Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як можна абараніць маладафронтаўцаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск 16-га жніўня ў Дзень беларускай салідарнасьці прайшло паседжаньне грамадзкага камітэту абароны актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, якіх перасьледуюць ўлады. Якія захады прапануе грамадзкасьць, каб дапамагчы юнакам, якія за палітычныя погляды могуць апынуцца за кратамі?

Грамадзкі камітэт абароны актывістаў “Маладога фронту” ачольвае адзін зь лідэраў апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч. Ён і вёў сёньняшняе паседжаньне. Спадар Мілінкевіч нагадаў, што ў траўні масавыя акцыі салідарнасьці дапамаглі пяці актывістам “Маладога фронту”, якім пагражала турма. Суд абмежаваўся для іх штрафамі і папярэджваньнямі. Тое, якімі будуць прысуды яшчэ тром актывістам, залежыць ад грамадзтва Беларусі, - мяркуе палітык.

Працэсы чакаюць маладафронтаўцаў Яраслава Грышчэню з Баранавіч, Насту Азарку зь Нясьвіжу і непаўнагадовага Івана Шылу з Салігорску. Дарэчы, на паседжаньне прыехалі бацькі юнака. Уладзімер Шыла перадаў прысутным пажаданьні свайго сына, якому ўжо забаронены выезд з Салігорску:

“Гэта найперш пытаньне дапамогі. Трэба даводзіць да людзей хоць нейкую інфармацыю. Гэта можна рабіць праз улёткі, праз газэты, праз той жа бюлетэнь, які ён выдае. Каб было як надрукаваць, а ўсё астатняе за Іванам”.

Праваабаронца Людміла Гразнова засяродзіла ўвагу на такой праблеме: "ня ўсе бацькі падтрымліваюць сваіх дзяцей-актывістаў гэтак, як бацькі Івана Шылы. Такая сытуацыя ўскладняе псыхалягічны стан маладога чалавека, якога перасьледуюць улады. Чым дапамагчы такім актывістам?"

Праваабаронца прапанавала сустрэцца ці напісаць лісты бацькам рэпрэсаваных актывістаў, каб пераканаць іх ў тым, што іх дзецьмі трэба ганарыцца.

На паседжаньне камітэту прыйшлі палітыкі. Сярод іх старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка і лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч. Спадар Вячорка прапанаваў стварыць працоўныя групы па пэўных накірунках. Інфармацыйная група будзе інфармаваць пра справы рэпрэсаваных маладафронтаўцаў. Арганізацыйная возьмецца за арганізацыю паездак на працэсы тых, хто хоча падтрымаць юнакоў. Прававая будзе аказваць падсудным юрыдычную дапамогу.

Мікалай Статкевіч прапанаваў падтрымку актывістаў іншых дэмакратычных партый ў Салігорску і Баранавічах. Складаней будзе з Нясьвіжам, дзе актывістка “Маладога фронту” Наста Азарка фактычна адна змагаецца за дэмакратыю. Мікалай Статкевіч мяркуе, што рэпрэсіі супроць “Маладога фронту” інсьпіруе лобі ў сілавых структурах, якое не арыентавана на інтарэсы Беларусі:

“Гэтае лобі сканцэнтравала сваю дзейнасьць на рэпрэсіях супроць беларукіх патрыятычных арганізацый. Яны адным камянём хочуць забіць адразу трох зайцаў. Першае, аслабіць праэўрапэйскае патрыятычнае крыло апазыцыі на карысьць прарасейскага. Другое, не дапусьціць лібэралізацыі адносін рэжыму Лукашэнкі з захадам. І трэцяе, такім чынам яны спрабуюць рабіць кар’еру і даказваць ляяльнасьць да Лукашэнкі”.

Палітык нагадаў, што рэпрэсіі супроць “Маладога фронту” актыўна разгарнуліся, калі старшынём КДБ працаваў Сьцяпан Сухарэнка, але гэта не ўратавала яго ад адстаўкі. “Галоўнае, што мы супрацьпаставім гэтым рэпрэсіям”, -- перакананы Мікалай Статкевіч.

Алег Грузьдзіловіч, Менск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG