Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: Як гарадзенскія гандляры ставяцца да заклікаў пачаць страйк?


Міхал Карневіч, Горадня Прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху заклікаюць пачаць з 1 верасьня страйк супраць адвольных канфіскацыяў з боку кантрольных органаў. Як гарадзенскія гандляры ставяцца да такіх заклікаў? З гэтым пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гандляроў на Скідальскім рынку Горадні.

Спадар: “Я за тое, каб страйкаваць. Але справа ў тым, што гэта залежыць ад кожнага чалавека. Мне здаецца, яшчэ на гэта не прыйшоў час, бо ўлады яшчэ даюць нам трохі паветра – і людзі пакуль не гатовы да страйку”.

Спадарыня: “Трэба нейкім чынам хоць нешта для сябе адваёўваць. Таму што так, як цяпер у нас, немагчыма. Я нядаўна на рынку, але ўжо бачу, што ўлады перагінаюць...”

Спадар: “Іншага выйсьця няма – трэба ладзіць страйк. Ад нас жа патрабуюць нейкіх паперак, дакумэнтаў, якіх наагул не існуе ў прыродзе, а тым самым часам на гэтым самым рынку аб’яўляюць, што ў нейкай краме прадаюць канфіскаваны тавар. Яны забралі яго ў нас (раз не было дакумэнтаў), а самі прадаюць. Ім, прабачце, не патрэбны аніякія на гэта дакумэнты”.

Спадар: “Трэба, каб гэта было арганізавана па ўсёй Беларусі, а ня толькі ў нейкім асобным рэгіёне. Трэба, каб нехта гэта арганізоўваў. А людзі цяпер баяцца гэта рабіць, бо многія ўжо за кратамі...”

Ягоны сусед: “Я таксама яго падтрымліваю: патрэбен шырокі, масавы супраціў рэжыму – інакш па адным усіх перадушаць. Іншага выйсьця няма...”

Спадарыня: “Я лічу, што трэба выходзіць на страйк. Толькі абавязкова пры гэтым не плаціць падаткаў. Інакш ня будзе ніякага выніку. І, дарэчы, нават ня трэба выходзіць страйкаваць – дастаткова не плаціць падаткаў. Адзін, два месяцы, спадзяюся, неяк пратрымаемся”.

Спадар: “Да страйку стаўлюся нармальна. Бяз гэтага нам не абысьціся: іншыя мэтады на ўладу не ўплываюць. Калі праводзілі страйкі, – мы нечага дамагаліся, а так нас па адным перадушаць”.

Спадарыня: “Трэба страйкаваць усім разам. На нашым рынку амаль усе на гэта настроены. Таму што паўсюль безвыходнасьць, мы ўсяго баімся – і з таварам, і без тавару. Адзіная праблема: у нас няма здольнага лідэра ў Горадні. І страйк трэба рабіць па ўсёй краіне”.

Спадар: “Што тут думаць: трэба рабіць усебеларускі страйк і вылучаць, акрамя эканамічных, палітычныя патрабаваньні. Усе эканамічныя праблемы залежаць ад палітычных рашэньняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG