Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэаліі і міты жніва-2007


Вячаслаў Кулік, Менск Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі паведамляе, што жніво ў краіне вядзецца на апошніх гектарах. Паводле афіцыйнай інфармацыі, агульны намалот перавысіць 7 мільёнаў тон – рэкордны для Беларусі ўраджай. Але многія ўдзельнікі жніва заяўляюць, што ўлады хаваюць праўдзівую інфармацыю пра рэальную хаду кампаніі, у тым ліку зьвесткі пра тое, як ідзе жніво на прыватных участках вясковых жыхароў.

Сёньня ў Шклове Аляксандар Лукашэнка шмат казаў пра рэкорды на жніве ў калгасах ды сельгаскаапэратывах. Што да прыватных гаспадарак, то яны не фігуруюць у агульных дзяржаўных зводках. Тым часам становішча на сялянскіх падворках далёкае ад ідэальнага – паведаміла нашаму радыё Валянціна Карповіч з Мастоўскага раёну:

“Што б там Лукашэнка ні казаў у сябе на радзіме, а на вёсцы жыцьцё складаецца з аднаго: людзі кінуты на выжываньне. Ну, напрыклад, таксама маю 30 сотак збожжа. Заплацілі дорага: па 4 тысячы рублёў – 120 тысяч. І калі палічыць, што я заплаціла за насеньне, за ўзворваньне глебы, за пасеў, то ўся праца каштавала 200 тысяч. Атрымала ж я збожжа прыкладна 900 кіляграм. Вядома, за гэтыя грошы лепей купіла б тону высушанага, нармальнага зерня і ня ведала б ніякіх турботаў”.

У фэрмэрскай гаспадарцы Ірыны Хоміч, што ў Пружанскім раёне на Берасьцейшчыне, многія дзялянкі стаяць яшчэ на корані. Спадарыня Хоміч тлумачыць прычыны:

“Я нават тэлефанавала ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Камбайна ня можам адшукаць. За грошы! Разумееце? Цяпер тут у нас дажджы заліваюць. Палова зерня асыпалася на зямлю. Палова – мокрага”.

Цікаўлюся ў Ірыны Хоміч пра справы на жніве ў мясцовым калгасе.

“У нас тут часта кіраўнікоў мяняюць. Але няма ўраджаю. Няма пакуль. Вось зноў у вёсцы новы старшыня. Магчыма, гэты чаго-небудзь дасягне?”

Афіцыйны паказьнік ураджайнасьці на Берасьцейшчыне – 32 цэнтнэры з гектара, у сельгаскаапэратыве “Радзіма” Пружанскага раёну – 30. Каму верыць: зводкам ці сьведкам?

Экс-міністар сельскай гаспадаркі й харчаваньня Васіль Лявонаў лічыць, што аб’ём сёлетняга ўраджаю ў Беларусі завышаны. І ён жа тлумачыць прычыны прыпісак кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў:

“Папярэдне лічыцца, што мусіць быць у абласьцях, раёнах, гаспадарках. Калі кіраўнік не забясьпечвае паказьніка цяпер, то ён патрапляе пад адміністрацыйны каток. Ну, і такая псыхіка чыноўніка: “А, адкладзем пакараньне на заўтра”. А яго можа й не быць. Ня ўсіх жа правераць. Усе героямі будуць”.

• Аляксандар Лукашэнка раіць калгасам сеяць лазу, 26.07.2007
XS
SM
MD
LG