконна. Актывістка цьвердзіць, што ўсе першапачатковыя прэтэнзіі Ўправы юстыцыі, якія тычыліся дакумэнтаў для рэгістрацыі, былі ўлічаныя. “Мы заяўляем канстытуцыйныя мэты і зацікаўленыя дзейнічаць выключна ў прававым полі”, – сказала Наста Лойка.

Прадстаўніца Менгарвыканкаму Натальля Янушкевіч не сьцьвярджала, што мэты “Маладога фронту” супярэчаць Канстытуцыі. Яна спасылалася на тое, што сябры арганізацыі ўжо ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных акцыях, і таму яны, маўляў, “могуць пачаць дзеяньні, скіраваныя на гвалтоўную зьмену ўлады”. Такая заява выклікала пытаньні ў абаронцаў інтарэсаў “Маладога фронту”. Вось фрагмэнт судовага сьледзтва. Пытаньні прадстаўніцы Ўправы юстыцыі задае праваабаронца Юры Чавусаў.

Чавусаў: “Вы пішаце, што, паводле артыкулу 7 Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях, забароненая рэгістрацыя аб’яднаньняў, якія маюць за мэту гвалтоўную зьмену ўлады, прапаганду вайны, варажнечы. Але ў артыкуле 7 нічога ня сказана пра тое, што забараняецца арганізацыя, якая можа праводзіць пікеты і мітынгі. У чым канкрэтна вы абвінавачваеце заснавальнікаў?”

Янушкевіч: “Ніхто нікому не забараняе нічога ствараць. Але іх мэты супярэчаць мэтадам. Іх мэта, калі гэтак казаць – культурна-асьветніцкая дзейнасьць. Прычым тут мітынгі і пікеты?”

Наста Лойка з гэтым ня згодная. Падаём ейны камэнтар да такой заявы.

“Я ня згодная, што наша дзейнасьць тычыцца толькі культурніцкага аспэкту. Бо нашы мэты – ня толькі спрыяньне выхаваньню моладзі на грунце нацыянальных ідэй і хрысьціянскіх прынцыпаў, але таксама й стварэньне грамадзянскай супольнасьці на падставе дэмакратыі і рынку. А гэтых мэт можна дасягнуць у тым ліку й праз масавыя акцыі”.

Пракамэнтаваць журналістам сваю пазыцыю Натальля Янушкевіч адмовілася.

Судзьдзя Зоя Савельева высьвятляла ў Насты Лойкі, чым “Малады фронт” адрозьніваецца ад іншых моладзевых арганізацый, у тым ліку ад Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Атрымаўшы адказы, судзьдзя абвясьціла перапынак, пасьля якога мусілі пачацца спрэчкі бакоў. Рашэньне ў гэтай справе можа быць прынятае ўжо сёньня.

У “Маладым фронце” не выключаюць, што ўлады сьпяшаюцца пацьвердзіць адмову ў рэгістрацыі арганізацыі да судовых працэсаў над яе актывістамі – Яраславам Грышчэнем, Настай Азаркай ды Іванам Шылам. Нагадаем: справы маладых актывістаў ужо перададзеныя ў суд, працэсы могуць пачацца ў пачатку верасьня. Актывістам пагражае пазбаўленьне волі.

• Малады фронту падаў у суд на Ўправу юстыцыі, 3.08.2007 • П.Севярынец: “Мы чакаем узмацненьня рэпрэсій”, 11.08.07
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG