Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Дзень беларускай салідарнасьці пачаўся з затрыманьняў на мяжы </B>


Алег Грузьдзіловіч, Менск 16 дзень кожнага месяца у Беларусі традыцыйна адзначаецца апазыцыйнымі сіламі як Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі і грамадзянамі, перасьледаванымі ўладамі з палітычных матываў. Сёньня Дзень салідарнасьці пачаўся з акцыі на беларуска-ўкраінскай мяжы, дзе ўжо апоўдні зьявіліся першыя затрыманыя.

Напярэдадні актывісты палітычных партый і рухаў казалі, што не зьбіраюцца адмаўляцца ад арганізаваных акцый у Дзень салідарнасьці, але спадзяюцца й на ініцыятыву зьнізу. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька дадаў інтрыгі, заявіўшы пра падрыхтоўку незвычайнай акцыі:

“Чакайце. Сёньня нашыя маладыя дэмакраты ладзяць сумесную акцыю з прадстаўнікамі адной з суседніх краін”.

Пасьля паўдня стала вядома пра пікет на ўкраінскім баку памежнага зь Беларусьсю пераходу Новая Гута. Паводле зьвестак прэсавай службы АГП, акцыю наладзілі сумесна беларускія і ўкраінскія актывісты. Яны вывесілі некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў і раздавалі людзям улёткі з патрабаваньнем вызваліць Андрэя Клімава ды іншых беларускіх палітвязьняў.

Кацярына Ткачэнка з прэсавай службы АГП распавяла, што яшчэ да пачатку акцыі беларускія памежнікі затрымалі актывістаў АГП Віталя Стажарава і Аляксандра Сяргеенку. У іх не было ніякай апазыцыйнай літаратуры, а толькі афіцыйны сьцяг АГП і пісьмовы дазвол на яго. Кацярына Ткачэнка ня ведае, за што затрымалі ейных калег.

“У смс-паведамленьні ад іх было напісана, што іх здымаюць на камэру. Мы спрабавалі да іх дазваніцца, але сувязі не было. Спачатку папросту ня бралі слухаўкі, потым: “абанэнт недасяжны”.

Са слоў Кацярыны, калі б Віталь Стажараў і Аляксандар Сяргеенка дабраліся да Ўкраіны, яны паведамілі б па тэлефоне.

Нагадаем: першы дзень беларускай салідарнасьці быў зладжаны ў кастрычніку 2005 году. Яго сымбалем сталі джынс і запаленыя сьвечкі. Ініцыятары дзён салідарнасьці прыгадалі, як падчас затрыманьня актывіста Мікіты Сасіма ў яго адабралі бел-чырвона-белы сьцяг, а замест яго юнак узьняў джынсавую кашулю.

У наступныя месяцы ўжо рана цямнела, і апазыцыянэры абралі наступную тактыку: заклікалі а 8-ай гадзіне вечара запальваць сьвечкі ў вокнах. Ужо празь некалькі месяцаў увечары 16-га ў тысячах кватэрах беларусаў сталі запальваць сьвечкі, а моладзь – выходзіць са сьвечкамі на плошчы і да гістарычных помнікаў.

Паводле Паўла Севярынца – зусім нядаўна палітвязьня, сёньня ў больш як 30 гарадах Беларусі прайшлі акцыі салідарнасьці. Спадар Севярынец, амаль два гады адбыўшы на “хіміі” за арганізацыю мітынгу пратэсту, перакананы ў вялікім значэньні ідэі салідарнасьці для беларускага грамадзтва:

“Наша цэнтральнае мерапрыемства сёньня – гэта паседжаньне аргкамітэту салідарнасьці з маладафронтаўцамі. Узначальвае яго Аляксандар Мілінкевіч. Мы запрасілі шмат вядомых людзей, прадстаўнікоў бацькоўскага камітэту, замежных амбасадараў. І, канечне, шмат моладзі. Будзем абмяркоўваць, як дапамагчы Грышчэню, Азарцы і Шылу ў судовых працэсах, распачатых супраць “Маладога фронту” па рэгіёнах. А пасьля маем пайсьці да касьцёлу Сьвятога Язэпа, каб разам памаліцца – на знак салідарнасьці”.

Нагадаем: актывістаў “Маладога фронту” Яраслава Грышчэню з Баранавіч, Насту Азарку зь Нясьвіжу і Івана Шылу з Салігорску абвінавацілі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Крымінальныя справы юнакоў ужо перададзеныя ў суд. Раней паводле падобнага абвінавачаньня ўлады асудзілі шэраг моладзевых актывістаў. Лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча пакаралі на 1,5 году зьняволеньня. Калі ў траўні праходзіў суд над Настай Палажанкай, Барысам Гарэцкім, Зьмітром Хведаруком і Аляксеем Янушэўскім, на працэс прыходзілі сотні маладых людзей, выяўляючы салідарнасьць з актывістамі. У выніку суд абмежаваўся для іх папярэджаньнем.

• Дзень салідарнасьці ў Менску прайшоў без затрыманьняў, 16.07.07 • У Менску дзень салідарнасьці адзначылі супольнай малітвай, 16.06.07
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG