Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавэс вучыцца ў Лукашэнкі


Сяргей Абламейка, Прага Сёньня прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс выступіць перад Нацыянальным Сходам краіны з прапановамі аб зьмене канстытуцыі. Прапанаваная Чавэсам канстытуцыйная рэформа адменіць абмежаваньні на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў і дазволіць яму знаходзіцца ля ўлады неабмежавана доўга.

Мяркуецца, што з Канстытуцыі Вэнэсуэлы будзе прыбрана згадка пра колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека. Будуць таксама ўведзены зьмены, які абмяжуюць уладу губэрнатараў штатаў і мэраў гарадоў – ім якраз будзе забаронена заставацца ва ўладзе неабмежавана доўга.

Цяперашні тэрмін Чавэса ва ўладзе заканчваецца у 2012 годзе. Адзін зь міністраў Чавэса заявіў, што мэта зьменаў – “гарантаваць людзям найбольшую колькасьць магчымага шчасьця”.

Хто супраць? Каталіцкая царква і студэнты

Чавэс выступіць са сваімі прапановамі перад Нацыянальным Сходам, усе 167 дэпутатаў якога падтрымліваюць яго палітыку. Прыхільнікі Чавэса таксама кіруюць Вярхоўным Судом, усёй фэдэральнай бюракратыяй, дзяржаўнай нафтавай кампаніяй і ўсімі вэнэсуэльскімі штатамі, за выключэньнем двух.

Менавіта губэрнатар аднаго з гэтых штатаў – штату Зуліа – Мануэль Расалес зьяўляецца найбольш аўтарытэтным праціўнікам Чавэса. Расалес набраў на прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні 2006 году каля 40 працэнтаў галасоў. Сам Чавэс, як вядома, атрымаў каля 60-ці.

Аналітыкі зьвяртаюць увагу і на некаторыя няўдачы Чавэса. Калі ён нядаўна паспрабаваў забараніць прыватны тэлевізійны канал, то сутыкнуўся са студэнцкімі пратэстамі па ўсёй краіне.

Каталіцкая царква Вэнэсуэлы рэзка скрытыкавала прапановы аб працягу паўнамоцтваў Чавэса. Кардынал Расаліё Хасэ Кастыльлё Ляра назваў Уга Чавэса “паранаідальным дыктатарам”.

Яшчэ “20 гадоў ва ўладзе?”

Сам Чавэс нядаўна заявіў, што “людзям Вэнэсуэлы трэба даць права трымаць прэзыдэнта ва ўладзе столькі, колькі ім падабаецца – незалежна ад таго, будзе гэта 5, 12 або 40 гадоў”.

Праграма і погляды Ўга Чавэса маюць сацыялістычны ўхіл. Ён актыўна выкарыстоўвае тэрміны “рэвалюцыя” і “контрарэвалюцыя” і зьяўляецца прыхільнікам дзяржаўнага кіраваньня эканомікай.

Падчас апошняга візыту ў Менск у чэрвені сёлета Уга Чавэс сказаў перад тэлекамэрамі Аляксандру Лукашэнку: “Калі мы за год столькі зрабілі, то колькі зробім за тыя 20 гадоў, якія нам яшчэ заставацца ва ўладзе”.

У 2005 годзе Аляксандар Лукашэнка правёў рэфэрэндум, у выніку якога ў Беларусі былі скасаваныя абмежаваньні на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.

Чавэс падтрымае тых, на каго чыняць ціск ЗША, 10.08.2007 Ці атрымае Беларусь вэнэсуэльскі крэдыт?, 8.08.2007 Чавэсу і Лукашэнку быць ва ўладзе яшчэ 20 гадоў?, 29.07.2007
XS
SM
MD
LG