Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікоў сэнату і сэйму Польшчы не пусьцілі ў Беларусь


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Беларускія памежнікі не пусьцілі ў Беларусь віцэ-сьпікера польскага сэнату Кшыштафа Путру, лідэра буйнейшай апазыцыйнай партыі сэйму “Грамадзянская плятформа” Доналда Туска, а таксама дэпутата Робэрта Тышкевіча – кіраўніка парлямэнцкай групы салідарнасьці зь Беларусьсю. Дэпутаты ехалі ў Горадню на запрашэньне старшыні непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжалікі Борыс.

Віцэсьпікер сэнату Кшыштаф Путра (на здымку) быў запрошаны ў Горадню на сьвяткаваньне Сьвята польскага войска – гэта ў Польшчы дзяржаўнае сьвята, заснаванае ў памяць Варшаўскай бітвы, якая сталася пераломным момантам у польска-савецкай вайне 1920 году і прынесла перамогу палякам.

На мяжы беларускія памежнікі, аднак, прапусьцілі толькі намесьніка кіраўніка канцылярыі сэнату Рамуальда Ланчкоўскага, а спадару Путру паведамілі, што яму ўехаць на беларускую тэрыторыю не дазваляецца. Тады спадар Ланчкоўксі на знак салідарнасьці таксама вярнуўся ў Польшчу.

Путра: “Я ехаў сёньня на Сьвята польскага войска, каб ускласьці кветкі на магілы жаўнераў, сустрэцца зь мясцовымі палякамі, без ніякіх палітычных мэтаў. Але на мяжы, я меў такое уражаньне, што ўсё было падрыхтавана, мяне чакалі. Шкада, што так здарылася. Мне падаецца, беларускія ўлады робяць вялікую памылку”.

Сёлета 26 студзеня Кшыштафа Путру таксама не пусьцілі ў Беларусь.

Раней на Гарадзеншчыне быў затрыманы дарадца прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык, які браў удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды Сьвята польскага войска. Пасьля праверкі дакумэнтаў спадара Дворчыка адпусьцілі.

Таксама сёньня ў Беларусь на запрашэньне Анжалікі Борыс накіроўвалася група дэпутатаў сэйму ад буйнейшай апазыцыйнай партыі “Грамадзянская плятформа” пад кіраўніцтвам яе старшыні Дональда Туска.

Туск: “Ня ўсім у Беларусі, асабліва ўладам, падабаюцца візыты якога-заўгодна польскага афіцыйнага прадстаўніка. Сьвежы прыклад – віцэ-сьпікер Путра. Я таксама еду ў Беларусь як афіцыйны прадстаўнік – дэпутат сэйму Польскай рэспублікі”, – сказаў перад ад’ездам у Беларусь Дональд Туск.

Каля 17 гадзіны паводле менскага часу Дональд Туск і старшыня парлямэнцкай групы салідарнасьці зь Беларусьсю Робэрт Тышкевіч спрабавалі ўехаць у Беларусь. Ім таксама ў гэтым адмовілі, як сказаў нашаму радыё спадар Тышкевіч, “з-за таго, што дэпутаты ўяўляюць небяспеку для канстытуцыйнага ладу Беларусі”.

Тышкевіч: “Калі не пускаюць дэпутатаў, якія едуць не на запрашэньне нейкіх апазыцыйных партыяў, але гарадзенскіх палякаў, каб узяць удзел у патрыятычным сьвяце, дык усе гэтыя словы пра неабходнасьць дыялёгу з Эўропай – гэта пустыя словы. Больш таго, мы бачым, што мяжа паміж Польшчай і Беларусьсю становіцца ўсё больш закрытай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG