Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Элвіс Прэсьлі і праз 30 гадоў пасьля сьмерці застаецца каралём


Аляксей Знаткевіч, Прага Каля пяцідзесяці тысяч чалавек прыйшлі сёньня на магілу Элвіса Прэсьлі ў амэрыканскім штаце Тэнэсі, каб ушанаваць памяць знакамітага сьпевака. Праз 30 гадоў пасьля сваёй сьмерці ў 42-гадовым узросьце "кароль рок-н-ролу" застаецца адным з самых папулярных у сьвеце выканаўцаў.



У студзені 1956 году песьня "Гатэль, дзе разьбіваюцца сэрцы" ў выкананьні Элвіса Прэсьлі заняла першае месца ў амэрыканскім гіт-парадзе. За наступныя паўтара году яшчэ восем песьняў Элвіса выйшлі на першыя радкі, а ягонае імя стала вядомым па ўсім сьвеце.

Нават праз 30 гадоў пасьля сьмерці Элвіса Прэсьлі прыбыткі ад продажу ягоных дыскаў і паказу 33 фільмаў, у якіх ён зьняўся, зьбіраюць каля 40 мільёнаў даляраў штогод. Сярод памерлых выканаўцаў па гэтым паказьніку яго апярэджвае толькі лідэр гурту "Нірвана" Курт Кабэйн. Агулам на сёньня прададзена каля мільярду дыскаў Элвіса – больш чым якога іншага сьпевака.

Да 30-годзьдзя зь дня сьмерці Элвіса Прэсьлі фірма гуказапісу RCA Victor, на якой ён запісваўся, выпусьціла набор з 18 кампакт-дыскаў, якія ахопліваюць усю кар''еру сьпевака. Акрамя таго, заўтра ў сьвет выйдзе новае відэа, на якім яшчэ малады Элвіс сьпявае песьню "У гета" разам са сваёй дачкой, Лізай-Марыяй, якой цяпер 39 гадоў. Голас Лізы-Марыі быў дададзены да арыгінальнага запісу Элвіса з 1969 году.

У дзяцінстве Элвіс захапляўся нэгрыцянскай музыкай госпэл і сваімі запісамі здолеў прыцягнуць слухачоў, якія раней ніколі ня слухалі "чорную" музыку. Ён таксама натхніў шмат якіх маладых людзей, якія пасьля сталі знакамітымі музыкамі. Джон Ленан аднойчы сказаў: "Да Элвіса не было нічога".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG