Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нам ствараюць умовы, абсалютна не спрыяльныя для жыцьця”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 16 жніўня, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Уладзімер Пяскоўскі, Гомель: “ Таварыш Лукашэнка, дамова на пастаўку газа ў Беларусь з Расеяй падпісаная? Падпісаная. Аб’ём пастаўкі, тэрміны яго пастаўкі і кошт за тысячу кубоў вызначана? Вызначана. Тэрмін аплаты за пастаўлены газ усталяваны? Усталяваны. Газ атрыманы засталося аплаціць, а вы ня хочаце плаціць. Скандал наладжваеце з Расеяй, разьдзімаеце ўсё гэта ў беларускіх СМІ, маўляў, Расея рабуе Беларусь. Тое, што Вы робіце, называецца рэкетам. Сорамна за Вас, таварыш Лукашэнка. Перастаньце ганьбіць беларускі народ перад усім сьветам”.

Спадарыня, Ваўкавыск: “Вас непакояць з Ваўкавыску. Мы стаміліся ўжо змагацца з камунальнымі службамі. Нам ствараюць умовы, абсалютна не спрыяльныя для жыцьця. У час лета на два тыдні адключалі гарачую ваду, але гэтыя два тыдні працягнуліся на тры тыдні – з 8 ліпеня аж да 26 ліпеня. Аднак камунальныя службы не змаглі вырашыць свае праблемы, і ўчора без папярэдняга паведамленьня адключылі гарачую і халодную ваду. І не ўключылі, ці то забыліся ці то не змаглі, да гэтага часу. Такім чынам, пакінулі паўмікрараёну без вады. Спадзяюся, дапаможаце нам разабрацца з гэтым пытаньнем”.

Ларыса, Менск: “Як толькі ўключаю Радыё Свабоду, дык адразу ж чую паведамленьне, што некага пасадзілі з моладзі з такім абвінавачаньнем: “Нецэнзурна лаяўся”. І даюць ім па 15 сутак арышту. Натуральна, што гэтаму абсалютна ня верыш. Літаральна сёньня зь сястрой была на кірмашы ў Ждановічах – там жа суцэльныя мацюкі. Ды такія выразы, што проста шок. Чаму б нашым кіраўнікам ды міліцыі не прыняць загад: таму, хто нецэнзурна лаецца, штраф у памеры за кожнае слова 5 тысяч рублёў. Вось вам і прыбытак у кішэню дзяржавы і чысьціня мовы захаваецца”.

Ларыса, Менск: “На Ждановіцкім кірмашы, што у Менску, ёсьць, так званае “поле цудаў”, дзе пэнсіянэры часам прадаюць старыя рэчы ў добрым стане. На гэтыя рэчы ёсьць попыт у людзей ня надта забясьпечаных. Для пэнсіянэраў гэта нейкая матэрыяльная падтрымка. “Поле” гэтае перамяшчаюць з аднаго месца на іншае. А зараз там вядзецца вялікая будоўля, на ўзроўні чутак будоўлю вядзе Лужкоў, і, нібыта, гэтае “поле цудаў” перанясуць далёка за горад. Пэнсіянэры, для каторых гэты невялічкі прыбытак мае вялікае значэньне, застануцца ні з чым”.

Спадар: “Толькі што выслухаў выказваньне Віктара Івашкевіча адносна дзеяньняў апазыцыі, пра намер двухсот дэпутатаў прайсьці ў будучы парлямэнт, пра шэсьці ды іншае. Намеры, канечне, харошыя, але наўрад ці апазыцыя зможа прайсьці ў парлямэнт. Чаму? Бо для народу яна нічога фактычна не зрабіла. Хаця б адну школу пабудавала? Хаця б адну лякарню пабудавала? Ці дапамагае дзіцячым дамам? Абсалютна нічога. Толькі шэсьці ды мітынгі. А куды ідуць мільёны ад Кангрэсу ЗША? Усё разьмяркоўваецца паміж сабой, а для народу нічога няма. Вось зараз адмяняюць ільготы для праезду – хай купляюць для пэнсіянэраў праязныя білеты. І будзе аўтарытэт у апазыцыі. Яны нічога ня робяць. Я больш, чым упэўнены, што абсалютна ніякага посьпеху апазыцыя ў народа ня будзе мець. І хай крычаць, маўляў фальсыфікацыя. Ніякай фальсыфікацыі ня будзе, проста аўтарытэту заваяваць у народу ня ўмеюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG