Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Беларусь стала краінай жабракоў. Сумна і крыўдна...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 15 жніўня 2007 году

У пошце мінулага тыдня нямала лістоў-водгукаў на нядаўні чарговы крызыс у беларуска-расейскіх дачыненьнях, выкліканы нясвоечасовымі разьлікамі Менску за пастаўкі газу. Слухачы таксама разважаюць пра наступствы, якія, у зьвязку з адбываным, могуць напаткаць беларускую эканоміку.

Сёньняшнюю размову пачну з допісу Мікалая Куксо, былога настаўніка гісторыі і геаграфіі зь мястэчка Івянец Валожынскага раёну.

“Мне, беларусу, сорамна, што наша дзяржава, як жабрак з працягнутай рукой, просіць у Расеі пазыку. А мы ж у свой час былі самай разьвітай рэспублікай. Як раней казалі: “зборачным цэхам Савецкага Саюзу”.

Беларусь – трэці ў сьвеце экспартэр калійных соляў. Мы маем незьлічоныя запасы разнастайных будаўнічых матэрыялаў. Ні ў адной дзяржаве Эўропы няма столькі лесу, як у Беларусі. І зямлі ў нас значна болей, чым у іншых: па гектары на чалавека, у тым ліку па 60 сотак – ворнай. Нашы сяляне яшчэ нядаўна кармілі Маскву і Ленінград. І вёска жыла, сяляне ўзяліся за фермэрства. Але за апошнія гады ў іх адбілі ахвоту працаваць. Цяпер вёска вымірае. А ўсе гэтыя аграгарадкі, што спрабуе будаваць улада, – марныя намаганьні…

Беларусь – транзытная дзяржава. Але нас сталі аб’яжджаць праз Латвію. У абыход Беларусі будуюцца трубаправоды, – і ўсё гэта з прычыны недальнабачнай палітыкі ўлады.

Беларусь была эканамічна куды магутнейшай за Летуву. А сёньня ў Летуве заробак удвая вышэйшы, чым у нас. Пры тым, што газ яны аплачваюць, як належыць: ня 100, а 230 даляраў за тысячу кубамэтраў. І ня плачуць, не прыбядняюцца. А Беларусь стала краінай жабракоў. Сумна і крыўдна”.

Ці была Беларусь эканамічна мацнейшай за Літву – пытаньне спрэчнае, спадар Куксо. За савецкім часам розныя галіны эканомікі, асобныя рэгіёны і нават прадпрыемствы Беларусі і Літвы з ініцыятывы ідэалягічных ведамстваў наладжвалі між сабой так званае “сацыялістычнае спаборніцтва” – у каго лепшыя эканамічныя паказьнікі. Перамагалі то адны, то іншыя. Лічылася, што ўзровень эканамічнага разьвіцьця ў дзьвюх рэспублік прыблізна аднолькавы. А вось узровень жыцьця ў балтыйскіх суседзяў Беларусі й тады быў вышэйшы. Пра гэта сьведчылі, у прыватнасьці, кірункі міграцыі насельніцтва. Значна больш людзей перасялялася зь Беларусі ў Літву ды ў іншыя рэспублікі Прыбалтыкі, чым наадварот.

Пра страчаныя Беларусьсю за мінулыя паўтара дзесяцігодзьдзі магчымасьці разважае ў лісьце на “Свабоду” й наш слухач Алесь Цадко з Маладэчна.

“Трынаццаць гадоў таму, маючы магчымасьць стварыць рынкавую мадэль эканомікі, ураджэнец беднай усходнебеларускай глухмені, карыстаючыся савецкім папулізмам, не пайшоў далей за плянава-калгасную эканоміку. Праўда, за абяцанку агульнай дзяржавы з Расеяй атрымаў з Усходу танную сыравіну і магчымасьць рээкспарту нафты і нафтапрадуктаў.

На маю думку, трымаючыся такой мадэлі эканомікі, Лукашэнка не разумеў, што створаная ім сыстэма – безнадзейна хворая, і рана альбо позна сканае. Каталізатарам жа лятальнага зыходу “беларускага эканамічнага цуду”, як мы цяпер назіраем, паўстае падвышэньне кошту на расейскія энэрганосьбіты. Але хто ж у выніку будзе адказваць за такую палітыку?”

Відочна, спадар Цадко, адказваць будзе той, хто гэту палітыку ажыцьцяўляе, хто вызначаў і вызначае сёньняшні эканамічны і палітычны курс у дзяржаве. Ідэальны варыянт, калі такая адказнасьць ускладаецца ў выніку свабодных і справядлівых выбараў. Ды толькі ў сёньняшніх беларускіх умовах гэткая пэрспэктыва выглядае ня надта блізкай.

Наш слухач Валер Грыцук зь Менску адклікнуўся на мой камэнтар да ліста Галіны Мядзюк з Барысава, што прагучаў у аглядзе пошты 8-га жніўня. Нагадаю: размова тычылася побытавай спрэчкі слухачкі з адстаўным міліцыянтам – хто каму вінен саступіць дарогу на вузкай сьцежцы. Канфлікт скончыўся тым, што суд аштрафаваў спадарыню Мядзюк на невялікую суму – адну базавую велічыню (нібыта, за лаянку). А яна з таго часу ўжо два гады праз розныя інстанцыі вядзе змаганьне за справядлівасьць, спрабуючы адплаціць крыўдзіцялю.

“Два гады – і маленькі хвілінны эпізод на вузкай дарозе ля возера, якога магло б і ня быць, калі б хаця адзін з двух чалавек замест упартасьці і агрэсіі праявіў паблажлівасьць і саступлівасьць. Ці варты дробязны эпізод таго, каб чалавек марнаваў на яго гады свайго жыцьця і столькі душэўнай сілы?”, – такі камэнтар спадару Грыцуку не спадабаўся.

“Вашы камэнтары падтрымліваю на 80%. Але вось апошні – адносна жанчыны, якая за канфлікты з былым міліцыянтам па судах цягалася... Вы далі камэнтар мудрага дзеда. Але ж Вы – журналіст радыё СВАБОДА! Вось у вас была магчымасьць паказаць людзям, што суды бяруць бок хлусьлівых міліцыянтаў ня толькі пры судовых пакараньнях апазыцыянэраў, але й тут, у “непалітычнай” сутычцы. Прыгадалі б рэзалюцыю ГенАсамблеі ААН адносна судоў на Беларусі; выснову спэцдакладчыка ААН. Калі праблема з інфармацыяй, – пытайцеся ў мяне. Вам бясплатна дам інфармацыю і параду”.

Дзякуй Вам, спадар Грыцук, за прапанову паслуг – праблем са зьвесткамі пра рэзалюцыі ААН мы ня маем.

Што да Вашых заўваг. Як можна сьцьвярджаць, што суды “бяруць бок хлусьлівых міліцыянтаў”, выслухаўшы толькі адну вэрсію здарэньня, ня ведаючы, пра што кажуць сьведкі і той чалавек, якога спадарыня Мядзюк абвінавачвае? Шукаць “палітыку” там, дзе яе, магчыма, няма? З прафэсійнай журналістыкай гэта мае мала агульнага. Займацца падрабязным высьвятленьнем усіх абставінаў, паўтараючы шлях сьледзтва? Мы ня маем такой магчымасьці. Ды гэта й бессэнсоўна: інцыдэнт дробязны, побытавы і ня мае ніякага грамадзкага значэньня. На маю думку, куды больш важна тое, што чалавек ужо два гады жыве з крыўдай, траціць на яе гэтулькі сілы, часу і грошай…

У журналісцкай практыцы я шмат разоў спатыкаўся з падобнымі сытуацыямі: калі нехта робіцца апантаным сваёй крыўдай і потым на доўгія гады запаўняе ўласнае жыцьцё толькі ёю.

Аўтар наступнага ліста Андрэй Паско зь Берасьця разважае пра царкву і хрысьціянскія каштоўнасьці:

“Ісус Хрыстос вучыў людзей падстаўляць левую шчаку, калі ўдарылі па правай. Але ж паступова хрысьціянства адышлося ад гэтых запаветаў. Царкоўнікі паўсталі “жандарамі ў расах”, палалі кастры інквізыцыі…

Існаваньне дзяржавы, міліцыі і войска супярэчыць Эвангельлю. Дзяржава прыгнятае людзей і маніпулюе іхнымі настроямі. Міліцыя трымае ўсіх у страху, каб умацаваць дзяржаву. Салдаты ідуць на вайну і забіваюць такіх жа людзей, як і самі. Людзі павінны пачаць жыць у адпаведнасьці з Эвангельлем і пяцьцю запаветамі расейскага пісьменьніка і мысьляра Льва Талстога. Тады ўсё будзе добра”.

Так, спадар Паско, дзяржава – інструмэнт прымусу. Але іншай, больш дасканалай, формы арганізацыі грамадзкага жыцьця чалавецтва пакуль ня вынайшла. Жыць у адпаведнасьці з эвангельскімі запаветамі буйныя чалавечыя супольнасьці не адужваюць. Даводзіцца ўдасканальваць тое, што ёсьць. Папросту ў разьвітых дэмакратычных дзяржавах і паліцыя, і войска, і чыноўніцкі апарат не адчуваюць сябе ўсемагутнымі і бескантрольнымі.

На заканчэньне – кароткі ліст, які пакіну бэз камэнтароў.

Нам піша Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну – на тэму лідэрства ў апазыцыі:

“Там, дзе зьнікае разнастайнасьць, плюралізм думак і меркаваньняў і зацьвярджаецца дзяржаўная ідэалёгія, заканчваюцца дэмакратычныя асновы. Я не лічу справядлівымі крытычныя заўвагі слухачоў на адрас вядучых апазыцыйных палітыкаў. Часам можна пачуць нават абразы. То кажуць іншы раз, што не такі лідэр, то “не хапае лідэра”. Усё гэта, прабачце, глупота.

Сапраўды, пэўнай частцы грамадзтва патрэбен, так бы мовіць, “мудры правадыр”, які вёў бы да “сьветлай будучыні”. А на мой погляд, наш правадыр – гэта нацыянальная ідэя, адраджэньне Бацькаўшчыны на грунце беларускай культуры, цесная сувязь з Эўразьвязам. А добрыя, разумныя дзяржаўнікі ёсьць усюды. Шкада толькі, што галасы ў іх вельмі ціхія”.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG