Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Пэтэр Мінаржык і Леанід Дранько-Майсюк


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Аўтары: Ганна Соўсь і Міхась Скобла. Рэдактар: Сяргей Абламейка (эфір 4 жніўня 2007 году)

ПЭТЭР МІНАРЖЫК: “З БЕЛАРУСІ НА ФЭСТЫВАЛЬ ПРЫЕХАЛІ ВЫДАТНЫЯ АЎТАРЫ”

Цэлы ліпень, трыццаць адзін дзень, у чэскім горадзе Брно працягваўся літаратурны фэстываль “Месяц аўтарскага чытаньня”. Сёлета запрошанай краінай была Беларусь, перад чэскімі аматарамі прыгожага пісьменства выступілі амаль тры дзясяткі беларускіх літаратараў зь Менску, Беластоку й Прагі. З арганізатарам гэтага незвычайнага літаратурнага фэсту з чэскага боку Пэтэрам Мінаржыкам гутарыць Ганна Соўсь.

Ганна Соўсь: “Пэтэр, як вы, як арганізатар, ацэньваеце вынікі фэстывалю?”

Петэр Мінаржык: “Ацэньваць вынікі фэстывалю павінны гледачы, якія прыходзілі на фэстываль, а я, як адзін з арганізатараў, магу сказаць, што зьдзіўлены і задаволены тым, як фэстываль праходзіў, і што з трыццаці аднаго запрошанага, за выключэньнем чатырох чалавек, прыехалі ўсе. Нам падаецца, што з арганізацыйнага боку ўсё было добра, тут нельга скардзіцца. Хаця ня вельмі добра тое, што на беларускую частку прыходзіла меней людзей, чым на чэскую. Але гэта можна кампэнсаваць тым, што ў інтэрнэце зьмешчаныя ўсе матэрыялы, і тыя, хто цікавіцца, могуць усё знайсьці ў сеціве. Калі параўноўваць зь мінулым годам, калі гасьцямі былі пісьменьнікі зь Нямеччыны і са Славаччыны, то таксама на іх прыходзіла няшмат людзей. Гэта ўсё вельмі адносна. Я тлумачу гэта тым, што гутаркі трэба было сынхронна перакладаць, а гэта даволі цяжка слухаць”.

Соўсь: “Калі паглядзець на гісторыю фэстывалю, то пасьля ўвядзеньня практыкі ганаровага госьця два гады таму былі запрошаныя Нямеччына і Славакія – суседнія краіны. Чаму сёлета была абраная Беларусь, а не, напрыклад, суседняя Польшча? Чым тлумачыцца такая цікаўнасьць да беларускай літаратуры?”

Мінаржык: “Чаму менавіта Беларусь? На гэта ёсьць некалькі прычынаў. Па першае, тое, што мы ведаем аб беларускай літаратуры, што мы чыталі і тое, як нам яе прадстаўляў Сяргей Сматрычэнка, здалося нам дастаткова цікавым і для чэскай публікі невядомым. Мы сабе сказалі: “Прывезьці гэтую літаратуру сюды – вартая справа”. Наш фэстываль не засяроджваецца на суседзях. Адкрыю таямніцу – у наступным годзе ганаровымі гасьцямі фэстывалю будуць канадзкія літаратары. Так што суседзтва – гэта не галоўны крытэр”.

Соўсь: “Штодня ў ліпені вяліся наўпроставыя трансьляцыі чытаньняў, з сайту фэстывалю можна скачаць відэазапісы ўсіх выступаў. Ці ёсьць ужо статыстыка наведваньня сайту фэстывалю? Ці будзе нейкім чынам выкарыстаны гэты ўнікальны літаратурны відэа-архіў?”

Мінаржык: “На гэты момант на старонку фэстывалю зайшло каля 10 тысяч чалавек. Больш за ўсё людзі заходзілі ў архіў, дзе ёсьць запісы выступаў. Гэта насамрэч вельмі прыстойная лічба. Онлайн-трансьляцыі слухалі параўнальна мала людзей. Пасьля выступаў у архіве відэазапісаў усчынаўся сапраўдны вецер. Так што больш за ўсё выкарыстоўвалі якраз архіўныя матэрыялы”.

Соўсь: “Ці выйдзе ў сьвет па выніках фэстывалю нейкае выданьне, зборнік?”

Мінаржык: “Ня ведаю, ці будзе кніга. Але застануцца архіўныя матэрыялы, якія зьмешчаныя на інтэрнэт-старонцы фэстывалю. Цяпер разглядаем магчымасьць выданьня зборніка, які б мог выйсьці да наступнага фэстывалю – гэта значыць, да ліпеня 2008 году. І ён бы мог таксама зьмяшчаць водгукі на гэты фэстываль. Пакуль гэта толькі мара, але мы спадзяемся, што супрацоўніцтва з беларускім бокам будзе працягвацца. І магчыма, мы зробім стыпэндыі для беларускіх аўтараў. Яны гэтыя стыпэндыі атрымаюць у Чэхіі або ў іншых краінах цэнтральнай Эўропы. А потым тут будуць выдадзеныя іх кніжкі на беларускай і чэскай мовах. Але пакуль гэта толькі пляны”.

Соўсь: “Як вы ацэньваецца ўзровень беларускай літаратуры, якая была прадстаўленая на фэстывалі?”

Мінаржык: “Я не павінен быў бы ацэньваць, але магу сказаць, што ня быў зьдзіўлены, таму што быў знаёмы з “Анталёгіяй беларускіх апавяданьняў”, якая тут у нас выйшла. Таму трошкі быў абазнаны ў вашай літаратуры . Я задаволены, але найболей мяне цешыць, што сюды ходзяць людзі і кажуць, што гэта – выдатныя тэксты і выдатныя аўтары.. Таму магу сказаць: тым людзям, якія ходзяць на кожны выступ, узровень спадабаўся, і яны задаволеныя”.

Соўсь: “Асабіста на вас выступ якога беларускага аўтара зрабіў найвялікшае ўражаньне?”

Мінаржык: “Гэта цяжка сказаць. Як на мой густ, дык зьвярнуў на сябе ўвагу спадар Разанаў, пасьля некаторыя рэчы Ільлі Сіна – ня столькі пэрформанс, колькі тэксты. Таксама Вішнёў, і так далей. Але Разанаў зьвярнуў на сябе ўвагу, мне спадабалася, як ён дыскутуе з аўдыторыяй. Але зноў кажу, аўтараў на самой справе вельмі многа, цяпер у мяне ў галаве ўжо ўсё зблыталася, і я не хацеў бы нікога прапусьціць”.

Соўсь: “Штодня выступалі і беларускія, і чэскія літаратары. Ці адбываўся паміж імі нейкі кантакт?”

Мінаржык: “Натуральна, што кантакты паміж імі былі, мы ім ніяк не заміналі. Але гэта былі як бы асобныя элемэнты фэстывалю. Час ад часу ўтваралася невялічкая суполка, удзельнікі паміж сабой кантактавалі незалежна ад нас, арганізатараў, але кантакт залежаў не ад таго, чэскі гэта літаратар, або беларускі, а хутчэй ад таго, якія гэта былі людзі”.

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК: “ЗАПАВЕТ МАСАРЫКА Ў ЧЭХІІ ВЫКОНВАЕЦЦА НА ДЗЯРЖАЎНЫМ УЗРОЎНІ”

Адным з удзельнікаў фэстывалю “Месяц аўтарскага чытаньня” быў паэт Леанід Дранько-Майсюк. Падзяліцца сваімі ўражаньнямі па вяртаньні з Чэхіі яго папрасіў Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Леанід, цэлы месяц, штодзень – літаратурныя сустрэчы… А ці не стаміліся слухачы ад такой колькасьці паэзіі й прозы?”

Леанід Дранько-Майсюк: “Калі рыхтаваўся да паездкі ў Чэхію і ў тыя дні, якія прабыў у Брне і Празе, я міжволі ўспамінаў сваю вандроўку ў якасьці пасажыра літаратурнага экспрэса “Эўропа 2000”, якая адбылася ўлетку 2000 году. Сёлетняя паездка – кароткая, з адным выступленьнем, а тая вандроўка – доўгатэрміновая, доўжылася ажно 46 сутак, і выступленьняў тады было вельмі і вельмі шмат – у Лісабоне, Мадрыдзе, Бардо, Парыжы, Лілі, Брусэлі і так далей, да самага Санкт-Пецярбурга і Масквы, са зваротам у Бэрлін. Была магчымасьць паназіраць за эўрапейскай публікай, за аматарамі сур’ёзнай літаратуры… Гэтых людзей мала, яны вельмі ўважлівыя і яны не стамляюцца слухаць; яны вельмі жыва ўспрымаюць інтэлектуальны гумар, інтэлектуальныя развагі і паэтычнае мастацкае пісьмо. Можна сказаць, што сёлета ў Брне я сустрэўся з тымі ж рэдкімі слухачамі, з тымі адмысловымі аматарамі літаратуры, з якімі сустракаўся сем гадоў таму ў прасторы, па якой рухаўся знакаміты літаратурны экспрэс “Эўропа 2000”.

Скобла: “Беларускія творцы выступалі ў пары з чэскімі. З кім у адзін дзень выпала чытаць табе?”

Дранько-Майсюк: “Я прыехаў у Брно з Барысам Пятровічам раніцай 11 ліпеня і вечарам мы ўжо слухалі выступленьне чэскага пісьменьніка Яна Новака. Была поўная заля, што яскрава сьведчыла – чэхі любяць сваю літаратуру, сваіх пісьменьнікаў. Поўня заля была і 12 ліпеня, калі выступаў Арношт Голдфлам (ён і быў маім напарнікам), а 13 ліпеня, калі чытаў сваю прозу Павал Когаўт, дык наогул не было дзе сесьці – слухачы мусілі стаяць. Чэская публіка прагматычная на амэрыканскі лад – ёй найперш цікава сваё: свой час і свае грошы на чужое яна выдаткоўваць ня любіць. Гэта зусім ня значыць, што чэхі забыліся на запавет свайго вялікага прэзыдэнта Томаша Масарыка: уважліва, чуйна ставіцца да іншых! Сам гэты фэстываль “Месяц аўтарскага чытаньня”, які адбыўся дзякуючы клопату міністра замежных справаў Чэскай рэспублікі Карла Шварцэнбэрга, сьведчыць, што на дзяржаўным узроўні запавет Масарыка выконваецца”.

Скобла: “Ёсьць выдатнае чэскае слова “будытэл” – чалавек, які будзіць нацыю. Гэтак у Чэхіі называлі паэтаў, якія ў 18-19 стагодзьдзях распачыналі нацыянальнае адраджэньне. У нас і цяпер ёсьць і патрэбныя паэты-будзіцелі. А ў Чэхіі ці засталіся?”

Дранько-Майсюк: “Будзіць – значыць, вяртаць да жыцьця, выводзіць на шлях актыўнай дзейнасьці, нацыянальнай работы. Такая задача стаіць і па сёньняшні дзень перад нашай беларускай літаратурай. Ня думаю, што сучасная чэская літаратура мае гэткі ж клопат. Пад уплывам музыкі Сьметаны і паэтычных, празаічных, урэшце – крытычных твораў Яна Нэруды чэхі, як нацыя, былі разбуджаныя яшчэ ў 19 стагодзьдзі. Высілкі творцаў былі завершаныя працай палітыкаў – таго ж Масарыка, Эдуарда Бэнэша, і ў 1918 годзе паўстала незалежная Чэхаславакія. Мне здаецца, што перад сучаснаснымі пісьменьнікамі Чэхіі стаяць перш за ўсё эстэтычныя, псыхалягічныя, мастацкія, а не асьветніцкія задачы”.

Скобла: “Гісторыя міжнародных літаратурных фэстываляў узбагачаецца ўзаемаперакладамі. Ці зьявяцца вершы Дранько-Майсюка па-чэску, а вершы чэскіх паэтаў – па-беларуску ў тваім перакладзе?”

Дранько-Майсюк: “Спадзяюся, што па выніках нашых чытаньняў у перакладзе на чэскую мову зьявіцца том сучаснай беларускай паэзіі й прозы. У гэтым сэнсе праца арганізатараў фэстывалю чэха Петара Мінаржыка й беларуса Сяргея Сматрычэнкі набудзе сваё лягічнае завяршэньне”.

Скобла: “У Брне беларускія літаратары ня толькі чыталі свае творы, але й паказвалі пэрформансы. Як быў успрыняты гэты від мастацтва чэскай публікай?”

Дранько-Майсюк: “З дастатковай псыхалягічнай насьцярогай. Літаратурныя гульні своечасовыя тады, калі творцу 18-20 гадоў, а калі яму пад 40, а ён усё працягвае гуляцца, то гэта выклікае скепсіс, усьмешку. І хочацца спытацца: “А дзе сур’ёзныя творы?” Бо літаратура – гэта найперш сур’ёзны, інтэлектуальны, эмацыянальны тэкст. А ці ляжым мы на стале, ці ляжым мы пад сталом – гэта не літаратура. Гэта нешта іншае”.

Скобла: “У праскім мэтро на месцы, дзе ў нас – рэкляма, разьвешаныя вершы клясыкаў чэскай паэзіі. Людзі едуць на працу і чытаюць. Як на тваё ўспрыманьне, чэхі – больш паэтычны народ, чым беларусы?”

Дранько-Майсюк: “Мне падабаецца, калі на вялікіх стэндах можна прачытаць вершы. Неяк на Нямізе на рэклямным плякаце я прачытаў чатырохрадкоўе Пятра Глебкі й вельмі ўсьцешыўся. Што да твайго пытаньня, то яно філязофскае, патрабуе спакойнай развагі. Паэтычны – то бок багаты на хараство, на тонкія адчуваньні, на прыгожыя эмоцыі. Усё гэта ўласьціва нам, беларусам. Усё гэта ўласьціва й чэхам. Але ў кожнага народу свой падыход, сваё разуменьне і паэзіі, і хараства, і жыцьця наогул. Усё гэта залежыць ад размаітага букета, які складаецца з гістарычных, эканамічных, геаграфічных, рэлігійных і культурных традыцый. Таму, як вядома, ёсьць народы, якія больш эмацыянальныя, а ёсьць больш рацыянальныя. Розьніца толькі ў характары і яшчэ ў грашах, але ніяк не ў паэтычнасьці – то бок прыгажосьці. Таму роўна настолькі, наколькі чэхі больш паэтычны народ за беларусаў, настолькі ж беларусы больш паэтычны народ за чэхаў!”

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК. З БУДУЧАЙ КНІГІ “КОН”

ЖЫЖАЛЬ

Нехта маніць, хлусіць – Я ж вам не маню: Тут, у Беларусі, Жыжаль – бог агню.

Блішча, залацее, Сьвеціць, а яшчэ Добрае ён грэе, Кепскае пячэ.

Пагарэўшы нішкам, З долу рвецца ўвыш – Жыжаль, Жыжа, Жыжка! Неспакойны Жыж!

Не малы бажышка, Не такі й стары ж – Жыжаль, Жыжа, Жыжка! Памяркоўны Жыж...

ПЯРУН

За маланкаю маланка, А за громам – большы гром... Бліскавіца па-над ганкам, Навальніца за сялом.

Скрозь такая сінізна – Гэта фарба Перуна! І з дубовае грады Долу градам жалуды!

Яры тур за хмарай страшна Рогам крышыць камяні, Грукат доўжыцца працяжна, Іскры сыплюцца, агні...

Зачыняйце вокны, дзьверы, Добра думайце пра лёс, Бо ляцяць ужо сякеры Перуновыя з нябёс.

Калі знойдзеце сякеру, То Пярун вам дасьць тады, Не шкадуючы, бязь меры, Моц на доўгія гады.

ДОХ

На дзьвюх, на трох, на чатырох?!. Відаць, ніхто ня ведае, На колькіх лапах скача Дох, Як ходзіць ён, як бегае...

Глядзіць, напужаны, з кута, Ці робіць міну важную, І ці падобны на ката, Ці на сабаку страшнага?..

А мо ня лапы – капыты Ён конскія падкідвае, З кустоў зразаючы лісты Хвастом, як вострай брытваю?..

Ня ведае, напэўна, й Бог, Заўважу тут дарэчы я, Ці мае пысу гэты Дох, Ці морду чалавечую?..

Аброс карою ці луской, Ці скураю сабакавай? Жыве ў рацэ ці над ракой, Ці ў пушчы ваўкалакавай?..

Мо тое гэтак?.. Мо ня так?.. Пытаньне за пытаньнейкам... Ды выкажу, нібы няўзнак, Такое меркаваньнейка:

Калі з рагамі галава, Калі карона з рэшата, Тады ягоны дом – дрыгва, Што зьнікла не дарэшты тут.

Ён чорт і, пэўна, сьмерць сама! І землякі як здорава “Ах, Доха на цябе няма!” – Гавораць так пра ворага.

А вораг той ня божы грак, Таму з душой адкрытаю Ля Турава гавораць так І ў Гарадку Давыдавым.

СВАРОГ

Бог нябеснага агню, Дай сваю нам цеплыню, Страхі роднае зямлі Родным небам атулі.

Не было яшчэ багоў – Ты ж глядзеў з усіх бакоў; Кожны кут і кожны рог Сьведчыў: першы бог Сварог!

Ты сям’ю ахоўваў. Тут Вынішчаў распусту, блуд; Юр, нібы заразу, ты Кідаў у агонь сьвяты.

Наша кроў з твайго сьвятла Моц кавальскую ўзяла: На маланкі і грамы Пераплешчам Цмока мы!

КОН

Кон. Па-над намі спакон Веку дыхае ён!

Ён – Цар парадку здавён, Лёсу нашага звон!

Лён – Гэта Конавы сон, Ложа, покуць і трон!

Плён – Гэта жорны і млён, Бачны воблік твой, Кон!

Скон – Гэта зорны праклён, Пацалунак твой, Кон...

Самы лепшы закон – Не хавацца за Кон І ня ставіць на кон.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG