Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савічы – вёска чарнобыльскіх самасёлаў


Радыё Свабода, Брагінскі раён, Гомельшчына Вёска Савічы Брагінскага раёну набыла вядомасьць пасьля чарнобыльскай катастрофы, дзякуючы “самасёлам”. Празь нейкіх два гады пасьля адсяленьня сюды вярнуліся блізу дзьвюх соцень чалавек – прыкладна чацьвёртая частка колішніх жыхароў. Знаходзілі тут прыстанак і ўцекачы з “гарачых кропак” былога Савецкага Саюзу.

У ‘96-м годзе, наведаўшы Савічы, Аляксандар Лукашэнка агучыў тут новы падыход да пражываньня суграмадзян на заражаных радыяцыяй тэрыторыях: “Хочаце жыць – жывіце!”. І распарадзіўся даць на падмогу самасёлам трактар ды камбайн. Але мінула дзесяцігодзьдзе, і жыцьцё расставіла ў вёсцы свае акцэнты.

Вёска Савічы так і не адрадзілася. Зарастаюць быльнягом вуліцы, людзкія гароды. Вясковая крама, куды заходзіў кіраўнік дзяржавы, даўно зачынена. З колішніх ста васьмідзесяці самасёлаў у Савічах цяпер засталося толькі 59 чалавек.

Апавядае 77-гадовая бабуля Марыя:

“Ох, галубчык мой, салавейка мой, жывецца цяжка. Цяжка, што людзей няма. Ужо паўміралі людзі. Пасеялі за хлеўчуком бульбу, дык у тую ноч прыйшлі сьвіньні дзікія і палову бульбы зрылі. Раней усё наўкола людзі засявалі. А цяпер паўміралі, і ўсё яно пустое, хмызьняком парасло. Хоць бы траву які трактар скасіў, каб не было такой глушы. Ласкі просім, каб хоць узялі й пакасілі касілкамі – каб гэтыя дзікі так не хадзілі”.

Савічы, Брагінскі раён, 15.08.2007. 77-гадовая бабуля Марына

Бабуля прыгадвае: як вярнуліся яны зь перасяленьня – з саўгасу “Камінтэрн” Буда-Кашалёўскага раёну, дзе радыяцыі ня менш, чым у Савічах, прыяжджаў да іх кіраўнік дзяржавы:

“Калі мы сюды вярнуліся, дык Лукашэнка да нас прыяжджаў. Быў у нас тутака. І даў новы трактар і камбайн новы. І тут іх адразу ў калгас забралі – і гатова”.

Цяпер вяскоўцы ходзяць шукаюць прыватнікаў з канём альбо тэхнікай, каб тыя дапамаглі ім апрацаваць гароды, пажаць збажыну. Бо да калгасу ў Хракавічах, куды вёску далучылі, ажно 25 кілямэтраў.

Радыяцыі ў Савічах ужо ніхто не баіцца:

“Няма ніякага чорта, ніякай радыяцыі. Вунь тыя, што паехалі ў чыстыя зоны, даўно ўжо ад радыяцыі адчэзьлі. А мы тут жывём – і чорт нас не бярэ. Мы ўжо адаптаваліся”.

Савічы, Брагінскі раён, 15.08.2007. Анатоль Котчанка: А мы тут жывём, і чорт нас не бярэ

Жывуць у Савічах побач з дарослымі й чацьвёра дзяцей. У Аляксандра ды Ірыны Анапрэенкаў іх двое: чатырохгадовая Ніна й двухгадовая Аксана. Почасту прыяжджае сюды зь вёскі Грушнае й сын Аляксандра ад першага шлюбу – 12-гадовы Дзіма.

Даглядае дзяцей найперш дзед Іван. Дзеці растуць, як кажуць, на ўлоньні прыроды, харчуюцца, як і дарослыя, найперш з гароду.

Савічы, Брагінскі раён, 15.08.2007. Дзед Іван з унукамі

Дзед Іван скардзіцца, што меншая ўнучка ня любіць вельмі купацца – ні ў начоўках, ні ў дажджавых лужынах:

“У гразі купаюцца. Дождж пройдзе, дык у лужынах. Раней – у начоўках, у балеі: і няхай плаваюць”.

Дарослыя працаздольныя жыхары Савіч мараць пра якую-небудзь працу, бо, апрача ўчастку лясьніцтва, у вёсцы няма ніякай вытворчасьці.

“Тут жа адныя пэнсіянэры. Таму дапаможаш папалоць, таму ўзараць – і кожны капейку дасьць. Купіш хлеба (сьмяецца) альбо шмотку якую – так і перабіваемся”, – расказвае 47-гадовы спадар Рыгор, адзін з дванаццаці вясковых мужыкоў працаздольнага ўзросту.

Савічы, Брагінскі раён, 15.08.2007. Дзядзька Рыгор з конікам з суседняй вёскі Савічы Двор - галоўны жаданы чалавек для самасёлаў

Не абышла бокам самасёлаў Савіч і адна зь бедаў, што пачасьціліся апошнім часам у чарнобыльскіх вёсках. Сюды нярэдка завітваюць ваўкі, часам і шалёныя. Нападаюць на вяскоўцаў.

Узімку 2006 году шалёны воўк накінуўся на пэнсіянэрку Кацярыну Чэчку:

Савічы, Брагінскі раён, 15.08.2007. Марыя Чэчка:Воўк мне на галаву й па галаве лапамі, і мяне ён
аблажыў

“Клянуся вам богам: я ня памятаю, як прыйшла дадому. Вунь і спадніца мая, і куртка пракусаныя. Калі б гэта было лета – так, як я цяпер стаю, ён бы мяне на месцы разарваў. І – усё. Ён мне на галаву – і па галаве лапамі. І мяне ён аблажыў. Я ў кювэт скацілася. Я зразумела, што гэта воўк. Бо ззаду я яго ня бачыла. І калі я ўжо ў кювэт звалілася і ён нада мною стаяў, дык я пуховай хусткай твар закрыла і крычала немым голасам. І ён, пэўна, спужаўся майго голасу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG