Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты зь Менску, Гомелю і Гародні – ляўрэаты прэміі імя Завадзкага


Ігар Карней, Менск Сёньня расейскі Першы канал і Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) назвалі ляўрэатаў прэміі імя Зьмітра Завадзкага – апэратара згаданага тэлеканалу, які пры загадкавых абставінах зьнік у раёне менскага лётнішча ў ліпені 2000 году. “За мужнасьць і гераізм у прафэсіі” сёлета адзначаны гомельскі журналіст Анатоль Гатоўчыц, радыёжурналістка з Гародні Натальля Макушына і карэспандэнт штотыднёвіка “Белорусы и рынок” Генадзь Барбарыч.

Адзін з ініцыятараў заснаваньня журналісцкай прэміі – Павал Шарамет, разам зь якім на тагачасным расейскім канале ОРТ Зьміцер Завадзкі працаваў тэлеапэратарам. Цяпер Шарамет кіруе аддзелам спэцпраектаў Першага каналу расейскага тэлебачаньня:

“Працэдура вызначэньня ляўрэатаў прэміі імя Зьмітра Завадзкага вельмі складаная. Мы атрымліваем ліст ад БАЖ, у якім вылучаюцца імёны журналістаў, вартых прэміі. Сёлета такіх журналістаў было чатыры. Але ў канчатковым сьпісе засталіся трое. Ліст БАЖ разглядаецца на паседжаньні кіраўніцтва Першага каналу з удзелам усіх праграмных дырэктараў. Пасьля гэтага загад пра вызначэньне ляўрэатаў прэміі падпісвае генэральны дырэктар Канстанцін Эрнст. Такім чынам, сёлета трое беларускіх журналістаў атрымаюць прэмію: з Гомелю, Гародні і зь Менску. І гэта будзе ўжо восьмая ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня прэміяй імя Завадзкага”.

Адной зь ляўрэатаў прэміі імя Завадзкага стала гарадзенская журналістка Натальля Макушына, вядомая прынцыповым стаўленьнем да падзей у рэгіёне, за што неаднаразова падпадала пад перасьлед уладаў. Апошняя ініцыятыва, якую падтрымала і адсочвае журналістка, – разбурэньне гістарычнай часткі гораду і грамадзкі супраціў плянам гарадзкога кіраўніцтва.

Яшчэ адзін адзначаны калегіяльным рашэньнем рэгіянальны журналіст -- Анатоль Гатоўчыц з Гомелю. Ён кажа, што такой узнагароды вартая большасьць незалежных журналістаў рэгіёнаў Беларусі:

“У рэгіёнах незалежным журналістам працаваць бадай, больш складана, чымсьці ў сталіцы. Па-першае, перакрываецца доступ да афіцыйнай інфармацыі. А падчас палітычных кампаній – выбараў ці іншых значных падзей – спэцслужбы сочаць нават за інтэрнэт-сецівам. І ня толькі сочаць, а імкнуцца з дапамогай пракуратуры абмежаваць прафэсійную дзейнасьць незалежных журналістаў. Мне прыемна, канечне, было даведацца, што я ўганараваны прэміяй імя Зьмітра Завадзкага, гэтага мужнага чалавека, журналіста. Ну, і я сам заўсёды імкнуўся сумленна і шчыра рабіць сваю справу, справу журналіста”.

Карэспандэнт тыднёвіка “Белорусы и рынок” Генадзь Барбарыч апавядае, што для яго гэта навіна стала нечаканай. Але ўсё ж – з адценьнем смутку:

“Навіна напалову прыемная, але напалову й горкая. Таму што мы так і ня высьветлілі лёсу Зьмітра. Што зь ім здарылася, дзе ён пахаваны (хутчэй за ўсё, канечне, так). Дзіўна, што ўчора я згадваў Дзіму. Нічога не прыдумляю. Неяк раптам падумалася: вось жа Завадзкі – я яго ведаў, дзе ён цяпер? Воблік насамрэч – як жывы – перад вачыма паўстаў. З Завадзкім я пазнаёміўся ў 1997-м, калі ён пачаў працаваць на расейскім канале ОРТ. Потым бліжэй пазнаёміліся падчас справы Шарамета-Завадзкага: паводле, нібыта, пераходу імі мяжы ў Ашмянскім раёне, калі Дзіма быў затрыманы на 2 месяцы, сядзеў у гарадзенскай турме. Вось тады я зь ім досыць шчыльна сышоўся”.

Як удакладняе Павал Шарамет, ганаровая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў прэміі імя Зьмітра Завадзкага заплянавана на верасень:

“Сёлета, як і год таму, урачыстая цырымонія будзе арганізавана Першым каналам, фондам імя Зьмітра Завадзкага і Беларускай асацыяцыяй журналістаў. Прэмія складаецца з дыплёму, падпісанага гендырэктарам Першага каналу, сымбалічнай статуэткі і невялікай грашовай узнагароды. Узнагароджаньне будзе адбывацца ў Менску. Дзе і калі – удакладнім пазьней. Бо ў нас штогод узьнікаюць праблемы з правядзеньнем цырымоніі ў Менску: беларускія ўлады ствараюць нам розныя праблемы. Але я перакананы: у любым выпадку цырымонія адбудзецца напачатку верасьня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG