Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: “Цяпер я сумую па маім Малым Сітне”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў сядзібе БНФ адбылася прэзэнтацыя кнігі палітыка Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Кніга складзеная з артыкулаў, якія амаль два гады былы палітычны зьняволены штодня дасылаў з далёкай вёскі на Полаччыне ў газэту “Наша ніва”.

На прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца выступілі літаратары і палітыкі. Сярод іх – Генадзь Бураўкін, Уладзімер Някляеў, Сяргей Законьнікаў, Мікола Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык. Шмат хто папярэджваў прамовы словамі, што стаіць сьпякота і казаць трэба карацей. Аднак прамовы зацягнуліся болей як на гадзіну, а калі людзі выходзілі зь сядзібы, на Менск паліўся цёплы дождж і над горадам стала вясёлка. Добры знак для кнігі, якая пачалася з турмы, прысуду і лесапавалу ў беларускай глыбінцы.

Паводле выступоўцаў, якія наведвалі Паўла на “хіміі”, малады палітык стаў для жыхароў Малога Сітна гэткай самай вясёлкай. Аляксандр Мілінкевіч згадаў пра свой візыт да Севярынца:

“Калі я да яго падыходжу, то шчыра хачу стаць лепшым. Хачу трошкі падцягнуць жывот. Хачу, каб мае вочы выпраменьвалі такое ж сьвятло, як у яго, нават калі стомлены. І гэтак ня я адзіны. Памятаю нашу першую паездку да яго. Страшэнная завея, гразь, мы ў Сітне, але яшчэ ня ведам, куды нам дакладна. І ідзе па Малым Сітне маладая жанчына, поўная і абсалютна нецьвярозая. І мы пытаемся: вось прыехалі да Паўла Севярынца, дзе ён тут сядзіць? І раптам яна, як і я казаў, уся гэтак выпростваецца, становіцца, здаецца, амаль цьвярозай. Мы просім паказаць, куды нам ехаць, але яна не дае нам гэтага рабіць, ідзе і праз фортку расказвае, што зрабіў Павал у гэтым Сітне. З таго, што яна казала, я выдатна памятаю дзьве рэчы. Яна кажа: гэты чалавек дае нам надзею на лепшае і зь ім нам тут сьвятлей”.

Ідэя штотыднёвых артыкулаў з Малога Сітна нарадзілася ў рэдактара “Нашай нівы” Андрэя Дынька ў той момант, калі ён суправаджаў Паўла Севярынца на “хімію”. Палітык прыняў прапанову і ніводнага разу не падвёў рэдактара. Паводле Андрэя Дынька, Павал Севярынец ня проста пісаў рэпартажы пра тое, як жывуць вяскоўцы, як п’юць прывезеную з Расеі “максімку” ды ціха змагаюцца з начальствам. Дасьледаваньне Севярынца мела вынікам выснову пра тое, што Беларусь жывая насуперак усім пэсымістычным дыягназам.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў назваў Паўла Севярныца адным з найлепшых сучасных публіцыстаў Беларусі і захапляўся яго здольнасьцю тварыць ў самых цяжкіх умовах:

“Адна рэч – напісаць адзін бліскучы артыкул, другі, трэці. Але пісаць кожны тыдзень, пасьля лесапавалу, пасьля лесапагрузкі... Напісаць 79 такіх бліскучых тэкстаў – гэта зможа ня кожны”.

Павал Севярынец на прэзэнтацыі падзякаваў людзям, якія падтрымлівалі яго сваімі лістамі. Аказваецца, вядомы гісторык Анатоль Грыцкевіч амаль кожны тыдзень ліставаўся з “хімікам” Севярынцам. У тым ліку інструктаваў яго як дасьледчыка. Паводле Анатоля Грыцкевіча, Павал Севярынец навукова даказаў, што ў Малым Сітне ў XVIII стагодзьдзі быў фарпост беларуска-літоўскай дзяржавы на мяжы з Расеяй. Палітык, літаратар, гісторык Павал Севярынец ува ўсіх сфэрах дасьледуе адну тэму – захаваньне Беларусі, яе адраджэньне.

Сёньня Павал Севярынец пачуў шмат камплімэнтаў з вуснаў вядомых і паважаных людзей. Я запытаўся ў аўтара кнігі “Лісты з лесу”, што ён адчувае:

“Адчуваю велізарную адказнасьць. Ведаю, што самае галоўнае, што мусіць зараз адчуць кожны беларус, гэта адказнасьць за ўсё, што адбываецца. Боль за тое, што адбываецца. У Малым Сітне гэта таксама былі галоўныя пачуцьці”.

Павал Севярынец быў пакараны двума гадамі абмежаваньня свабоды – суд у Менску палічыў яго вінаватым у арганізацыі ў 2004 годзе мітынгу пратэсту супроць вынікаў рэфэрэндуму, які дазволіў Аляксандру Лукашэнку вылучацца трэці раз на пасаду прэзыдэнта. З “хіміі” Паўла Севярынца вызвалілі сёлета ў траўні на чатыры месяцы раней, чым меў скончыцца тэрмін пакараньня.
Павал Севярынец: “Любая беларуская вёсачка вартая шматтомніка”, 15.08.2007
XS
SM
MD
LG