Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цэнтар Візэнталя заклікае А.Лукашэнку асудзіць антысэмітызм ў Беларусі


Алена Струвэ, Менск Кіраўнік габрэйскага праваабарончага Цэнтру Візэнталя ў Лос-Анжэлесе доктар Шымон Самуэльс накіраваў афіцыйны ліст да беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, у якім выказаў абурэньне фактам свабоднага распаўсюджаньня ў краіне антысэміцкіх выданьняў. Пра гэта паведамляе газэта “Die Judische”.

У сваім лісьце Шымон Самуэльс ўзгадвае нядаўні візыт па краінах былога СССР, у часе якога ён наведаў шматлікія помнікі другой усясьветнай вайны, улучна зь менскім музэем Вялікай айчыннай вайны. Кіраўніка Цэнтру Візэнталя ўразіла прадстаўленая ў гэтым музэі экспазыцыя – напамін пра масавыя зьнішчэньні нацыстамі беларускіх габрэяў і тых, хто іх ратаваў.

Шымон Самуэльс піша пра напаткаўшы яго сапраўдны жах, калі ён завітаў у кнігарню “Праваслаўная кніга” пры арганізацыі “Праваслаўная ініцыятыва”. Побач з шырока прадстаўленай царкоўнай літаратурай, крыжамі, сьвечкамі, іконамі ён убачыў там нямала кніжак антысэміцкага зьместу – ”Міты і праўда пра пагромы”, “Тайна сіёнскіх пратаколаў”, “Габрэйская рэвалюцыя” ды іншыя.

Як зазначае Самуэльс, у часе размовы з прадстаўнікамі “Праваслаўнай ініцыятывы” ён даведаўся, што арганізацыя зьбіраецца адкрыць сваю вэб - старонку. Паводле кіраўніка габрэйскай праваабарончай арганізацыі, гэта можа толькі ўзмацніць падбухторваньне да ксэнафобіі. Самуэльс нагадвае беларускаму лідэру ягоныя ж словы пра Інтэрнэт: “Мы ня мусім дазволіць гэтаму вялікаму дасягненьню пераўтварыцца ў інфармацыйны сьметнік”.

У сваім звароце да прэзыдэнта Лукашэнкі кіраўнік цэнтру у Лос-Анжэлесе падкрэсьлівае, што “Праваслаўная ініцыятыва” дзейнічае насуперак афіцыйнай палітыцы беларускай дзяржавы “, і што з дазволам такіх кніг Беларусь “як прадстаўніца АБСЭ парушае падпісаныя ёй міжнародныя абавязаньні змагацца з антысэмітызмам”.

Цэнтар Візэнталя заклікае беларускага лідэра "афіцыйна асудзіць антысэмітызм ды тыя друкаваныя матэрыялы , якія апаганьваюць памяць пра габрэяў і беларусаў - ахвяраў другой усясьветнай вайны”.

У кнігарні “Праваслаўная кніга”, што на вуліцы Берасьцянская ў Менску, мы пацікавіліся, ці можна набыць у вольным продажы ўказаныя ў лісьце кіраўніка цэнтру Візэнталя кнігі: “Міты і праўда пра пагромы”, “Тайна сіёнскіх пратаколаў”, “Габрэйская рэвалюцыя”...

І пачулі наступнае: “Вы ведаеце, у нас такога пляну кніг шмат – напрыклад, Платонава. І пакуль яны ёсьць, вы можаце прыйсьці ды выбраць. Да сямі гадзін штодня. Толькі ў суботу да паловы шостай”.

На пытаньне, наколькі легальная гэта літаратура, гандлярка адказала:

“Гэта літаратура не для шырокага кола. Яна не забароненая. Яна афіцыйна выдаецца і афіцыйна прадаецца. Выдаецца ў Маскве”.

Паводле віцэ-старшыні Зьвязу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў Якава Басіна, кнігі антысэміцкага кшталту можна набыць у Менску ня толькі ў кнігарні на вуліцы Берасьцянскай, але й на тым жа Кніжным кірмашы па вуліцы Янкі Купалы. Якаў Басін сабраў нават цэлую кніжную палічку літаратуры гэткага кшталту.

“Дзеля таго, каб пералічыць усе назвы падобных кніг, мне трэба ехаць дамоў. Пра гэта можна шмат гаварыць. Цяпер я, на жаль, ня дома. Асабліва шмат у продажы літаратуры, выдадзенай у Расеі”.
XS
SM
MD
LG