Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьявяцца ў Беларусі разьменныя манэты?


Іна Студзінская, Менск Сёньня Нацыянальны банк выпусьціў у абарачэньне першыя памятныя манэты новай сэрыі “Птушка году” – “Звычайны салавей”. А ўсяго з 1996 году, калі была адчаканеная першая нацыянальная манэта Рэспублікі Беларусь, выраблена больш за 90 найменьняў мэмарыяльных манэт. Тым часам у Беларусі няма разьменных мэталічных грошай – толькі папяровыя банкноты. Ці зьявяцца бліжэйшым часам манэты ў штодзённым абарачэньні?

Ёсьць міжнародная практыка: калі краіна распрацоўвае сваю грашовую сыстэму, найперш выпускаюцца мэталічныя грошы, манэты. Ува ўсіх краінах ёсьць разьменная мэталічная сыстэма і ёсьць папяровая грашовая сыстэма – сьцьвярджае кандыдат гістарычных навук Ірына Колабава.

“Мэмарыяльныя манэты выпускаюцца, як правіла, у краінах, якія маюць манэтную грашовую сыстэму. Ненармальная рэч для фінансавай грашовай сыстэмы: у нас няма разьменных мэталічных грошай – манэт. Тым ня менш, наша краіна выпускае манэты мэмарыяльныя, памятныя. Розныя, прыгожыя – адпаведныя. І гэтак далей... Але гэта ж не зусім сапраўдныя грошы. У клясычнай нумізматыцы мэмарыяльныя манэты сапраўднымі грашыма ніколі не зьяўляліся”.

Прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч сказаў, што выпускаць разьменныя манэты Беларусі немэтазгодна:

“Гэта нятанная рэч. Немэтазгодна выпускаць разьменныя манэты. Пры той інфляцыі, якая назіралася з 2000 году, калі быў уведзены банкнотны рад, – падлічыце інфляцыю: колькі яна “зьела”. Неплацежаздольныя будуць манэты”.

Такім чынам, дробных мэталічных грошай у Беларусі бліжэйшым часам ня будзе. А вось беларускія мэмарыяльныя манэты высока цэняцца сярод калекцыянэраў. Манэта “Беларускі балет” стала “манэтай сьвету” у 2005 годзе (на конкурс былі выстаўленыя манэты з 70 краінаў). Вельмі прыгожымі лічацца сэрыі “Гісторыя і культура Беларусі”, “Сьвяты і абрады беларусаў”, “Помнікі архітэктуры”, “Нацыянальныя паркі”, “Казкі краінаў сьвету”. Надпісы на ўсіх выкананы па-беларуску.

Намінал у беларускіх манэт вельмі нізкі: 10, 20, 50, максымум – 200 рублёў. Манэта “Ліса” – 7,78 грама золата 999 пробы з дыямэнтамі – мае намінал 50 рублёў. Намінал “Беларускага балету” – 31 грам золата – 200 рублёў. Чаканяць беларускія мэмарыяльныя манэты ў Расеі, Казахстане, Літве, Польшчы, Нямеччыне, Швайцарыі. І хоць памятныя манэты зьяўляюцца законным плацёжным сродкам Беларусі, ніхто ў краме імі не разьлічваецца. Гісторык Ірына Колабава кажа:

“Гэта дастаткова пэўныя прыбыткі ў нашу казну. Яны запускаюцца на калекцыянэрскі рынак для прэзэнтацый, для падарункаў. Прыгожыя манэты вельмі хутка распрадаюцца ў касах Нацыянальнага банку. Потым на калекцыянэрскіх чорных рынках яны прадаюцца на некалькі парадкаў даражэй. Яны на самой справе добрыя, прыгожыя, дызайн цікавы – тут нічога ня скажаш. Толькі парушаныя правілы клясычнай грашовай сыстэмы”.

• Памяць легендарных полацкіх князёў ушануе Нацбанк, 28.12.2005 • Выгляд новых памятных манэтаў Нацыянальнага банку не зусім здавальняе адмыслоўцаў, 15.07.2004
XS
SM
MD
LG