Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Кашталян: “Кіраўніцтва ВАК і судзьдзі прызначаюцца адным чалавекам”


Юрась Бушлякоў, Прага Госьця “Начной Свабоды” – гісторык Ірына Кашталян. Яна скончыла беларускі гуманітарны ліцэй, гістарычны факультэт БДУ, магістратуру Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, асьпірантуру гістфаку БДУ, чатыры гады ўзначальвала моладзевае грамадзкае аб''яднаньне "Historica". Гадуе дачку Караліну і працуе ў архіўнай сфэры.

Напярэдадні менскі гарадзкі суд пастанавіў адхіліць скаргу Ірыны Кашталян і не заводзіць справы супраць вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Ірына Кашталян спрабавала аспрэчыць адхіленьне Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй (ВАК) яе кандыдацкай дысэртацыі, пасьпяхова абароненай у вучоным савеце пры БДУ і прысьвечанай пасьляваеннай беларускай гісторыі.

“Сыстэма наўрад ці будзе змагацца сама з сабой...”

Бушлякоў: “Ірына, ці спадзяваліся вы на іншае рашэньне суду?”

Кашталян: “Справа ў тым, што разуменьне сытуацыі ў Беларусі, калі яна ўяўляецца як піраміда, разуменьне таго, што кіраўніцтва ВАК і судзьдзі прызначаюцца адным і тым жа чалавекам, і, адпаведна, разуменьне таго, што сыстэма наўрад ці будзе змагацца сама з сабой і пакажа сваю сутнасьць – усё гэта прывяло да таго, што я рэальна ставілася да сытуацыі і ведала, што рашэньне хутчэй за ўсё будзе такое, як і было прынята – пацьвердзіць адмову ва ўзбуджэньні справы супраць ВАК”.

Бушлякоў: “Але вы хацелі прайсьці ўсе магчымыя інстанцыі?”

Кашталян: “Гэта для мяне было як выкананьне абавязку, у першую чаргу перад сабой – выкарыстаць усе магчымыя законныя сродкі, каб давесьці людзям праўду і, магчыма, усё ж такі спраўдзіць хоць адзін працэнт надзеі, што, можа, ня ўсё яшчэ згублена ў гэтай краіне, і сыстэма можа дзесьці даць збой. Але, на жаль, сытуацыя паказала, што сыстэма ў нас ужо дастаткова зладжаная, і што мэханізм незацьверджаньня "ідэалягічна няправільных" дысэртацый добра пастаўлены ў каляіну”.

Бушлякоў: “Тэма вашай дысэртацыі – штодзённае жыцьцё беларускага грамадзтва ў 1944-1953 гг. Чаму ВАК не зацьвердзіў дысэртацыі, якія выстаўляліся прэтэнзіі, калі яе аднагалосна падтрымалі ў вучоным савеце пры БДУ, дзе вы яе абаранялі?”

“Мае высновы былі не зусім у рэчышчы таго, што звычайна асьвятляецца ў падручніку”

Кашталян: “Справа ў тым, што ўвогуле маё дысэртацыйнае дасьледваньне зьяўляецца першым па дасьледваньні гісторыі штодзённасьці беларускага грамадзтва і паказвае незвычайны погляд на гісторыю гэтага пэрыяду з пункту гледжаньня маленькага чалавека.

Для маленькага чалавека ў першую чаргу гэта быў погляд праз прызму сваіх праблемаў, а гэтыя праблемы паказваюць, што ўлада не заўсёды ішла па шляху задавальненьня патрэб чалавека, у першую чаргу – у выкананьні плянавых паказчыкаў. Таму ў сваёй дысэртацыі я хацела паказаць зрэз штодзённасьці, фактычна, каб стварыць уражаньне ў таго, хто будзе яе чытаць і вывучаць, якім магло б быць бачаньне той рэальнасьці простым чалавекам.

І я паказвала яе праз разгляд традыцыйных груп – калгасьнікаў, рабочых, інтэлігенцыі. Таксама паказвала праблемныя моманты пасьляваеннай штодзённасьці – гэта аднаўленьне гаспадаркі, узьнікненьне новых груп – так званых "франтавікоў", "заходнікаў", "здраднікаў", зь якімі давялося сутыкнуцца ўладзе і неяк іх адаптаваць, вельмі часта прымусовым шляхам.

Таксама я брала матрыцу насельніцтва ад актыўнага прыстасаваньня да актыўнага супраціўленьня ўладзе. Асабліва важны быў аспэкт зьвязаны з супраціўленьнем, бо гэта пэрыяд адаптацыі Заходняй Беларусі да знаходжаньня ў СССР, і разглядала эканамічную штдзённасьць, у якую ўключыла праблемы забесьпячэньня сям''і, жыльлёвыя пытаньні, праблемы плянаваньня сям''і.

