Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дрэздэне стартуе акцыя, прысьвечаная Беларусі і беларусам


Радыё Свабода У нямецкім Дрэздэне сёньня стартуе гуманітарны маратон, аб’яднаны назвай “У фокусе Беларусь: абразкі беларускай рэчаіснасьці”. Узяць у ім удзел запрошаныя беларускія і нямецкія мастакі, фатографы, пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы. Пачынаецца трохтыднёвая імпрэза з выставы фотакарэспандэнта газэты “Наша ніва” Андрэя Лянкевіча. Нашая карэспандэнтка знайшла Андрэя Лянкевіча па тэлефоне ў Дрэздэне.

Галоўным арганізатарам своеасаблівага вэрнісажу “Ў фокусе – Беларусь” стала дрэздэнскае аб’яднаньне “Масты ва Ўсходнюю Эўропу”. Ад 14 жніўня да 6 верасьня яно будзе прэзэнтаваць нямецкім гледачам шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў.

Андрэй Лянкевіч, чыя выстава сёньня адчыняе праект, лічыць: калі насуперак клясыкам прыгажосьць усё ж ня здолее выратаваць сьвет, то мастацтва дакладна дапаможа ўзаемаразуменьню людзей. Пагатоў паміж жыхарамі Эўропы. Выстава месьціцца ў трох залях сацыяльна-культурніцкага цэнтру “Risa”, аднаго зь нямецкіх арганізатараў імпрэзы, і ўмоўна падзяляецца на тэматычныя залі:

“У першай залі, умоўна кажучы, месьцяцца тыя фота, якія адлюстроўваюць нашую савецкую спадчыну. Тую рэальнасьць, у якой мы жывем, але часта не разумеем, што яна – савецкая. Гэта стэрэатыпы спадчынныя, але ў кантэксьце сучасным, сёньняшнім. Нашая аўра, наш выгляд у сьвеце – у якім мы хочам ці не хочам выглядаць, але выглядаем. Гэта партрэты з тэлевізіі прэзыдэнта, гэта паседжаньні БРСМ, гэта чалавек, які грае на гармоніку, едучы ў мэтро ў дзень адкрыцьця новай станцыі”.

Другая заля прысьвечаная аўтэнтыцы Беларусі – культуралягічнай плыні вёскі.

“Для мяне, шчыра кажучы, не існуе гарадзкой культуры ў Беларусі, – гаворыць Андрэй Лянкевіч. – Усё, што існуе сапраўднага, ня штучнага, гэта прыходзіць зь вёскі: нехта прыяжджае жыць у горад і прывозіць з сабой культуру. Таму тут вось прадстаўленая ў вобразах сапраўдная Беларусь – якая ёсьць, была і будзе будавацца на будучыню”.

Трэці пакой выставы прэзэнтуе вузкую тэматыку – кшталту “відавочнае-неймавернае”:

“Крыху іншы позірк на тое, што ёсьць. Каля дзесяці салдатаў, якія едуць на возе ўзімку. Малыя дзеці, якія іграюць з сапраўднымі аўтаматамі Калашнікава. Гэта здымкі андэграўнднага кіно – ёсьць такі пэрсанаж Кефір, які здымаў нешта ў тым ліку для “Навінак”. Тут фатаздымкі, дзе ў той ці іншай ступені прысутнічае абсурд – такія “нетыповыя” назіраньні за краінай”.

Мэта выставы, як кажа аўтар, апавесьці пра Беларусь тое, што ня трэба тлумачыць, але дастаткова пабачыць: вобразы даюць кожнаму гледачу прастору для высновы.

“Хто ведае, – паўжартам заўважыў Андрэй, – можа, зразумеўшы беларусаў лепш, немцы нават пытаньне візавых узаемадачыненьняў паміж нашымі краінамі разгледзяць інакш?”

Фотавыставай знаёмства зь Беларусьсю ня скончыцца. 27 жніўня ўсіх запросяць на чытаньні “Літаратура маладых – беларусы пра Беларусь”. Там будуць прадстаўленыя творы культуроляга Артура Клінава, а таксама журналістаў Надзеі Лажко, Хайке Забэль ды Інга Пэтца.

30 жніўня заплянаваны канцэрт пад сымбалічнай назвай “53! Дзень народзінаў для і без Аляксандра Лукашэнкі”. У часе канцэрту наведнікаў чакае дыскатэка і пастаноўка лялечнага тэатру “Гісторыя Лукі Шэнкі, які хацеў быць кракадзілам” у выкананьні нямецкіх актораў.

Таксама ў рамках праекту германскі дакумэнталіст Сэбаст’ян Гайнцэль прэзэнтуе свой фільм пра Беларусь “89 мм – жыцьцё ў апошняй дыктатуры Эўропы”. Дакумэнтальны твор прысьвечаны жыцьцю шасьці беларусаў, кожны зь якіх па-рознаму ўсьведамляе беларускую рэчаіснасьць і ўласную будучыню.


"У яго жаночае імя" – фотавыстава, 16.02.2007 У Празе адкрылася фотавыстава пра падзеі сакавіка-2006 у Беларусі, 19.03.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG