Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 15 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Прывітаньне,

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць прапанову Нацыянальнага банку Беларусі адмовіцца ў 2008 годзе ад “прывязкі” да расейскага рубля і пакінуць у якасьці адзінага арыенціру для нацыянальнай валюты даляр ЗША. Камэнтары:

“Чаму ня эўра? Цяпер з амэрыканцамі будзем будаваць саюзную дзяржаву?”;

“Неўзабаве да кітайскага юаня прывязвацца будуць”;

“Правільна, навошта псаваць паказьнікі і справаздачы прывязкай да расейскай валюты, якая ўзмацняецца?”

“Эўра не падабаецца. Давайце падаць разам з далярамі”;

“Не зразумеў наш Нацбанк. Ужо гадоў пяць наша валюта прывязаная да даляра, калі меркаваць па “ўкапанасьці” афіцыйнага курсу даляра да нашых рублёў”.

На сайце расейскай газэты “Деловые новости Москвы” абмяркоўваюць артыкул “Навошта нам Менск і хто такі Лукашэнка?”.

Сярод іншага аўтар артыкулу Іван Падшывалаў піша з нагоды прапановы адарваць беларускую валюты ад прывязкі да расейскага рубля: “Абвешчанае сёньня рашэньне Менску – гэта адказ на нядаўняе патрабаваньне “Газпрому” заплаціць за газ. (...) Менск ніколі самастойным ня быў. Беларусь – гэта папросту вялікі кавалак расейскай зямлі, шчыра паліты расейскай жа крывёю ў 1941-м і 1944-м гадах. І мы пра гэта не забыліся. Так што, Аляксандар Рыгоравіч, пераходзьце пад расейскі пратэктарат з усім сваім брацкім народам”. Камэнтары:

“Чаму такая аграмадная Расея ня можа пражыць без такой маленькай краіны?”;

“Беларускі народ заслужыў незалежнасьць. Расейцы любяць і паважаюць беларукі народ!”

Камэнтар з суполкі by_politics:

“Такое ўражаньне, што ў Івана Падшывала ў “Газпроме” мамка працуе”.

ЖЖ-карыстальнік palitekanom зьвяртае ўвагу на падзею, якую цяпер абмяркоўваюць у суполцы minsk_by .

“Навіна, якую прапусьцілі” – называе свой пост ЖЖ-карыстальнік letchyk: “У новым законе “Аб органах унутраных справаў” да выпадкаў, калі магчымае ўжываньне агнявой зброі, дадаўся пункт “па распараджэньні Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”! (гл. артыкул 29 – рэд.).То бок, у часе масавых акцыяў, калі гэтага захоча АРЛ, стрэлы на трапляньне будуць абсалютна законнымі”. Камэнтары:

“Клясны піяр “Эўрапейскаму маршу”, лепш, чым заклеены налепкамі горад. Мне стала цікава схадзіць паглядзець, як мяне будуць “расстрэльваць на загад прэзыдэнта”;

“Ніхто страляць ня будзе. Тым больш публічна. Пры жаданьні можна гэта зрабіць хутка, ціха й незаўважна”.

ЖЖ-карыстальнік r_a_t__k_i_n_g публікуе жартаўлівае вызначэньне жыхара Менску:

“Вы жывяце ў Менску, калі:

– вы запамяталі розьніцу паміж словамі “Ленін”, “Незалежнасьць” і “Скарына”;

– праходзячы праз Кастрычніцкую плошчу, вас не пакідае адчуваньне, што вы робіце нешта забароненае;

– вы выхваляецеся, што аж 10 хвілін прастаялі ў аўтамабільным корку;

– вы лічыце, што заробак 250$ – гэта добра;

– для вас існуюць дзьве Маскоўскія;

– вы ведаеце, што, каб выглядаць лепш і стыльна, трэба апранацца ў сэканд-хэндзе;

– вы так і ня можаце сабе ўцяміць, ці вы жывяце ў правінцыйным балоце, ці ў “прадзьвінутым” мэгаполісе;

– вас бянтэжыць, што людзі вакол вас размаўляюць ці на расейскай мове зь беларускім акцэнтам, ці на беларускай з расейскім;

– пераходзячы вуліцу, вы да апошняга чакаеце зялёнага сьвятла, нават калі побач увогуле няма машын;

– вас перасмыкае, калі госьці сталіцы захапляюцца будынкамі вакзалу і бібліятэкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG