Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэаролік расейскіх нацыстаў выклікаў дыскусію аб цэнзуры ў сеціве


Аляксей Знаткевіч, Прага У расейскім горадзе Майкопе у міліцыю зьвярнуўся мужчына, які заявіў, што гэта ён на гэтым тыдні выставіў у інтэрнэце відэазапіс забойства двух чалавек. Ён кажа, што зьяўляецца прыхільнікам нацысцкіх ідэй і што відэазапіс атрымаў ад невядомай праз электронную пошту. Хто стаіць за відэазапісам? Ці ён сапраўдны? Ці варта дазваляць такія відэа ў сеціве?

Паводле расейскай пошукавай сыстэмы "Яндэкс", відэа са сцэнай забойства двух чалавек стала найбольш дыскутаванай тэмай на расейскамоўных інтэрнэт-блогах. На запісе двое мужчын стаяць на каленях у лесе пад сьцягам са свастыкай. У тытрах напісана, што гэта выхадцы з Дагестану і Таджыкістану. Чалавек у камуфляжным адзеньні падыходзіць да іх з нажом і адразае аднаму галаву. Другога забіваюць стрэлам у патыліцу і ён падае ў падрыхтаваную магілу. Два чалавекі ў масках ускідваюць рукі ў нацысцкім вітаньні.

Відэа было разьмешчанае на адным з блогаў Livejournal ад імя Нацыянал-сацыялісцкай партыі Русі “Белая ўлада”. Падобныя відэазапісы разьмяшчалі ў Інтэрнэце і раней, але ранейшыя ролікі з забойствамі былі відавочна пастановачнымі, а гэты выглядае на сапраўдны.

З сайтаў і блогаў ролік хутка прыбралі

Міністэрства ўнутраных спраў Расеі распачало праверку. Як сказаў неназваны прадстаўнік міністэрства агенцтву "Новости", нават калі забойствы на відэа несапраўдныя, аўтары сюжэту патрапляюць пад артыкул крымінальнага кодэксу за распальваньне нянавісьці і варожасьці.

На блогу Livejournal і на большасьці сайтаў, куды былі скапіявалі скандальны відэаролік, яго даволі хутка прыбралі. Але Антон Носік, прадстаўнік кампаніі, якая займаецца расейскамоўным сэгмэнтам Livejournal, кажа, што ніводны сайт ня выказваў юрыдычных прэтэнзіяў супраць таго, хто першым выставіў відэа:
А.Носік: “Ёсьць сьпіс рэчаў, якія карыстальнік "ЖЖ" абяцае не рабіць, але там няма такога пункта – не публікаваць фатаграфіі сьмяротнага пакараньня".
"Папярэдняя цэнзура ў Інтэрнэце, натуральна, немагчымая. Людзі разьмяшчаюць тое, што лічаць патрэбным разьмяшчаць, і пішуць тое, што лічаць патрэбным пісаць. Сапраўды ёсьць сьпіс рэчаў, якія карыстальнік "Жывога журналу" абяцае не рабіць, але там няма такога пункта – не публікаваць фатаграфіі сьмяротнага пакараньня. Ёсьць пункт, які забараняе камэнтары, што распальваюць расавую нянавісьць, але наколькі гэта датычыцца гэтай канкрэтнай публікацыі – гэта адкрытае пытаньне".

А.Панфілаў: кантроль за Інтэрнэтам можа быць ужыты ўладай супраць апазыцыі

Відэазапіс забойстваў выклікаў пытаньні пра дадатковы кантроль над зьместам таго, што трапляе ў Інтэрнэт. Алег Панфілаў, які ўзначальвае расейскі Цэнтар экстрэмальнай журналістыкі, кажа, што Расея не гатовая да новых законаў, які б рэгулявалі Інтэрнэт:

"Натуральна, трэба кантраляваць Інтэрнэт, каб прадухіліць распаўсюд такіх запісаў, але гэта немагчыма зрабіць ў краіне, дзе існуе жорсткі кантроль улады над ідэалёгіяй. Улада будзе забараняць усё, што тычыцца апазыцыйнай палітычнай дзейнасьці".

Расейскія нацыяналістычныя палітыкі асудзілі скандальны відэазапіс. Аляксандар Бялоў, лідэр Руху супраць нелегальнай іміграцыі, назваў відэа правакацыяй, з дапамогай якой нехта спрабуе дыскрэдытаваць нацыяналістычныя ідэі.

Распачатая крымінальная справа на падставе зьместу відэароліка расейскіх нацыстаў, 14.08.2007 Расейскі фашызм у Беларусі, 14.08.2007 Лідэр гомельскай філіі РНЕ засуджаны на 6 месяцаў, 26.07.2007
XS
SM
MD
LG