Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 14 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Прывітаньне,

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра заплянаваны на 1 верасьня па ўсёй краіне страйк прадпрымальнікаў, якія пратэстуюць супраць татальных праверак і канфіскацыі тавараў. Камэнтары:

“Гэтая маса скочак ня можа анічога супрацьпаставіць Рыгоравічу. Бо кожны зь іх баіцца за тыя крошкі, што мае”;

“Прыйдуць халопы, вынесуць ім у сенцы па чарцы гарэлцы, і паабяцаюць, што цар разьбярэцца”;

“Кожны спосаб ці спроба барацьбы з А.Г.Л. у тысячу разоў лепшая за зьедлівыя заўвагі і ўсьмешкі. Не падабаецца спосаб – прапануйце іншы”.

На сайце Міністэрства адукацыі зьявілася старонка, дзе можна спампаваць новыя “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, прапанаваны для абмеркаваньня грамадзкасьці. Новыя правілы будуць разглядацца парлямэнтам дзеля наданьня зьменам у артаграфіі і пунктуацыі статусу закону. Некаторыя блогеры зьвяртаюць увагу, што на сайце спасылка для спампоўваньня была напісаная па-расейску з памылкамі – “можна скачать сдесь” (можна з канцавым а, сдесь – з пачатковым с). У электронных адрасох для водгукаў прозьвішчы трансьлітараваныя з расейскіх варыянтаў.

r_a_t__k_i_n_g публікуе сьпісы беларускіх музыкаў і пісьменьнікаў, якія вядуць блогі.

kanaj у сваім дзёньніку анансуе прэзэнтацыю кніжкі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу” – зборнік эсэ, напісаных палітыкам у часе адбываньня “хіміі” на лесапавале на поўначы Беларусі. kanaj жартуе: “Сур''ёзныя заяўкі на прэзыдэнцтва ў Паўла Севярынца, скажу я вам. Ён таксама, цэлыя два гады, «работаў з мужыкамі і жыў у дзярэўне», раз на тыдзень складаючы атчот для "Нашай Нівы": хто лес крадзе, хто "максімку" п''е, хто б...м займаецца, што пра ўсё гэта кажа Езус і як з такім раскладам зрабіць нацыянальнае абуджэньне. Жорсткая праўда жыцьця, як яна ёсьць. Падшыўка «атчоту» пераўтварылася ў кніжку з фотаздымкамі, да стварэньня якой прыклаўся і я. Нават калі вы не падзяляеце палітычных поглядаў Севярынца, азнаёміцца з рэаліямі, якія чакаюць вас па разьмеркаваньні ў аграгарадок, будзе цікава».

Камэнтар: «Калі ён будзе балятавацца, я прагаласую за яго. Але як толькі ён пераможа – пакую валізкі і бегма ў Аўстралію!»

limony ў сваім блогу дзеліцца ўражаньнямі ад перасячэньня беларуска-ўкраінскай мяжы:

“У мяне канфіскавалі 2 дыскі. На іх быў стрыптыз, які я ўлаштаваў на вясельлі майго сябра. Хацеў паказаць украінскім сябрам. Нават для гэтага DVD-плэер набыў, а тут такі аблом. Давядзецца зноўку пабегаць па Гомелю ды папісаць усякіх паперак на гэтых ...”.

Камэнтар: «Яны гэта ўбачаць, а мы не». :(
XS
SM
MD
LG