Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад каго ж паходзіць сучасны чалавек?


Юры Дракахруст, Менск Да апошняга часу навука вызначала тры стадыі разьвіцьця чалавечага роду: чалавек умелы (homo habilis), чалавек прамаходны (homo erectus) і чалавек разумны (homo sapiens). Да апошняга належаць усе людзі, якія цяпер жывуць на Зямлі. Меркавалася, што кожны зь відаў паходзіў з папярэдняга. Аднак апошняя знаходка брытанскіх палеантолягаў – маці і дачкі Міў і Луізы Ліві – паставілі пад сумнеў гэтую тэорыю.

Каля возера Туркана ў Кеніі, у Афрыцы былі знойдзеныя чэрап і сківіца дагістарычных людзей. Аналіз паказаў, што сківіца належала чалавеку ўмеламу, які жыў мільён 400 тысяч гадоў таму, а чэрап – чалавеку прамаходнаму, які жыў мільён 500 тысяч гадоў таму.

Нomo habilis – тупіковая галіна эвалюцыі

Гэта моцны ўдар па ранейшай тэорыі, бо яна ня можа патлумачыць, як від-нашчадак мог жыць на 100 тысяч гадоў раней, чым від, ад якога ён паходзіць.

Цяпер на падставе адкрыцьця Міў і Луізы Ліві навукоўцы пераглядаюць свае канцэпцыі. Паводле Луізы Ліві, апошнія знаходкі ў Кеніі разам з ранейшымі дасьледаваньнямі паказваюць, што абодва віды суіснавалі на ўсходзе Афрыкі прыблізна паўмільёна гадоў. Яна лічыць малаімаверным, што чалавек прамаходны эвалюцыянаваў з чалавека ўмелага, хутчэй за ўсё яны абодва паходзяць зь нейкага невядомага чалавекападобнага віду, які існаваў 2-3 мільёны гадоў таму. Чалавек прамаходны – сапраўды наш продак, а вось чалавек умелы, як вынікае з апошніх дасьледаваньняў, тупіковая галіна эвалюцыі, чалавек, які так і ня стаў чалавекам.

“Сужэнскай вернасьцю” чалавек прамаходны не вызначаўся

Знаходкі ў Кеніі далі навукоўцам і дадатковую інфармацыю пра нашага продка – чалавека прамаходнага. Супастаўленьне яго зь іншымі знаходкамі парэшкаў гэтага віду паказала, што ў самцоў гэтага першачалавека мозг быў значна большы, чым у самак. Такія адрозьненьні навукоўцы лічаць прыкметай прымітыўнасьці віду.

Адрозьненьні, апроч іншага, сьведчаць аб пэўных полавых паводзінах віду. Большы мозг патрэбны самцам, каб больш эфэктыўна канкураваць за самак. Калі праводзіць аналёгію з малпамі, то ў манагамных гібонаў амаль няма адрозьненьняў паміж памерамі мозгу самцоў і самак, у той час як у такіх неразборлівых у полавых сувязях малпаў, як гарылы і бабуіны, гэтыя адрозьненьні праяўляюцца даволі яскрава.

Так што можна меркаваць, што сужэнскай вернасьцю наш далёкі продак не вызначаўся. Дарэчы, памеры мозгу ў сучасных мужчынаў і жанчын прыкладна аднолькавыя.
XS
SM
MD
LG