Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Народ жыве тым жыцьцём, якога ён варты”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 17 жніўня, пятніца. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Алесь Чобат, Горадня: “Прашу перадаць Юрыю Дракахрусту альбо Віталю Цыганкову: тое, пра што я званіў на мінулым тыдні, яшчэ больш удакладнілася – я тады гаварыў, што крызыс будзе за 9-12 месяцаў, а мае калегі, каторыя цяпер практыкуюць інжынэрамі, гавораць, што ім ня будзе чым плаціць у так званы ацяпляльны сэзон. Плюс, цяпер людзі, занятыя ў прыватным гандлі, адзін другому гавораць, што з будучага месяца бяруць мільён з кіёска простага, два мільёны з кіёска большага і невядома колькі з тых, хто залез пад нармальную страху. І гэта ўсё адразу пойдзе ў тую ўборачную кампанію, каторую прэзыдэнт Лукашэнка, нібыта, адмовіўся фінансаваць далей. У яго аж 20% гаспадарак нястратныя, а тыя 80 хай выжываюць, як хочуць. Адным словам, я ўсё ж хацеў бы, каб мы пра гэта пагаварылі, бо гэтыя аналізы -- ці будзе Лукашэнка беларускім нацыяналістам? -- мякка кажучы, беспадстаўныя. Ён ня будзе беларускім нацыяналістам, бо ён нацыяналіст савецкі. І я думаю, што лепш самім адразу сказаць, што людзей чакае, бо людзі ўжо самі даведваюцца, што іх чакае. Альбо нашая работа можа апынуцца запозьненай і пустой. Лепш цяпер, чым пазьней”.

Ціна: “Зразумейце адну простую рэч, што народ жыве тым жыцьцём, якога ён варты. Калі народ сочыць адзін за адным, даносіць – гэта нізкі народ. Жыцьцё, як каханьне, аплачваецца той манэтай, якую само чаканіць. Іншымі словамі, што ўкладзеш - тое і атрымаеш. І каб нешта атрымаць трэба нешта аддаць. Калі народ жыце нядобра – гэта благі народ. Нізкі ўзровень жыцьця – значыць народ нізкі. Стукацтва павінна быць пакарана, даносы – гэта корань усіх бедаў. Культуры няма. Адукацыі якаснай няма. Так званая адукацыя тупая, павярхоўная. Яна ня робіць людзей сапраўды адукаванымі. Няма сумленьня -- няма культуры. Гэта ня проста слова, паверце. Павінна быць якасьць і сумленьне ва ўсім. Калі народ не праяўляе сумленьня ва ўсім – гэта благі народ. Людзі не павінны паядаць адзін аднаго, інакш гэта будзе грамадзтва людаедаў. Гэта, уласна, і адбываецца. Ёсьць людзі -- расьліны і ёсьць людзі -- зьвяры. За жыцьцё трэба змагацца. Толькі той варты шчасьця і свабоды, хто кожны дзень ідзе за іх на бой.”

Сакаловіч Валянціна Іванаўна: “Мяне вельмі ўзрушае наша так званае тэлебачаньне. Чаму ніхто не падымае гэтага пытаньня? Якія трэба мець мазгі, каб усё гэта глядзець і слухаць? Падумаць страшна, што ўсё гэта глядзяць нашы дзеці. Прапаганда сэксу, гвалту, тупая рэкляма, падман, нахабства. Няма нічога сьвятога, тайнага. Гэтыя каштоўнасьці зьнішчаны. Чортава скрыня – гэта бомба, якая канчаткова даб’е нас і нашых дзяцей. Вось дзе рассаднік сумнеўнай якасьці. Разумныя людзі гавораць: “У нас ад гэтага прагляду нэрвы прыходзяць у разьюшаны стан.” Я іх вельмі разумею. Падман і правакацыя – вось, што такое наша тэлевізія. Героі – цалкам усе “мянты”, астатнія ўсё – падонкі. Сорамна, спадарства. Майце хаця б кроплю сумленьня. Я б усім забараніла глядзець наша тэлебачаньне ў тым выглядзе, у якім яно цяпер існуе”.

Спадарыня: “Улада, міліцыя, суд, пракуратура душаць людзей. Гэтыя людзі душаць найперш сябе, бо робячы людзям благую рэпутацыю, яны найперш робяць яе сабе. Гэта толькі пытаньне часу. Жыцьцё мудрэйшае. Яно ўсіх і ўсё расставіць па месцах. Душыць праўду правых людзей – гэта ўсё адно, што душыць жыцьцё альбо моладзь. Але трава прарастае нават праз камяні і асфальт – гэтак і жыцьцё возьме сваё. І ўсё і ўсіх назавуць сваімі імёнамі. Кожнаму за зробленае! Нарабаванае на здароўе ня йдзе. І ўсё ж – на чужым няшчасьці шчасьця не пабудуеш”.

Спадар: “Многія апазыцыянэры ў сваіх званках і лістах на Свабоду незадаволеныя тым, што ў нас у краіне будуюцца лядовыя палацы. Для іх яны як бяльмо на воку. І ў той жа час, вось так размаўляючы зь імі, пераконваюся, што яны не разумеюць, што гэта такое. Яны там ні разу і блізка не былі. Я б ім параіў – прыехаць, паглядзець, зайсьці і дазнацца, што там творыцца ў гэтых палацах. Гэта – палацы здароўя для нашых дзяцей. Там штодня сотні маладзёнаў прыходзяць і займаюцца – на каньках катаюцца, у хакей гуляюць. Яны павінны быць задаволеныя, што наша пакаленьне займаецца нечым патрэбным для здароўя і для краіны, а ім усё гэта не падабаецца. Ім трэба толькі атрымаць грошы і праесьці іх”.

Спадар: “Калі я слухаю радыё ВВС, Нямецкая Хваля ці нават галасы Амэрыкі, Швэцыі, Італіі, Францыі, дык адчуваю нейкую асалоду. Але калі ваша радыё слухаю, дык гэта суцэльнае вар’яцтва. Толькі скрыгота, лаянка, лямант і больш нічога. І усё пра тое, калі ў нас будзе нармальны прэзыдэнт? У каго будзе нармальны прэзыдэнт? У нас нармальны прэзыдэнт. Гэта ў вас галовы такія ненармальныя, дурныя. Бо вы, як зграя звар’яцелых сабак там лаецеся. І слухаць гэта немагчыма, аж настрой псуецца. Што гэта за радыё? Ворагі вы”.

Спадарыня: “Можа быць, мне, цёмнай пэнсіянэрцы, растлумачыць хтосьці з эканамістаў, як гэта сталася, што ў дзяржавы няма грошай заплаціць за газ, калі прадпрыемствы з новага году плацілі па 100 даляраў за яго, людзі таксама аплачвалі газ?.. А дзе ж яны падзеліся гэтыя грошы?”

Уладзімір, Берасьце: “Я нядаўна пачуў, што арганізоўваецца “Эўрапейскі марш” і марш супраць адмены льгот, і што арганізатары зьбіраюцца супрацоўнічаць з уладаю ў іх арганізацыі. Дзіўна ўсё гэта чуць. Няўжо да гэтага часу не зразумела, што з нашым злачынным рэжымам супрацоўнічаць немагчыма? Добра на гэты конт сказаў палкоўнік Алкаеў, што лепш знайсьці 100 чалавек сьмелых і хай бы яны апранулі кашулі з бел-чырвона-белай сымболікай і прайшлі па Менску, па праспэкце Незалежнасьці. Ці ў часе міжнароднага матчу ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг быў бы большы эфэкт. Бачна, што рэжым гэтага баіцца, бо нездарма хлопцу руку зламалі на рок- канцэрце за тое, што ўзьняў нацыянальны сьцяг. І рэзананс міжнародны будзе. Калі чалавек проста крочыць па горадзе ў бел-чырвона-белай майцы, дубінай лупіць ня будуць. А ўсе гэтыя маршы, даруйце, дарма патрачаныя грошы. Ніхто туды ня пойдзе. Народ вельмі запалоханы”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Праваслаўнаму Патрыярху Філарэту Менскаму і Слуцкаму варта павучыцца шчырасьці ў вэнэсуэльскага каталіцкага кардынала, які назваў прэзыдэнта Чавэса маніякальным дыктатарам. Калі Лукашэнка працягнуў свой тэрмін, задаўшы на рэфэрэндуме два пытаньні ў адным, Філарэт у лепшым выпадку прамаўчаў, а, можа, і падтрымаў. Асуджэньня дакладна зь ягонага боку ня было. Маўчаньне, маўляў, золата. Увогуле Лукашэнка зь Філарэтам, як жаніх і нявеста, на ўсіх урачыстасьцях побач. У Бібліі напісана, што Царква – гэта нявеста Хрыста. Дык якая ж яна нявеста Хрыста, калі пабралася шлюбам зь дзяржавай? Раней я быў хрысьціянінам”.

Ларыса, Менск: “Уважліва слухаю “Падарожжы Свабоды”. Нібы прысутнічаеш разам з карэспандэнтам. Цікавыя пытаньні і цікавыя адказы. Вось куды павінны быць накіраваны грошы, каб адрадзіць беларускую вёску і невялікія гарадкі. Тады ня трэба было б езьдзіць у Менск на працу. Я заўжды была прыхільніцай адраджэньня беларускай вёскі. Трэба каб болей было фэрмэрскіх гаспадарак. Ім трэба дапамагаць, а не будаваць аграгарадкі і катэджы, якія нагадваюць шляхецкія маёнткі, а ніякага прыбытку не прыносяць дзяржаве. Трацяць грошы і больш ніякай карысьці”.

Спадар: “Аляксандр Рыгоравіч, я хачу ў вас спытаць як у прэзыдэнта: чаму расейская Дума больш да вас ня едзе? Ня едуць ні Жырыноўскі, ні Зюганаў, ні Селязьнёў. Чым вы іх так пакрыўдзілі? Няўжо ўсё з-за газу, каторы вы хацелі задарма атрымліваць? І ўкраінскі прэзыдэнт Юшчанка ня едзе. А ён абяцаў нам правесьці высакавольтную лінію да Мікашэвічаў. Калі гэта будзе? Можа нашая дума праўду скажа?”
XS
SM
MD
LG