Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд пачаў разьбірацца з “анархіяй ў інтэрнэце”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Менскім гаспадарчым судзе ўпершыню пачаўся працэс над інтэрнэт-рэсурсам. Пра свае прэтэнзіі да сайту, на якім зьмяшчалася інфармацыя з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, заявіла кампанія, заснаваная Андрэем Козікам – сынам кіраўніка афіцыйных прафсаюзаў. Назіральнікі кажуць пра пачатак перасьледу апазыцыйных інтэрнэт-рэсурсаў.

15 жніўня ў гаспадарчым судзе Менску пачаўся працэс супраць інтэрнэт-рэсурсу www.ucpb.org. На гэтым электронным адрасе разьмяшчаецца інфармацыя пра дзейнасьць Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Пазоў падала юрыдычная група, заснавальнік якой Андрэй Козік – сын старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай Леаніда Козіка. Падставай стаўся артыкул “Сям’я” робіць бізнэс. Пад надзейным дахам дзяржавы”, быў зьмешчаны на сайце. Група “Аргументъ” лічыць, што артыкул наносіць шкоду яе рэпутацыі і рэпутацыі сына прафсаюзнага лідэра і патрабуе зьняпраўджаньня зьвестак.

У АГП з прэтэнзіямі ня згодныя. “Сайт партыі не належыць. Яго адкрылі асобы, якія зьехалі за мяжу. Мы толькі карыстаемся гэтым рэсурсам у інтэрнэце, але ўплываць на яго ня можам. І ня можам гарантаваць, што абвяржэньне надрукуюць”, –тлумачыць прадстаўнік АГП Сяргей Альфэр. Паводле яго, групе “Аргументъ” быў прапанаваны кампраміс, але яго адхілілі:

“Мы сказалі: можам накіраваць на сайт заяву, што ня маем юрыдычных зьвестак адносна дзейнасьці групы “Аргументъ” і таму ня можам ані пацьвердзіць інфармацыю з артыкулу, ані яе аспрэчыць. Але іх гэта не задаволіла. Нам заявілі, што будуць судзіцца. Толькі чамусьці ў суд сёньня не зьявіліся”.

Паводле паведамленьняў, што прагучалі ў судзе, кіраўнік групы “Аргументъ” Андрэй Козік знаходзіцца ў службовай паездцы і таму не прыйшоў на суд. Паседжаньне працягнецца 16 жніўня. Судзьдзя Нэлі Арлоўская, якая разглядае пазоў, абавязала адказчыка падаць суду зьвесткі пра парадак рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў.

Ці магчымыя санкцыі супраць АГП, калі пазоў будзе задаволены, а зьняпраўджаньне на сайце ня зьявіцца? Вось што кажа пра гэта юрыст Андрэй Бастунец, які спэцыялізуецца на прававой дапамозе мэдыям:

“Ці будуць потым нейкія захады супраць партыі, я пакуль сказаць не магу. Тэарэтычна Міністэрства юстыцыі можа зрабіць папярэджаньне, але ня думаю, што да гэтага дойдзе. Насамрэч нельга казаць, што такія сытуацыі ў інтэрнэце законам не рэгулююцца. Яны рэгулююцца агульнымі правіламі распаўсюджаньня інфармацыі”.

Між тым, назіральнікі адзначаюць, што гэтая справа актывізавалася літаральна праз два тыдні пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць “спыніць анархію ў інтэрнэце”. “Ня трэба дазваляць, каб гэтае вялікае дасягненьне чалавецтва ператварылася ў інфармацыйную сьметніцу”, – заявіў кіраўнік Беларусі 2 жніўня на сьвяткаваньні угодкаў “Советской Белоруссии”. Тады ж Аляксандар Лукашэнка паскардзіўся, што падпіска на дзяржаўныя выданьні амаль не расьце, затое колькасьць наведнікаў інтэрнэту штогод расьце болей чым на 20%. Таксама кіраўнік Беларусі быў незадаволены адсутнасьцю дзяржаўных сайтаў з колькасьцю наведнікаў больш за 5 тысяч.

• А.Лукашэнка: “Анархію і інтэрнэце трэба спыняць”, generation.by, 02.08.07 • “Рэпарцёры бязь межаў” занепакоеныя заявай Лукашэнкі пра інтэрнэт, 02.08.07
XS
SM
MD
LG