І, як вынік, мае высновы былі не зусім у рэчышчы таго, што звычайна асьвятляецца ў падручніку. Яны паказалі, што адаптацыя была ў насельніцтва Заходняй Беларусі складаная, што нават мясцовыя органы ўлады мусілі самастойна прымаць рашэньні аб тым, як праводзіць указаньні зьверху, што насельніцтва для выжываньня выкарыстоўвала як законныя, так незаконныя шляхі і г.д. У выніку мая дысэртацыя была накіраваная на так званую "чорную рэцэнзію", якая ўяўляла сабой опус у рэчышчы “лепшых” савецкіх традыцый...”

Бушлякоў: “Сапраўды, у практыцы савецкіх і постсавецкіх атэстацыйных камісіяў ёсьць такая норма, што дысэртацыя, зацьверджаньне якой ставіцца пад сумнеў, адсылаецца так званаму "чорнаму рэцэнзэнту". Якія вашы высновы выклікалі найбольшы гнеў гэтага рэцэнзэнта?”

“Мяне абвінавацілі ў недастатковым асьвятленьні гераічнай барацьбы беларускага народа за аднаўленьне гаспадаркі”

Кашталян: “Можна было б працытаваць фрагмэнт, які падсумоўвае ўражаньні рэцэнзэнта ад маёй дысэртацыі. "Матэрыял, які сканцэнтраваны ў дысэртацыі, павінен прывесьці чытача да высновы, што савецкая дзяржава была ня роднай маткай, а злоснай бессардэчнай мачыхай для беларускага народа, што функцыянаваньне гэтай дзяржавы-монстра супярэчыла натуральнай прыродзе чалавека".

Таксама мяне абвінавацілі ў недастатковым асьвятленьні асноўнага напрамку паўсядзённага жыцьця – гераічнай барацьбы беларускага народа за аднаўленьне гаспадаркі. Мяне абвінавацілі ў "недаацэнцы магутнага атэістычнага патэнцыялу савецкай агульнаадукацыйнай школы" і г.д.

Я ведала, што будуць праблемы ў ВАК, я абапіралася на дакумэнты ЦК КПБ, у свой час звышсакрэтныя, якія як ніякія іншыя мусілі сьведчыць тую праўду пасьляваеннай рэчаіснасьці, якую яны не маглі прыдумаць спэцыяльна – праблемы, якія яны мусілі вырашаць, якія іх турбавалі. Гэта зьвязана і з антысавецкім супрацівам, і з настроямі насельніцтва, і вельмі шмат аспэктаў.

Гэта ня вельмі прыемны погляд для цяперашняй улады, для якой выгадна выбіраць толькі ідэалістычныя моманты савецкага мінулага, каб стварыць міты, якімі, як яны лічаць, яны патрыятычна аб''яднаюць беларускі народ”.

“Колькасьць матэрыялу, якая накапілася ў мяне, проста патрабуе вынясеньня на суд грамадзкасьці”

Бушлякоў: “Ці не зьбіраецеся вы паспрабаваць абараніць сваю працу за межамі Беларусі, ці не зьбіраецеся выдаваць манаграфію, якая сказала б сама за сябе?”

Кашталян: “У мяне гэта ёсьць у плянах – канечне, гэта ня самы блізкі варыянт, бо ёсьць пэўнае адрозьненьне ад нашай падрыхтоўкі і ўвогуле ўзроўню і таго, што патрабуецца за мяжой, напрыклад – па аб''ёме. Хаця ў мяне была вялікая колькасьць матэрыялаў, але абмежаваньне ў 100 старонак, яно, калі абараняцца за мяжой, мусіць быць пераадолена і матэрыял мусіць быць пашыраны, што вельмі добра, бо вельмі шмат якія моманты не атрымалася асьвятліць.

І адпаведна таксама манаграфія патрабуе пераапрацоўкі матэрыяла і асьвятленьня для чытача вялікай колькасьці момантаў, якія не знайшлі адлюстраваньне ў дысэртацыі. Але зноўку ж, сама падрытоўка гэтага працэсу не такая простая, яна зойме час.

Спадзяюся, што калі-небудзь я гэта зьдзейсьню – можа, гэта зойме пару гадоў, але кідаць я гэта не зьбіраюся, бо гэтая колькасьць матэрыялу, якая накапілася ў мяне, проста патрабуе вынясеньня на суд грамадзкасьці для ацэнкі таго пэрыяду трошкі з іншага гледзішча, не такога аднабокага, як у нас падаецца ў падручніках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG