Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глябальная адукацыя: гонка навыперадкі


Валер Каліноўскі, Прага Тыднёвік "Newsweek" апублікаваў новы рэйтынг 500 найлепшых унівэрсытэтаў сьвету. Сытуацыю ў глябальнай сыстэме вышэйшай адукацыі часопіс называе “гонкай навыперадкі”.

З сотні найлепшых ВНУ сьвету 50 – амэрыканскія

Першую тройку рэйтынгу варта назваць цалкам. Гэта ўнівэрсытэты, якія здаўна лічацца самымі лепшымі: Гарвардзкі (ЗША), Кэмбрыджскі і Оксфардзкі (Вялікабрытанія). У першую сотню лепшых ВНУ сьвету трапіла каля 50 амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Такім чынам, ЗША па-ранейшаму застаюцца неаспрэчным лідэрам у галіне вышэйшай адукацыі.

Але цяпер у рэйтынг трапілі і прадстаўнікі краін, якія не былі заўважаныя ў падобных сьпісах, такіх як Малайзія, Новая Зэляндыя, – усяго 500 найлепшых ВНУ сьвету прадстаўляюць 50 краін. Беларусі ў гэтым сьпісе няма.

Азіяцкія ВНУ наступаюць на пяткі амэрыканскім і эўрапейскім

Рэйтынг паказаў вялікі рост укладаньняў у адукацыю ў краінах Азіі: Кітаі, Індыі, Японіі. Даўно прайшлі тыя часы, калі самыя лепшыя ўнівэрсытэты сьвету – Гарвард, Оксфард, Кэмбрыдж – маглі спачываць на лаўрах, чакаючы, што лепшыя студэнты сьвету прыедуць менавіта да іх.

Сытуацыя ў глябальнай адукацыйнай сыстэме зьмянілася. Урады ва ўсім сьвеце, а асабліва ў Кітаі і Індыі, уліваюць беспрэцэдэнтныя сумы на паляпшэньне сваіх ВНУ, запрашаюць высокааплатных прафэсараў, трацяць мільёны на вучобу сваёй моладзі за мяжой.

Барацьба за замежных студэнтаў абвастрылася

Лепшыя ВНУ сьвету змагаюцца за 2 з паловай мільёны замежных студэнтаў. Калі ў 2000-м годзе 25 адсоткаў гэтай лічбы прыпадала на ЗША, то ў 2004-м – толькі 20 адсоткаў. Злучаныя Штаты сваімі візавымі абмежаваньнямі пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году ў пэўнай меры страцілі сваю прывабнасьць краіны, у якой радыя бачыць замежных навучэнцаў. Цяпер сытуацыя выпраўляецца. За мінулы год замежныя студэнты прынесьлі ЗША каля 14 мільярдаў даляраў даходу.

Эўропа таксама імкнецца ня страціць свае пазыцыі ў гэтай гонцы, яна ўніфікуе сваю сыстэму адукацыі, актывізуе так званы “балёнскі працэс”, каб зрабіць свае ВНУ больш прывабнымі. Напрыклад, у ліпені ўрад Францыі вырашыў інвэставаць у сыстэму вышэйшай адукацыі да 2010 году 5 мільярдаў эўра.

У сьвеце пашыраецца англамоўная адукацыя

Аналягічныя працэсы адбываюцца ў Азіі. Кітай цяпер траціць паўпрацэнта свайго ВУП на вышэйшую адукацыю і зьбіраецца бліжэйшым часам давесьці гэтую лічбу да 4. У Кітаі, як і ва ўсім сьвеце, пашыраецца англамоўная адукацыя, што прываблівае замежных студэнтаў. Малайзія хоча павялічыць лік замежных студэнтаў да 100 тысяч.

Бэрд Базэр, кіраўнік Асацыяцыі акадэмічнага супрацоўніцтва, якая мае штаб-кватэру ў Брусэлі, перакананы, што рост вышэйшай адукацыі ў Азіі мае ня толькі колькасны, але і якасны характар. І калі эўрапейскія ВНУ не мадэрнізуюцца, яны цягам дзесяці гадоў аддадуць свае пазыцыі азіяцкім.

А дэкан Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту Кэтрын Стымпсан мяркуе, што трэба быць гатовымі, што з часам усё больш амэрыканскіх студэнтаў выбяруць для сябе ў якасьці месца вучобы Пэкін, у той час як у Бостане завадзіламі будуць кітайскія студэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG